Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія сацыял-дэмакраты пра вызваленьне Казуліна


Маркус Мэкель

Маркус Мэкель

Фракцыя СДП у нямецкім Бундэстагу вітае вызваленьне беларускага палітвязьня, аднак пры гэтым заклікае беларускае кіраўніцтва вызваліць усіх палітзьняволеных, паважаць правы чалавека, садзейнічаць разьвіцьцю краіны ў бок дэмакратыі і прававой дзяржавы.


Адначасна нямецкія дэпутаты лічаць “вельмі важным аднавіць дачыненьні зь Беларусьсю”

Пра гэта гаворыцца ў заяве намесьніка міжнароднага каардынатара сацыял-дэмакратычнай партыі ў нямецкім парлямэнце Маркуса Мэкеля.

Паводле вядомага палітыка, пасьпяховаму вызваленьню колішняга кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ў многім садзейнічала падтрымка палітвязьня з боку міністра замежных спраў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і іншых прадстаўнікоў ЭЗ.

“Гэта крок наперад, сьведчыць Мэкель. Арышт Казуліна два гады таму даказаў, з дапамогай якіх гвалтоўных сродкаў Лукашэнка імкнецца прымусіць замоўкнуць крытыка ўласнага рэжыму”.

“Паведамленьні аб падрыхтоўцы прызначаных на верасень парлямэнцкіх выбараў у Беларусі даюць, аднак, нямала падстаў для клопатаў, гаворыцца далей ў заяве. Некарэктныя, непразрыстыя працэдуры ўскладняюць працу мясцовых і міжнародных назіральнікаў за выбарамі. Беларусі вельмі патрэбныя свабодныя, карэктныя і празрыстыя выбары”.

Паводле Маркуса Мэкеля, галоўнымі прыкметамі такіх выбараў “ёсьць вольны ўдзел у іх усіх жадаючых кандыдатаў і партый, а таксама іх доступ да сродкаў масавай інфармацыі”.

“Эўрапейскі Зьвяз будзе пільна назіраць за выбарамі ў Беларусі”, гаворыцца ў заяве нямецкіх сацыял-дэмакратаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG