Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, які апоўдні 20-га жніўня выйшаў на волю з менскай калёніі, паведаміў, што вызвалілі яго на падставе указу Аляксандра Лукашэнкі, пры гэтым сам указ яму не паказалі.




Фотагалерэя


“Літаральна праз паўгадзіны пасьля таго, як мне сказалі, я быў па-за зонай, бо ім трэба было далажыць спадару Навумаву, што мяне выкінулі з зоны”, — заявіў былы палітвязень.

“Мяркую, як і з Казуліным, гаворка пра памілаваньне. Але вінаватым я сябе не лічу і буду дамагацца рэабілітацыі. Таксама буду дамагацца таго, каб пакаралі тых, з-за каго я патрапіў ў турму. Гэта не толькі міліцыянт Дулуб – ён дробная асоба ў гэтай справе. Пра тое, што ёсьць загад мяне “закрыць” мне паведамілі яшчэ ў пачатку года. Але я не шкадую, што пабываў у турме –шмат што стала зразумела. Калі раней былі сумневы адносна ўлады, то цяпер іх няма”.

Пра свае пляны на будучыню Сяргей Парсюкевіч заявіў “Свабодзе”: “Да аршыту я быў прадпрымальнікам, гандляваў. Зараз ліцэнзіі мяне пазбавілі. Нічога, я пайду ў палітыку. А з Беларусі з’язджаць не зьбіраюся ні ў якім разе: тут мая радзіма”.

Сяргей Парсюкевіч назваў вельмі дрэннымі ўмовы ў беларускіх турмах, дзе яму давялося пабываць. Але больш былы палітвязень абураўся стаўленьнем адміністрацыі турмаў і ахоўнікаў да зьняволеных. “Да жывёлы стаўленьне лепшае”, -- сказаў Сяргей Парсюкевіч.

“Я выйшаў на волю дзякуючы ціску Захаду і ЗША. Наўрад ці ўнутраныя пратэсты падштурхнулі спадара Лукашэнку. Я думаю, што гэта ціск звонку”, — лічыць спадар Парсюкевіч.

“Калі знаходзіўся на зоне, марыў пра тое, што выйду і паеду адпачываць на мора. Але ня ведаю, ці атрымаецца”, — паведаміў былы прадпрымальнік і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.

Інтэрвію з Сяргеем Парсюкевічам цалкам чытайце пазьней на сайце “Свабоды” і слухайце ў эфіры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG