Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША К.Райс і міністар абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі падпісалі пагадненьне пра разьмяшчэньне ў Польшчы часткі сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША.


Прысутныя на цырымоніі ў канцылярыі прэм'ера Польшчы высокапастаўленыя польскія і амэрыканскія палітыкі і дыпляматы віталі падпісаньне пагадненьня аплядысмэнтамі.

У сваёй прамове дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала Варшаву адным з найлепшых саюзьнікаў Вашынгтону і адзначыла, што амэрыканскі супрацьракетны шчыт ствараецца выключна для абароны.

Райс: “Сыстэма супрацьракетнай абароны, натуральна, не скіраваная супраць кагосьці. Мы робім гэта дзеля ўласнай бясьпекі”.

Між тым прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск адзначыў, што дамова паміж ЗША і Польшчай прадугледжвае важнае для абедзьвюх краінаў стратэгічнае супрацоўніцтва.

Туск: “ЗША ўзялі на сябе абавязак гарантаваць бясьпеку Польшчы і амэрыканскіх аб'ектаў, якія месьцяцца на польскай тэрыторыі. Польшча і ЗША будуць разам рэагаваць на ваенную і неваенную пагрозу з боку трэціх краінаў. Стратэгічнае супрацоўніцтва ўзмоцніць бясьпеку Польшчы і ЗША”.

Паводле пагадненьня паміж Польшчай і ЗША на польскай тэрыторыі будуць разьмешчаныя 10 амэрыканскіх антыбалістычных ракетаў дзеля зьнішчэньня ядзерных бомбаў, выпушчаных у накірунку ЗША.

Акрамя гэтага, амэрыканскі бок перадасьць Польшчы ракетныя ўстаноўкі “Пэтрыёт” і дапаможа ў мадэрнізацыі польскага войска.

Вайсковы экспэрт, былы віцэміністар абароны Польшчы генэрал Станіслаў Козей лічыць амэрыканскую сыстэму карыснай для Польшчы.

Козей: “Супрацьракетная абарона, хочам мы гэтага ці не, — гэта неабходнасьць, адказ на пагрозы, якія зьявіліся ў сьвеце пасьля заканчэньня халоднай вайны”.

Між тым прадстаўнікі антываенных арганізацыяў, у тым ліку Мацей Вечаркоўскі з ініцыятывы “Стоп вайне”, выказалі пратэст супраць падпісаньня дамовы паміж Польшчай і ЗША.

Вечаркоўскі: “Я заклікаю польскі ўрад падтрымаць мірныя ініцыятывы і раззбраеньне. Гэта значна важней, чым падтрымка гонкі ўзбраеньняў”.

Адметна, што паводле апублікаваных сёньня ў Газэце выборчэй дадзеных сацыялягічнага апытаньня, за разьмяшчэньне часткі амэрыканскага шчыта на польскай тэрыторыі выступае як ніколі шмат палякаў — 63%, а 65% палякаў найбольш небясьпечнай краінай лічаць Расею.

“Сытуацыя ў Грузіі ясна паказала, што насамрэч самастойна мы абараніцца ня зможам. Палякі на ўласныя вочы пабачылі, што саюз з ЗША можа спатрэбіцца... Між тым Расея паказвае сілу там, дзе ня трэба, і таму прайграе ў вачах людзей, тым больш у такой уражлівай на такія рэчы краінай, як Польшча”, — лічыць палітоляг Яцэк Навіцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG