Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары: 5+5 — вось і ўвесь час


Пяць хвілінаў на тэлевізіі і столькі ж на радыё атрымаюць для перадвыбарчай агітацыі зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня.


Такое рашэньня сёньня зацьвердзіла Цэнтральная выбарчая камісія. Кандыдаты будуць выступаць з 3 па 19 верасьня толькі ў працоўныя дні.

Паслухаць і пабачыць кандыдатаў у дэпутаты, якія вылучаюцца па Менску, можна будзе праз тэлеканал “Лад” і радыёстанцыю “Сталіца”. Кандыдаты зь Менскай вобласьці атрымалі права выступаць па СТВ і “Сталіцы”. Прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты ў іншых рэгіёнах атрымаюць доступ да абласных электронных мэдыяў, — падсумоўвае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:

“Раённае радыё ў дадзенай выбарчай кампаніі не выкарыстоўваецца. Падчас выступу кандыдатаў у дэпутаты абавязкова будзе давацца застаўка, хто гэты чалавек. Таму гледачы, якія спозьняцца да пачатку выступленьня, змогуць пабачыць, хто выступае перад імі”.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Адам Варанец лічыць, што часу на агітацыю даецца вельмі мала:

“Магчыма, калі б у нас было дэмакратычнае грамадзтва, калі б мы раней мелі магчымасьці выступаць па тэлевізіі і радыё, друкаваць артыкулы ў газэтах, то, магчыма, гэтага б часу і хапіла — сказаць самае галоўнае.

А як можна за пяць хвілінаў сказаць, так бы мовіць, усё і адразу? Гэта немагчыма. Тым больш што нехта пачуе, а нехта не пачуе. Гэта, я лічу, вельмі мала і неэфэктыўна”.

На сёньняшнім паседжаньні ЦВК прысутнічалі назіральнікі зь місіяў СНД і БДІПЧ АБСЭ. Гэта дало падставу запытацца ў спадарыні Ярмошынай пра тое, ці далучылася ўжо Беларусь да Канвэнцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў у рамках СНД. Вядома, што гэты дакумэнт ужо падпісалі кіраўнікі чатырох краінаў.

Старшыня ЦВК Беларусі адказала:

“Я магу сказаць, што Рэспубліка Беларусь заявіла аб сваім далучэньні да дадзенай канвэнцыі і пачала працэдуру ратыфікацыі. На дадзены момант яна яшчэ не ратыфікаваная”.

Лідзія Ярмошына выказала думку, што першыя кандыдаты ў дэпутаты будуць зарэгістраваныя не раней за 26 жніўня. На наступным тыдні працэс рэгістрацыі скончыцца:

“Таму я думаю, што наступны тыдзень у нас будзе рэгістрацыйны. А тыдзень пасьля яго — апэляцыйны”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG