Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

40 гадоў таму была здушаная “Праская вясна” <img src="/img/icon-video.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


У ноч з 20 на 21 жніўня 1968 году войскі краінаў Варшаўскай дамовы на чале з СССР увайшлі ў Чэхаславаччыну.

“Учора, 20 жніўня 68-га году, а 23-й гадзіне сілы Савецкага Саюзу, Польскай Народнай Рэспублікі, Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, Вугорскай Народнай Рэспублікі і Баўгарскай Народнай Рэспублікі перайшлі мяжу Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Гэта адбылося бязь ведама прэзыдэнта Чэхаславаччыны, старшыні Нацыянальнай Асамблеі, прэм’ера, першага сакратара ЦК кампартыі ды іншых афіцыйных органаў”.


Такое паведамленьне прагучэла 21 жніўня ў 2 гадзіны раніцы па чэхаславацкім дзяржаўным радыё. У чэхаў і славакаў гэтая падзея да сёньняшняга дня выклікае гарачыя эмоцыі. Многія памятаюць драматычныя падзеі саракагадовай даўніны, многія былі іх непасрэднымі сьведкамі і ўдзельнікамі, і для многіх гэтая дата стала пераломнай у жыцьці.


Пачатак канца “праскай вясны”.
20-21 жніўня 1968 году прыблізна 250 тысяч салдат зь пяці краін сацыялістычнага лягеру ўварваліся на тэрыторыю Чэхаславаччыны, каб здушыць тое, што яны назвалі « контррэвалюцыяй». У ваеннай апэрацыі і затым акупацыі Чэхаславаччыны агулам былі задзейнічаныя 750 тысяч вайскоўцаў, 6300 танкаў і бронетраспарцёраў а таксама 800 самалётаў. Так званыя «саюзьніцкія» сілы захапілі ўсе стратэгічна важныя аб'екты, уключна з тэле-радыёстанцыямі. Партыйнае кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Дубчакам было арыштаванае і вывезенае ў Маскву.
Чэхаславацкая армія і міліцыя не аказвалі ніякага супраціву: ім было загадана заставацца ў казармах. Затое цывільныя грамадзяне супраціўляліся агрэсіі ўсемагчымымі спосабамі: закідвалі танкі камянямі і кактэйлямі Молатава, бывалі выпадкі, што людзі клаліся ўпоперак дарогі, каб спыніць танкі. Здараліся спарадычныя перастрэлкі. Людзі перастаўлялі дарожныя знакі, каб накіраваць прыежджых у іншым накірунку. Агулам у выніку розных інцыдэнтаў, паводле розных ацэнак, загінулі ад 77 да 200 чалавек.
Аднак, насуперак прапагандзе, прыежджыя сілы ня ўбачылі ніякай «контррэвалюцыі», ніякіх ваенізаваных фармаваньняў. Яны ўбачылі звычайных, усхваляваных, але спакойных людзей, якія хадзілі паміж танкамі, уступалі ў спрэчкі з салдатамі кшталту: «Чаго вы сюды прыехалі? Калі б вам казалі праўду, ня трэба было б прыяжджаць», «Іваны, вяртайцеся дамоў», а салдаты як правіла адказвалі: «Я ўсяго толькі выконваю загад». Пасьля некалькіх месяцаў асноўныя акупацыйныя сілы пакінулі краіну, але савецкія войскі, у адпаведнасьці з дамовай, заставаліся ў Чэхаславаччыне яшчэ цягам больш як 30 гадоў.

Дэбаты з савецкімі салдатамі на вуліцах Астравы і Браціславы:

Спроба рэфармаваць нерэфрамавальнае
Чэхі і славакі мелі ў 68-м годзе сваю “перабудову”. Гэта быў кароткі пэрыяд адлігі, памяркоўная спроба лібэралізацыі ці зьмякчэньня камуністычнай сыстэмы, аднак бяз поўнага разрыву зь ёю, затое з шэрагам дэмакратычных патрабаваньняў. Пасьля таго, як 4 студзеня 68-га году першым сакратаром чэхаславацкай кампартыі стаў Аляксандар Дубчак, ён абвясьціў рэформы, якія атрымалі назоў «сацыялізму з чалавечым тварам», «палітыкі адкрытых дзьвярэй», а пасьля назоў «праская вясна».
У красавіку 68-га году партыйныя рэфарматары апублікавалі дакумэнт пад назвай: «Чэхаславацкі шлях да сацыялізму». Гэта была сумесь сацыялізму і рынкавай эканомікі. У ім абвяшчаўся разрыў са спадчынай сталінізму, аднаўленьне асноўных дэмакратычных свабодаў, увядзеньне шматпартыйнай сыстэмы, свабодныя выбары і скасаваньне цэнзуры. Не аспрэчвалася, аднак, «сяброўства» з Савецкім Саюзам і прыналежнасьць да Варшаўскага Пакту.
Аднак свабода слова прывяла да крытычных дэбатаў пра ролю кампартыі і аспрэчваньня самой легітымнасьці яе кіраваньня. Менавіта антыкамуністычны характар «праскай вясны» сьпярша насьцярожваў, потым нэрваваў і, нарэшце, раззлаваў астатнія краіны сацлягеру. Пасьля многіх папрокаў на адрас чэхаславацкага кіраўніцтва, нарадаў, кансультацыяў і дэманстратыўных манэўраў пад назвай «Шумава», на нарадзе 15-17 жніўня ў Маскве і было прынятае сакрэтнае рашэньне аб сілавым сарваньні гэтага небясьпечнага экспэрымэнту. Суседзі палічылі, што сацыялізм ў Чэхаславаччыне апынуўся пад пагрозай і што трэба яго ратаваць, трэба аказаць «братэрскую дапамогу». Пазьней гэтая « дапамога» атрымала назоў «дактрыны Брэжнева», якая палягала ў тым, што ня толькі можна але і трэба абараняць адзінства сацыялісытчнага лягеру і ўмешвацца, калі сацялізм у нейкай краіне апынецца пад пагрозай.
Грузія 2008 і Чэхаславаччына 1968
У гэтыя дні многія палітыкі і камэнтатары праводзяць паралелі паміж сытуацыяй у цяперашняй Грузіі і Чэхаславаччыне сорак гадоў таму. Тыя ж танкі і тая ж рыторыка аб дапамозе і абароне. Ці сапраўды можна казаць пра падабенства гэтых двух канфліктаў?
Напэўна, у чэхаў і славакаў кадры з танкамі ў Грузіі выклікаюць асаблівыя асацыяцыі зь іхнай сытуацыяй 40 гадоў таму. Чужыя войскі ўвайшлі на тэрыторыю сувэрэннай і пры тым « братняй» краіны, нібыта абараняючы некага ці нешта. Аднак на падзеі ў Чэхаславаччыне і цяпер у Грузіі цалкам інакш адрэагавала міжнародная супольнасьць. Вось, што сказаў пра гэта журналіст чэскага радыё Ян Бэднаж:
« Вялікая розьніца, якой нельга не прыкмеціць, палягае ў тым, што Злучаныя Штаты і Эўразьвяз ўмяшаліся ў грузінска-расейскі канфлікт. У 68-м не было такой рэакцыі ў выпадку Чэхаславаччыны. Вашынгтон і яго ўсе заходнія саюзьнікі зьмірыліся з тым, што адбылося. Яны пагадзіліся з думкай, што Чэхаславаччына належыць да савецкай сфэры уплываў».
Інакш кажучы, Захад не зрабіў нічога, каб дапамагчы чэхам і славакам, і тыя засталіся нам насам з агрэсарамі. Вывезенае ў Маскву чэскае кіраўніцтва было вымушанае падпісаць ганебны акт капітуляцыі, так званы «Маскоўскі пратакол», у якім чэскія кіраўнікі прызнавалі свае памылкі, адмаўляліся ад рэформаў і пацьвярджалі легітымнасьць ваеннага умяшаньня суседніх краінаў. (Адзіным, хто не падпісаў Пратакол быў сябра ЦК кампартыі Францішак Крыгэр) Паводле Крамля, падпісаньне дакумэнту павінна было скампрамэтаваць Аляксандра Дубчака і іншых рэфарматараў ў вачох грамадзтва. Масква разумела, што «праская вясна» карысталася ўсенароднай падтрымкай, і будзе вельмі цяжка зьмяніць настроі ў грамадзтве.
Дарэчы, не зважаючы на прысутнасьць акупацыйных войскаў, усё яшчэ адчуваўся подых свабоды. Цэнзура пакуль не была адноўленая ў поўным аб'ёме. Людзі адносна свабодна пісалі і гаварылі, актыўныя былі прафсаюзы і розныя грамадзка-палітычныя арганізацыі.
Разумеючы, што сьвядомасьці ня зьменіш грубай сілай, Масква пайшла на вельмі каварны крок. Яна пакінула галоўнага ініцыятара і сымбаль «праскай вясны» Дубчака на пасадзе першага сакратара кампаратыі, спадзеючыся, што людзі самі з пагардай адвернуцца ад яго, і ён сапраўды прабыў на ёй да красавіка 69-га году. Зьмяшчэньне з пасады адбылося ў выніку бурных хваляваньняў, выкліканых перамогай чэхаславацкіх гакэістаў над савецкімі. Толькі пасьля гэтага зьмянілася кіраўніцтва краіны, першым сакратаром кампартыі стаў Густаў Гусак, і пачаўся так званы працэс «нармалізацыі», гэта значыць – вяртаньня да старога.
Час выпрабаваньня
Некаторыя чэскія гісторыкі і аналітыкі папракаюць сваіх суайчыньнікаў, што тыя адносна лёгка адмовіліся ад ідэалаў. Не падлягае сумневу, што на вонкі тады, у 68-м годзе, грубая сіла яўна перамагла. Людзі зразумелі, што рэфарматары прайгралі, і што вырвацца краіне з абдымкаў сяброў з сацлягеру не атрымаецца. Многія апынуліся перад драматычным выбарам: што рабіць? Як далей жыць? Заставацца ці зьяжджаць за мяжу? Больш як 200 тысяч чалавек падаліся ў эміграцыю, аднак асноўная частка насельніцтва вырашыла заставацца і жыць у новай сытуацыі, ва умовах, якія часта называюць “унутранай эміграцыяй”, з маўклівым непрыманьнем навязанага ім парадку. З прагматычных меркаваньняў, дзеля хлеба надзённага, адноснага спакою і адноснага дабрабыту многія чэхі і славакі спынілі сваю палітычную актыўнасьць. Вось што распавяла пра сытуацыю пасьля здушэньня «праскай вясны» Івана Далежалава, якой ў 68-м годзе было 19 гадоў .
“Кожнаму грамадзяніну было пастаўленае дзіўнае пытаньне: “Ці вы згодны або нязгодны з братэрскай дапамогай з боку Савецкага Саюзу і краін Варшаўскага пакту? Людзі пераважна адказвалі, што сьпярша былі супраць, але перадумалі сваю пазыцыю і цяпер пагаджаюцца з гэтай “дапамогай”. Дзякуючы гэтаму яны захавалі сваю працу, а іхныя дзеці маглі вучыцца ў ВНУ. Некаторыя былі выкінутыя з партыі альбо самі выступілі зь яе шэрагаў. Калі вы самі здалі партыйны білет, у вас яшчэ заставаўся шанец прымірыцца з партыяй, але калі вы былі выкінутыя зь яе шэрагаў, гэта быў поўны крах. Мае абое бацькі былі выкінутыя з кампартыі”
Сама Далежалава, хаця і мела ўнівэрсытэцкую адукацыю – не атрымала працы па сваёй спэцыяльнасьці і працавала прыбіральшчыцай. Выкінуты з партыі Аляксандар Дубчак пачаў працаваць лясным работнікам.
Аднак чэхі і славакі не забылі пра ідэалы “праскай вясны”. Цягам наступных 20-ці гадоў існавала і дзейнічала палітычная пазыцыя, а тыя абуджаныя некалі прадэмакратычныя настроі ў грамадзтве прывялі нарэшце да аксамітнай рэвалюцыі, якая завяршыла на поўніцу “праскую вясну”.

Як сёньня ў Празе прыгадвалі 40-я ўгодкі ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы? Відэа: фотавыстава тагачасных фатаздымкаў і дакумэнтаў, удзельнікі гістарычнай рэканструкцыі, спрэчкі са зборшчыкамі подпісаў супраць усталяваньня амэрыканскага радару ў Чэхіі.

XS
SM
MD
LG