Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Д.Мэркель праводзіць сустрэчы ў Цэнтрвыбаркаме і адміністрацыі прэзыдэнта. Раней ён сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.ТЭМА ДНЯ.

Візыт Мэркеля: галоўны тэст – выбары

Сёньня памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель, які знаходзіцца з рабочым візытам у Менску, сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Пасьля гэтага ён накіраваўся ў Цэнтравыбаркам і адміністрацыю прэзыдэнта. Візыт стаў адказам на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.

ЗША бачаць пэрспэктыву лепшых дачыненьняў зь Беларусьсю

Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага Дзярждэпартамэнту сказаў журналістам, што ня ведае, ці сустрэнецца Мэркель з Лукашэнкам, аднак адзначыў, што беларускае кіраўніцтва сёлета ўжо зрабіла некалькі пазытыўных сыгналаў Захаду, пачынаючы ад энэргетычных спрэчак з Расеяй на пачатку году.

Дыпляматычная вайна паміж Менскам і Вашынгтонам


ХРОНІКА ДЫПЛЯМАТЫЧНАЙ ВАЙНЫ: 7 сакавіка Афіцыйны Менск заявіў аб адкліканьні свайго амбасадара з Вашынгтону і запрапанаваў амбасадару ЗША пакінуць Беларусь.


ЗША віталі вызваленьне з-за кратаў палітзьняволеных Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.

“Мы спадзяёмся, што Беларусь павернецца тварам на Захад”, сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Вуд. Ён дадаў, што яму “цяжка сказаць, што насамрэч думаюць” у Менску, аднак у Вашынгтоне “вельмі пазытыўна ацэньваюць вызваленьне вязьняў”.

Справа Тацяны Казыры

Раней Беларусь спыніла праграмы аздараўленьня дзяцей у ЗША. “Мы прыпыняем праграмы аздараўленьня дзяцей на тэрыторыі ЗША ў сувязі з сытуацыяй вакол непаўналетняй грамадзянкі Беларусі Тацяны Казыры, якая не вярнулася ў Беларусь”, – заявіў чыноўнік. 16-гадовая жыхарка Барысава Тацяна Казыра адмовілася вяртацца ў Беларусь пасьля таго, як прайшла аздараўленьне ў горадзе Пэталума, штат Каліфорнія.

Справа Эмануіла Зэльцэра

Грамадзяніну ЗША Эмануілу Зэльцэру прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя прызнаў яго вінаватым у зборы зьвестак камэрцыйнага характару і выкарыстаньні падробных дакумэнтаў. Абвінавачаньне ў перамяшчэньні Э.Зэльцэрам праз мытную мяжу Беларусі наркатычных і псыхатропных рэчываў не было даказанае.

Грамадзянка Расеі Ўладлена Брускова за збор камэрцыйнай інфармацыі і выкарыстаньне падробных дакумэнтаў асуджаная да 1 году пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Вуд заявіў, што ў Вашынгтоне занепакоеныя лёсам грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра.

Скарачэньне пэрсаналу амбасады ЗША

У сакавіку МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць пэрсанал пасольства ЗША да 17 чалавек.

У траўні на патрабаваньне МЗС штат амэрыканскай амбасады быў скарочаны да 4 чалавек.

Ціск беларускіх уладаў на амэрыканскую амбасаду пачаўся ў сакавіку 2008 году, калі ў адказ на эканамічныя санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” беларускія ўлады запатрабавалі ад’езду амбасадаркі Карэн Ст’юарт. Цяпер дыпляматычную місію ачольвае Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

«Мы асуджаем прымусовыя захады, прынятыя супраць дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі», - сказана ў супольнай заяве Эўразьвязу і ЗША. Яны таксама заклікалі ўлады Беларусі «безумоўна і неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, мяркуецца, што падчас візыту Дэйвіда Мэркеля будуць разгледжаныя ўсе варыянты двухбаковых дачыненьняў, уключна зь вяртаньнем амэрыканскага амбасадара ў Менск.

Чыноўнікі будуць неўязнымі яшчэ год

6 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш працягнуў яшчэ на год санкцыі ЗША супраць 10 асобаў у кіраўніцтве Беларусі.

У паведамленьні прэсавай службы Белага дому гаворыцца, што санкцыі былі ўведзеныя ў дачыненьні да асобаў, якія “падрываюць дэмакратычныя працэсы ці інстытуты, парушаюць правы чалавека [...] і зьяўляюцца ўцягнутымі ў дзяржаўную карупцыю”.

Да ўказу прыкладаецца сьпіс прозьвішчаў гэтых дзесяці асобаў. Гэта прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктаў Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка, міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Санкцыі супраць 10 беларускіх чыноўнікаў былі ўведзеныя ў чэрвені 2006 году і ўключаюць “блякаваньне ўласнасьці” гэтых асобаў, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі ЗША, а таксама забарону амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам заключаць зь імі дамовы.

Ледзь на закрылі амбасаду

1 траўня агенцтва "Асашыэйтэд прэс" паведаміла, што Злучаныя Штаты мелі намер зачыніць сваю амбасаду ў Менску і патрабаваць зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку, але ў апошнюю хвіліну адмовіліся ад гэтага.

Санкцыі супраць “Белнафтахіму”

15 траўня Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла пра эканамічныя санкцыі адносна трох беларускіх кампаніяў, зьвязаных з канцэрнам “Белнафтахім”, санкцыі да якога былі ўведзеныя ў мінулым годзе. Санкцыі распаўсюджваюцца на ААТ “Лакафарба”, ААТ “Полацак-шкловалакно” і Беларускага нафтавага гандлёвага дому. Актывы гэтых прадпрыемстваў, калі яны будуць знойдзеныя ў ЗША, будуць замарожаныя, амэрыканскім грамадзянам забаронена мець бізнэсовыя дачыненьні з гэтымі прадпрыемствамі.

Міністэрства фінансаў ЗША зь сярэдзіны лістапада 2007 году забараніла амэрыканскім асобам і фірмам мець дачыненьні з прадстаўніцтвамі кампаніі “Белнафтахім” у Эўропе, Расеі і Кітаі, а таксама з кампаніяй “Belneftekhim USA”, якая знаходзіцца ў ЗША.

Да публікацыі 6 сакавіка на сайце Міністэрства фінансаў ЗША тлумачэньня санкцыі закраналі толькі прадстаўніцтвы “Белнафтахіму” і яго даччыныя прадпрыемствы. З сакавіка сфэра дзеяньня амэрыканскіх санкцыяў фактычна была распаўсюджаная на ўсе беларускія прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ня меншай за 50%.

“Грамадзяне ЗША, якія падтрымліваюць ці наладжваюць адносіны з суб'ектамі гаспадараньня, у якіх “Белнафтахім” валодае наўпрост ці ўскосна доляй з 50% і большай, павінны ўлічваць, што маёмасьць такіх суб'ектаў гаспадараньня і інтарэсы ў іх будуць блякавацца”, – гаворыцца ў тлумачэньні Міністэрства фінансаў ад 6 сакавіка 2008 году.

Сваімі санкцыямі Злучаныя Штаты дамагаліся вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. У ходзе эскаляцыі канфлікту МЗС Беларусі запатрабаваў, каб ЗША скарацілі штат сваёй амбасады ўдвая, а пазьней — каб у Менску засталося ўсяго 6 амэрыканскіх дыпляматаў. ЗША назвалі гэты ціск беспадстаўным і неабгрунтаваным і выступілі з пагрозамі зрабіць у адказ адпаведныя захады. У тым ліку — пашырыць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG