Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тапаланэк: 2008 год у Грузіі горшы, чым 1968 у Чэхаславаччыне


Прэм’ер-міністар Чэскай Рэспублікі Мірэк Тапаланэк кажа, што існуюць некаторыя паралелі паміж акупацыяй Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 г. і нядаўнім уварваньнем расейскіх войскаў у Грузію.

У інтэрвію, якое кіраўнік чэскага ўраду даў Аксане Пэлэнскай з Украінскай службы Радыё Свабода, Тапаланэк сказаў, што як цяпер Расеі, так 40 гадоў таму Савецкаму Саюзу і яго саюзьнікам з Варшаўскай дамовы ішлося пра здушэньне памкненьняў народу да зьмены свайго палітычнага лёсу:

„[У 1968 годзе] гэта быў савецкі імпэрыялізм, які баяўся, што Чэхаславаччына пасьля вольных выбараў можа пакінуць Варшаўскую дамову і пайсьці дарогай свабоды і дэмакратыі, а таму тая імпэрыя разам з сваімі сябрамі ды іхнымі арміямі аказала нам гэтак званую „братнюю інтэрнацыянальную дапамогу”. Нам цяпер здавалася, што Расейская Фэдэрацыя ня мае нічога супольнага з Савецкім Саюзам. Тым ня менш, гэтая нэаімпэрыялістычная палітыка, гэтая туга Расеі, каб зноў стацца сусьветнай звышдзяржавай, — вельмі моцная. І ў гэтым ёсьць падабенства”.

Тапаланэк кажа, што мэта сёньняшняй Расеі — не дазволіць Грузіі вырвацца з-пад расейскага палітычнага і эканамічнага ўплыву ды ўступіць у НАТО — гэта яшчэ адзін пункт падабенства паміж інтэрвэнцыямі ў 1968 і 2008 гг. Як тады, так і цяпер, на кон былі пастаўленыя геапалітычныя і стратэгічныя пытаньні, лічыць чэскі прэм’ер-міністар.

Паводле Тапаланка, самая істотная розьніца паміж Чэхаславаччынай 1968 г. і Грузіяй 2008 г. — у палітычных абставінах вайсковага ўмяшаньня. Чэхаславаччына існавала ў таталітарнай сыстэме і „праская вясна” была ўсяго памкненьнем да палітычнага „пацяпленьня”, да „дэмакратызацыі”. А сёньня, мяркуе Тапаланэк, мы маем дачыненьне з агрэсіяй супроць поўнасьцю дэмакратычнай дзяржавы, якая мае дэмакратычны ўрад і імкнецца заняць належнае месца ў сусьветнай дэмакратычнай супольнасьці. „У гэтым сэнсе, сёньняшняя сытуацыя нашмат горшая”, — кажа прэм’ер-міністар Чэскай рэспублікі.

XS
SM
MD
LG