Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвотных стаць дэпутатамі значна паменела


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

Сама меней у шасьці акругах выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў пройдуць без альтэрнатывы. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

Паводле ягоных дадзеных, у гэтых акругах на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты здалі дакумэнты толькі па адным чалавеку.

Згаданыя шэсьць акругаў ахопліваюць тэрыторыю Івацэвічаў, Пінску, Наваполацку, Ваўкавыску, Наваградку і Маладэчна. Можа атрымацца нават і так, што выбары там наагул не адбудуцца. Для гэтага акруговым камісіям дастаткова не зарэгістраваць гэтых кандыдатаў.

Ахвотных стаць дэпутатамі параўнальна з папярэднімі парлямэнцкімі выбарамі значна паменела. У 2004 годзе іх было 692, сёлета - толькі 365.

Я спытаўся ў спадара Лазавіка, чаму, на ягоную думку, выбары ў Палату прадстаўнікоў так рэзка страчваюць цікавасьць. Сакратар ЦВК лічыць, што найперш гэта віна палітычных партыяў:

“Актыўнасьць палітычных партыяў чамусьці значна зьменшылася. У некаторых этапах выбарчай кампаніі ўдзельнічалі меней за палову з 15 зарэгістраваных партыяў.

Назіраючы за іх дзейнасьцю, я прыходжу да высновы, што яны цяпер пераважна займаюцца ўнутранымі разборкамі, праблемамі лідэрства ўнутры партыяў. Мы бачылі гэта і ў Партыі БНФ, і ў сацыял-дэмакратаў Казуліна-Ляўковіча. І таму, мабыць, не застаецца сілаў, каб займацца сацыяльна-эканамічнымі праблемамі, якія, напэўна, павінны быць у аснове палітыкі”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка нагадвае, што партыя вылучала сваіх кандыдатаў у рамках агульнага сьпісу АДС:

“Мы маглі вылучыць іх значна болей праз збор подпісаў. Таксама мы маглі вылучыць нашых кандыдатаў праз партыйныя зьезды. Але так мы маглі вылучаць толькі на тыя акругі, дзе існуюць афіцыйна зарэгістраваныя партыйныя структуры. А яны ўсе былі панішчаныя апошнімі рашэньнямі міністэрства юстыцыі. Мы страцілі да 80% нізавых партыйных структураў.

Таму, я думаю, уладам трэба глядзець у люстэрка, а не вінаваціць партыі. Раптам ім партыі спатрэбіліся як носьбіты палітычнага актывізму. У нармальнай дзяржаве палітычныя партыі - сапраўды апора палітычнага працэсу. Чаго нельга сказаць пра нашу дзяржаву”.

Сёньня раніцай апошнія з доўгатэрміновых назіральнікаў місіі БДІПЧ АБСЭ разьехаліся па рэгіёнах. Як паведамілі ў місіі, яны ў найбліжэйшы час наведаюць акруговыя выбарчыя камісіі, сустрэнуцца з кандыдатамі ў дэпутаты, журналістамі. Пра свае назіраньні яны будуць паведамляць у штаб місіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG