Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рух Лукашэнкі “на Захад” пакуль прыпынены"


Наколькі апраўдала чаканьні сустрэча Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы?

Ці далі прэзыдэнты Расеі і Беларусі адказы на тыя пытаньні, што стаяць цяпер у двухбаковых дачыненьнях? Ці ўдалося Аляксандру Лукашэнку на гэты момант адбіць палітычны націск Масквы?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць: з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш, а зь Менску — палітоляг Віталь Сіліцкі.

Цыганкоў
: “Што было самым галоўным з таго, што сказана і вырашана на сустрэчы ў Сочы? Ці далі прэзыдэнты Расеі і Беларусі адказы на тыя пытаньні, што стаяць цяпер у двухбаковых дачыненьнях? Ці не адклалі прэзыдэнты некаторыя пытаньні на будучыню, а зараз проста абмяняліся камплімэнтамі, не чапляючы вострых тэмаў?”

Выглядае, што Масква даравала Лукашэнку

Коктыш: “Мне падаецца, што асаблівага прынцыповага вырашэньня на гэтай сустрэчы не адбылося. Бакі вырашылі не сварыцца, не рабіць цяпер скандалу. Шэраг пытаньняў проста павіс у паветры. Ці не адзінае дастаткова істотнае — гэта тое, што заявіў памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька, які паведаміў, што будзе падпісанае пагадненьне аб стварэньні адзінай сыстэмы СПА (супрацьпаветранай абароны). Але дэ-факта яна існуе ўжо апошнія 10 гадоў.

Газавае пытаньне, пытаньне цаны на газ было абмінутае. Было толькі заяўлена, што, так, гэтае пытаньне вельмі важнае, але ніякіх рашэньняў не было дэкляравана. Што да ваенна-стратэгічнага супрацоўніцтва, то тут, відаць, Беларусь прапанавала нейкія захады, бо ў дэклярацыі ўтрымліваецца заява, што ў верасьні на паседжаньні арганізацыі ДКБ будзе нейкі працяг. Наўрад ці гэта нейкі сур’ёзны рух, і здаецца, сытуацыя завісла на ўзроўні таго становішча, якое было да каўкаскага канфлікту.

Выглядае, што Масква даравала Лукашэнку дэфіцыт ягонай падтрымкі падчас расейска-грузінскага канфлікту. Ніякага скандалу з гэтай прычыны не рабілі. Бо Лукашэнка адразу публічна скрытыкаваў ЗША і заняў пазыцыю хаўрусніка Расеі ў гэтым канфлікце. Таму адноўлена тое статус-кво, якое было да пачатку каўкаскага канфлікту”.

Цыганкоў: “Чаму паведамленьні пра сустрэчу прэзыдэнтаў вытрыманыя ў такім пастаральна-мірным ключы? Аляксандар Лукашэнка хваліць Расею за тое, як хутка вырашаюцца нават дробныя пытаньні, Дзьмітры Мядзьведзеў хваліць рэкорды таваразвароту. Нібыта і няма ніякіх праблемаў у двухбаковых дачыненьнях, нібыта не было рэзкіх заяваў амбасадара Сурыкава. Можа, усё ж адыгралі ролю тыя празаходнія жэсты, якія апошнім часам зрабіў Лукашэнка?”

Але ў адказ Расея пачуе — “а нам за гэта што?”


Сіліцкі: “Узгадваецца мульцік, дзе была такая аб’ява — “маладому кракадзілу тэрмінова патрэбныя сябры”. А калі сур’ёзна, то, я думаю, галоўнай мэтай гэтай сустрэчы было — растлумачыць Лукашэнку геапалітычныя расклады і паказаць, дзе ягонае месца ў гэтых раскладах. Бо для ўсяго астатняга такой сустрэчы на вышэйшым узроўні не патрабавалася.

Таму, калі Лукашэнку ўдалося троху панэрваваць Расею сваімі незразумелымі паводзінамі падчас расейска-грузінскага канфлікту, то цяпер спатрэбілася проста зноў вывесьці сытуацыю на звыклыя ўсім рэйкі. Зноў клятвы ў вечнай дружбе, але цяпер яны ўжо будуць аплачвацца паводле менш звыклага для беларускага боку тарыфу”.

Цыганкоў: “Наколькі тады вам важнай падаецца інфармацыя, якую паведаміў памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька? Ён сказаў журналістам, што восеньню гэтага году будзе праведзена чарговае паседжаньне Вышэйшай рады гэтак званай саюзнай дзяржавы. І падчас гэтага паседжаньня будзе падпісана пагадненьне аб стварэньні адзінай сыстэмы СПА. Але, здаецца, гэтая гісторыя з СПА даволі доўга цягнецца, і бакі ніяк ня могуць нічога падпісаць...”

Сіліцкі: “Магчыма, менавіта на выцісканьне з Лукашэнкі нейкіх канкрэтных геапалітычных крокаў і нацэленая цяпер стратэгія расейскага кіраўніцтва. Асабліва цяпер, калі “кракадзілу тэрмінова патрэбныя сябры”. Ёсьць дзьве “доўгайграючыя” тэмы ў расейска-беларускіх адносінах — адзіная валюта, якую 15 гадоў уводзяць, і вось цяпер сыстэма СПА. Тое, што Расея будзе зараз больш жорстка з Лукашэнкі выбіваць такія пытаньні — гэта ясна. Але ў адказ яна пачуе — “а нам за гэта што?” І вось гэта будзе высьвятляцца яшчэ”.

Цыганкоў: “Напярэдадні сустрэчы шмат хто з аналітыкаў задаваўся пытаньнем — ці ўдасца Лукашэнку адбіць расейскі націск? Што будзе аддадзена ў якасьці ахвяры — нейкія ваенна-стратэгічныя пытаньні, прыватызацыя прадпрыемстваў? Але на сустрэчы не прагучала (прынамсі, публічна) ні пытаньне адзінай валюты, ні справа разьмяшчэньня “Іскандэраў” у Беларусі... Чаму?”

Лукашэнка “разьлічыўся” тым, што скрытыкаваў ЗША


Коктыш: “Расея наўрад ці ставіла пытаньне аб набыцьці нейкіх канкрэтных прадпрыемстваў альбо аб эканамічных саступках. Мне ўвогуле здаецца, што эканамічны блёк разам з цаной на газ быў адкладзены на потым. А пакуль Лукашэнка “разьлічыўся” тым, што скрытыкаваў ЗША за пазыцыю ў грузінска-асэтынскім канфлікце. Такім чынам, той “заходні вэктар”, які нібыта намеціўся ў беларускай палітыцы, зараз прыпынены, які бы афіцыйна дэзавуіраваны”.

Цыганкоў: “І гэта цалкам задаволіла Расею?”

Коктыш: “Мне здаецца, так. Гэта якраз тое, што патрабавалася ад гэтай сустрэчы. Большага пакуль ня трэба. Рух “на Захад” пакуль прыпынены, і адноўлена тое статус-кво, якое задавальняе Расею, але наўрад ці задавальняе беларускага прэзыдэнта”.

Цыганкоў: “Віталь, на вашу думку, ці ўдалося Лукашэнку “адбіць расейскі націск”?”

Сіліцкі: “Я не прымаю гэтую ваенную рыторыку. Гэта не “параза — перамога”, бо гэта не сустрэча двух ворагаў. Так ці інакш, усе расклады Лукашэнкі арыентаваныя на Расею. Пытаньне не стаіць так, што Лукашэнка пойдзе кудысьці яшчэ, а Расея яго цягне назад. Там толькі праблема, колькі гэта каштуе — для Расеі і для Лукашэнкі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG