Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кім: “Мяне вызвалілі за 7 хвілін” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Пасьля сямі месяцаў турмы вярнуўся дамоў Андрэй Кім, якога пакаралі на 1,5 года зьняволеньня за дзеяньні падчас мітынгу прадпрымальнікаў.

У інтэрвію “Свабодзе” Андрэй Кім сказаў, што ягоны праступак “цягнуў” максымум на адміністрацыйны арышт у 10-15 дзён – за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Што да віны ў гвалце супроць міліцыянта, Андрэй Кім яе не прызнаў на судзе і не прызнае дагэтуль.

Кім: “Як асудзілі беспадстаўна, гэтак і вызвалілі. Выклікалі раніцай, пасьля начнога дзяжурства, паведамілі пра ўказ аб памілаваньні і далі даведку пра вызваленьне. На зборы далі некалькі хвілін і ў выніку уся працэдура вызваленьня закончылася за 7 хвілін. Пасьпеў забраць толькі кнігі – важаць 50 кіляграм, таму пакінуў на вакзале”.

Карэспандэнт: “Спадзяваліся на датэрміновае вызваленьне?”

Кім: “Спачатку спадзяваўся, а потым пачаліся правакацыі, і ўжо не выключаў, што мне, як кажуць на зоне, “дакруцяць” гадоў 7-8. Апошнім часам ў мяне былі начныя дзяжурствы – рабілі ўсё, каб я меней кантактаваў зь людзьмі. Не было часу і думаць пра вызваленьне”.

Карэспандэнт: “А ці вы даведаліся ў турме, што раней вызвалілі Казуліна?”

Кім: “Так, сказалі вязьні, але яны часта даюць недакладныя зьвесткі, і веры не было. Толькі калі пабачыў сюжэт па НТВ, паверыў. Але і тады засталася думка, што могуць вызваліць толькі яго”.

Карэспандэнт: “Што вы скажаце пра беларускія турмы? Якія там умовы?”

Кім: “Умовы нармалёвыя. Ва ўсякім разе ў мяне так было. Але што мяне сапраўды ўразіла – гэта колькасьць людзей, якія там сядзяць безь віны. Гэта ня меньш за 70%. Я знаёміўся зь іх гісторыямі, чытаў справы, дакумэнты – жах. Затое зараз я ведаю, што там ёсьць людзі, якім патрэбная дапамога. Да турмы я думаў, што гэта я адзін такі без віны асуджаны, а такіх вельмі шмат. Гэтак сядзяць дырэктары завоодаў, музыкі, лекары, прадпрымальнікі...Чаму так? Яшчэ з савецкіх часоў у нас засталося, што ўся сыстэма мусіць засноўвацца на гвалце. Пакуль нам не ўдаецца гэта зьмяніць, але спадзяюся, з дапамогай Бога зьменім. У мяне ёсьць мара, каб ўсё ў нашай краіне належала Ісусу Хрысту. Спадзяюся, гэтак будзе”.

Карэспандэнт: “У вас ёсьць пляны на будучыню?”

Кім: “Я пазваніў сваёй нявесьце, яе няма ў Менску. Пазваніў лепшаму сябру – яго таксама няма ў горадзе. Таму – спаць, спаць і яшчэ раз спаць. Вось сустрэнуся з мамай і адпачну. А потым вярнуся да актыўнага жыцьця”.








XS
SM
MD
LG