Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сурыкаў: “Спачатку - цана на газ, крэдыт - пасьля”


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сёньня заявіў, што магчымае паляпшэньне дачыненьняў Беларусі з Эўропай і ЗША не зашкодзіць і расейска-беларускім адносінам.

Амбасадар таксама спадзяецца, што ў каўкаскім канфлікце Беларусь будзе прытрымлівацца прыкладна той жа пазыцыі, што і Расея. Дыплямат паведаміў, што пытаньні пра расейскі крэдыт і кошты газу для Беларусі пераносяцца на восень.

Амбасадар Сурыкаў лічыць: калі афіцыйны Менск палепшыць свае дачыненьні з Брусэлем і Вашынгтонам, дык гэта не зашкодзіць Маскве:

“Я далёкі ад думкі, што гэта адаб’ецца на пэрспэктывах расейска-беларускіх дачыненьняў. Гэта першае з 12 патрабаваньняў, якія прад’яўляюцца Беларусі эўрапейцамі. Менавіта вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Праўда, гэта не манціруецца ў беларускае заканадаўства. У ім палітвязьні адсутнічаюць наагул. Але паколькі такое патрабаваньне прысутнічае, дык Беларусь вырашыла памілаваць гэтых людзей, не здымаючы судзімасьці.

Гэта — першы крок у выкананьні 12 патрабаваньняў. І вось гэта манціруецца ў палітыку Андрэа Рыгоні, які ўсіх запэўнівае ў неабходнасьці дыялёгу зь беларускім бокам. Трэба здымаць гандлёвыя абмежаваньні, якія яўна і няяўна прысутнічаюць. Гэта адпавядае і інтарэсам Расеі”.

Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў лічыць: вызваленьне палітвязьняў — адназначны крок насустрач Захаду:

“Для Расеі, я думаю, гэта пэўны выклік, паколькі яе тычыцца, што ў Беларусі можа зьявіцца альтэрнатыва. Калі ня будзе атрымлівацца з газавымі пагадненьнямі, дык у Беларусі ёсьць магчымасьць пашыраць дачыненьні з Захадам. А гэта, натуральна, не на карысьць беларуска-расейскім дачыненьням. Асабліва ў ваенна-стратэгічным пляне. Таму я думаю, што тут Сурыкаў крыху пакрывіў душой, калі сказаў, што Расея ў гэтым таксама зацікаўленая”.

Журналістаў вельмі цікавілі цэны для Беларусі на расейскі газ і выдзяленьне ёй расейскага крэдыту. Амбасадар Сурыкаў заявіў, што гэтыя праблемы перанесеныя на восень. І патлумачыў, чаму:

“Таму што ў формуле цэнаў на газ прысутнічае дадатковы разьлік, зьвязаны з падвышэньнем альбо зьмяншэньнем цэнаў нафты. Гэта вялікія грошы. Верасень-кастрычнік — гэта самы лепшы час для рашэньня цэнаў на газ.

З гэтым жа зьвязана і адтэрміноўка рашэньня аб крэдыце для Беларусі. Плацёжны балянс Беларусі ў значнай ступені залежыць ад таваразвароту паміж нашымі краінамі. Большая частка дэфіцыту — у Беларусі.

Таму спачатку вырашаецца цана на газ. Пасьля разглядаецца магчымасьць крэдыту. Расейскі бок гатовы падтрымаць Беларусь. Трэба вырашыць толькі, у якім аб’ёме і ў які тэрмін, каб утрымаць у нармальным стане плацёжны балянс краіны. Каб не абрынуць валюту краіны”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць цяперашняе становішча вельмі сур’ёзным:

“Калі ў нас будзе дэфіцыт плацёжнага балянсу дзесьці 7% ВУП (і гэта другі год запар), то без крэдытаў пад сумнеў ставіцца валютная палітыка, якую праводзіць наша ўлада. Таму бяз двух расейскіх мільярдаў будзе вельмі цяжка закрыць гэтую дзірку. Больш за тое, нават калі ён будзе, я мяркую, што ў 2010 годзе беларускі рубель без дэвальвацыі не абыдзецца”.
XS
SM
MD
LG