Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пачынаеш разумець, наколькі каштоўная незалежнасьць...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 жніўня 2008 году


Збройны канфлікт паміж Расеяй і Грузіяй, акупацыя расейскай арміяй значнай часткі грузінскай тэрыторыі — тэма, на якую мы працягваем атрымліваць водгукі ў гэтыя жнівеньскія дні.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Яго аўтар Барыс Руцько зь Менску піша:

“Тыя сілы, якія аддалі загад Саакашвілі пачаць вайну супраць Паўднёвай Асэтыі, дапусьцілі вялікую памылку, бо не змаглі прадбачыць, што адбудзецца пасьля 8 жніўня. Любая краіна, якая паважае сябе, ніколі не дапусьціць, каб нейкія войскі, тэрарысты альбо наёмнікі па-зьверску забівалі грамадзянаў гэтай краіны. А Грузія разам са сваімі памагатымі зьдзейсьніла агрэсію супраць Паўднёвай Асэтыі. Загінулі 1600 чалавек, большасьць якіх — грамадзяне Расеі. У гэтай сытуацыі расейскае кіраўніцтва проста абавязана было дзейнічаць рашуча. Расейскія войскі выступілі на абарону сваіх грамадзянаў — гэта сьвятая справа. Калі б Масква адрэагавала па-іншаму, калі б яна абмежавалася словамі асуджэньня — то кіраваньню Мядзьведзева і Пуціна прыйшоў бы канец ужо сёлета.

Дзеля чаго Саакашвілі пайшоў на дэстабілізацыю становішча на ўласнай тэрыторыі? Дзеля чаго ўвогуле ўсё гэта было зроблена? Думаю, дзеля таго, каб праверыць рэакцыю Расеі, баяздольнасьць яе ўзброеных сіл. Хацелі таксама паназіраць рэакцыю народаў Каўказу.

Няхай яшчэ Саакашвілі падзякуе Богу, што Расея не дала загад на ўдзел у апэрацыі чачэнскіх гвардзейцаў Кадырава і добраахвотнікаў. Ужо тыя б хутка навялі там парадак”,
— гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.

У Грузію былі ўведзены, сярод іншых, і чачэнскія батальёны. Нядаўна расейскае тэлебачаньне паказала рэпартаж пра тое, як яны акупавалі горад Горы.

У сваіх развагах вы, спадар Руцько, чамусьці абыходзіце той факт, што і Паўднёвая Асэтыя, і Абхазія — гэта міжнародна прызнаная тэрыторыя Грузіі. І якім чынам у Цхінвалі ды Сухумі, на грузінскай тэрыторыі, раптам зьявіліся сотні тысяч расейскіх грамадзянаў? Ці не таму, што на працягу апошніх пятнаццаці год Расея адмыслова безь ніякіх абмежаваньняў выдавала свае пашпарты мясцовым жыхарам?

Згадайце, калі ў 90-я гады Расея вяла вайну супраць сэпаратыстаў на тэрыторыі Чачні — у Маскве гэта называлі “навядзеньнем канстытуцыйнага парадку”. Як бы Расея тады адрэагавала на тое, калі б нейкая суседняя краіна ў адказ на бамбаваньні Грознага ўвяла туды войскі, папярэдне выдаўшы свае пашпарты чачэнскім жыхарам, а потым патлумачыўшы агрэсію абаронай уласных грамадзянаў?

На гэтую ж тэму — кароткі ліст ад Мікалая Цімашэвіча са Слонімскага раёну. Ён піша:

“У такія моманты пачынаеш разумець, наколькі каштоўная наша незалежнасьць і наколькі вялікая небясьпека сыходзіць ад усходняга суседа. Гэта разумее нават Лукашэнка, які больш чым стрымана адрэагаваў на падзеі на Каўказе і зусім ня выказаў захапленьня дзеяньнямі Крамля — на што, відаць, разьлічвалі ў Маскве. Невыпадкова ж так абурыўся расейскі амбасадар Сурыкаў”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Цімашэвіч са Слонімскага раёну.

Хоць і запозьнена, але дзеяньні расейскіх войскаў у Грузіі прэзыдэнт Лукашэнка пахваліў (ці вымушаны быў пахваліць). Нагадаю: 19 жніўня, на сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Сочы, беларускі кіраўнік назваў дзеяньні Масквы “спакойнымі, мудрымі і прыгожымі”.

Пра мэтазгоднасьць байкоту выбараў, да якога заклікаюць некаторыя апазыцыйныя палітыкі, разважае ў сваім новым лісьце наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску. Ён піша:

“Не асуджаю ні тых, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах, ні тых, хто будзе іх байкатаваць. У любым выпадку значнага ўплыву на канчатковы вынік гэта мець ня будзе, бо вынік гэты вызначаны ўладай загадзя. Але, нягледзячы на ўсё гэта, я ўпэўнены, што апазыцыйным партыям удзельнічаць у кампаніі трэба — хаця б дзеля таго, каб не згубіць навыкі выбарчай барацьбы, ня страціць сувязі з тымі грамадзянамі, якія без ваганьняў гатовы ўвайсьці ў групу падтрымкі ці самі стаць кандыдатамі.

Зьбіраць подпісы, шукаць і распаўсюджваць інфармацыю, сустракацца зь людзьмі, агітаваць, выступаць на мітынгах ці перад тэлекамэрай — усяму гэтаму трэба вучыцца. А дзе вучыцца, калі не на выбарах? Інакш, калі здарыцца такое, што рэжым, які пануе на Беларусі, рухне і будуць абвешчаны дэмакратычныя выбары, дык да ўлады зноў могуць прыйсьці антыдэмакратычныя, антыбеларускія сілы. Апазыцыя ня здолее ім супрацьстаяць, бо сваім няўдзелам у папярэдніх кампаніях згубіць усе свае назапашаныя раней напрацоўкі і ўвесь неабходны досьвед”
, — гэтак лічыць былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску.

Большасьць апазыцыйных партыяў кіруюцца такой жа лёгікай і такімі ж аргумэнтамі, спадар Копыл. Яны ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі найперш дзеля магчымасьці кантакту зь людзьмі. Наконт верагоднасьці перамогі ў гэтай кампаніі ілюзіяў няма амаль ні ў кога.

Тым ня менш ідэя байкоту выбараў у апазыцыйным асяродзьдзі ня надта папулярная.

Пытаньне пра тое, ці варта ісьці на выбары, цікавіць і нашага слухача Ўладзімера Баброўніка з Гомеля. Ён піша:

“Я прыйшоў да цьвёрдага перакананьня, што той, хто не галасуе, пасіўна галасуе за пераможцу, паколькі нічым яму не перашкаджае.

А яшчэ мяне цікавіць адрозьненьне сацыялізму рэальнага ад сапраўднага грамадзтва сацыяльнай справядлівасьці, ад ленінскага сацыялізму. Болей бы на Свабодзе цытат з праграмы і статуту КПСС, з прамоваў генсекаў. Думаю, гэта працьверазіла б прыхільнікаў сацыялізму”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімер Баброўнік з Гомеля.

Ня думаю, спадар Баброўнік, што цытаты з праграмы КПСС альбо з прамоваў Леаніда Брэжнева здольныя кагосьці працьверазіць. У свой час яны гучалі штодня з кожнай радыёкропкі, але любы савецкі чалавек цьвёрда ведаў: паміж тым сацыялізмам, які намаляваны ў камуністычнай праграме ды ў хваласьпевах генсека, і тым, які пануе за дзьвярыма хаты — розьніца такая ж, як паміж амэрыканскім гіпэрмаркетам і савецкай сельпоўскай крамай.

Марыя Ярашук зь Берасьця, разважаючы пра ход выбарчай кампаніі, піша пра адпрацаваную яшчэ пры камуністычнай уладзе тэхналёгію фальшаваньня вынікаў галасаваньня. Гэтыя спосабы падману, як лічыць слухачка, могуць выкарыстоўвацца і ў сёньняшняй Беларусі. Спадарыня Ярашук піша:

“Напішу пра адзін з хітрыкаў, які выкарыстоўвалі, каб атрымаць так званую “перамогу” на выбарах. Бюлетэні выдаюць у вэстыбюлі выбарчага ўчастка. Сябры камісіі (а гэта настаўнікі — хто ж яшчэ?) робяць сваю справу сумленна. Але сапраўдны пералік і падсумаваньне адбываюцца на трэцім паверсе будынка, у шыкоўным пакоі. А на другім паверсе — непрыкметныя дзьверы, маленьні дапаможны пакойчык. Вось там на працягу дзьвюх-трох хвілінаў і робяцца сапраўдныя “выбары” — па дарозе на трэці паверх. Узялі загадзя падрыхтаваныя бюлетэні, паклалі ў скрыню — і справа зроблена.

А на трэцім паверсе ўжо чакае вялікая камісія: падлічваюць, падпісваюць пратаколы. Некаторыя нават упэўнены, што ўсё робіцца сумленна, што сапраўды 80—90 працэнтаў людзей прагаласавалі за кандыдата ад улады. Пасьля гэтага можна пераправяраць бюлетэні колькі заўгодна — усё будзе ў поўнай адпаведнасьці з афіцыйнымі лічбамі. Вось такія, так бы мовіць, “выбары”
, — напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Марыя Ярашук зь Берасьця.

Тэхналёгія і гэтых, і многіх іншых падобных хітрыкаў добра вядомая і тым, хто праводзіць выбарчыя кампаніі, і тым, хто ў іх удзельнічае, і тым, хто за імі назірае. Не сакрэт і тое, якім чынам можна лёгка засьцерагчыся ад махлярства і правесьці сумленнае галасаваньне і аб’ектыўны падлік бюлетэняў. Дзеля гэтага дастаткова выконваць агульнапрынятыя ў дэмакратычных выбарчых сыстэмах правілы — у прыватнасьці, забясьпечыць удзел у выбарчых камісіях усіх узроўняў прадстаўнікоў усіх зацікаўленых палітычных сілаў і зрабіць так, каб скрыні зь бюлетэнямі ўвесь час былі на вачах у незалежных назіральнікаў. Тады і ня трапяць яны па дарозе ў камісію ў таемныя пакойчыкі і ў брудныя рукі.

На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага даўняга сябра Андрэя Паско зь Берасьця. Слухач выказваецца з нагоды сьмерці вялікага рускага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына. Андрэй піша:

“Памёр літаратурны геній, сумленьне цывілізацыі. Няма сумневу, што ягоная бескампрамісная грамадзянская пазыцыя дапамагла ўсім нам захаваць свой чалавечы твар”, — гэта былі радкі зь ліста нашага слухача Андрэя Паско зь Берасьця.

Дзякуй, Андрэй, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG