Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Добры вечар! Лета, лета, лета… Сьвята адпачынкаў працягваецца. І ёсьць апошнія два тыдні на цёмныя акуляры, жьнівеньскую сьпякоту і бязглуздае летняе кіно.

У гэтым сэзоне бадзёрых блёкбастараў было аж зашмат. Але далёка ня кожны зь іх варты нашае увагі.

Таму традыцыйна пачнем з пазытыву – «Хэлбой ІІ». Ёсьць дзіўныя аўтары – з выдатным камэрцыйным патэнцыялам і бездакорным густам. Сярод іх варта вылучыць нашага старога знаёмага Гільерма дэль Тора. Пасьля «Лябірынту фаўна» ён вяртаецца да брутальнага кінакоміксу – і, натуральна, да чырвонаскурага Хэлбою. Гэты хлопец зь пекла – той яшчэ кадр!

Дэль Тора здолеў зрабіць працяг хэллбоеўскай сагі лепшым за пачатак. То бок другая стужка цыклю выглядае значна больш вынаходлівай і, як ні дзіўна, лягічнай. Абаяльныя мутанты зь бюро паранармальных дасьледваньняў змагаюцца з шалёнымі тролямі, кахаюцца і ратуюць котак ад звышнатуральных істотаў. Атрымалася нешта сярэдняе паміж «X-files» і «Шрэкам» – весела, яскрава, прыгожа і зь неверагоднымі спэцэфэктамі. Той самы выпадак, калі дасьведчаныя кінаманы і простыя гледачы зьліваюцца ў адзіным крыку: «Брава, аўтар! Давай яшчэ!»

Што да адмоўных уражаньняў, то сюды трапіла новая праца нашага суайчыньніка Андрэя Кудзіненкі. Аўтар забароненай у Беларусі стужкі «Акупацыя. Містэрыі» ў пошуках працы трапіў да расейскага прадусара Паўла Лунгіна. У выніку паўстала кіно на замову – сучасны рымэйк старой савецкай стужкі «Розыгрыш».

Фільм няроўны і спрэчны. Шмат сцэнарных хібаў, маладыя акторы ня ведаюць, што рабіць у кадры, гратэск напалам з глямурнай мэлядрамай. Кудзіненка і Лунгін рабілі кожны сваё кіно. У выніку паўстаў дзіўны кампрамісны прадукт – новае старое, расейска-беларускае, камэрцыйна-аўтарскае кіно няўцямнага паходжаньня і накірунку.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Як і усё ў сеньняшнім сьпісе – абсалютна несур’ёзны. «Мумія III. Склеп імпэратара драконаў». Ясна, што першая частка была найлепшай. Але і тут ёсьць на што паглядзець пад колу з чыпсамі.

Ясная справа: гэта ўсё жвавы мікс з танных коміксаў і старога кіно. Героі-авантурысты – проста клоны Індыяны Джонса, а злосная мумія кітайскага імпэратара выклікае хутчэй сьмех, чым жах. Так, гэта цырк. Але зьняты дынамічна і вельмі прафэсійна. Урэшце, новы “Індыяна Джонс” таксама не блішчэў інтэлектам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG