Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскоўскім судзе судзяць Менскі гарвыканкам


19 жніўня адбылося першае паседжаньне суду, які разглядае пазоў чатырох жыхароў Менску да Менгарвыканкаму.

Нагадаем, прафсаюзны актывіст Генадзь Фядыніч, а таксама Ўладзімер Страх, Мікалай Пахабаў і Ігар Комлік падалі ў суд на гарадзкія ўлады за тое, што ім адмовілі ў правядзеньні сходу ініцыятыўнай групы. Актывісты спрабуюць дамагчыся адмены закону, якім у навучэнцаў і пэнсіянэраў адабралі льготы на праезд у грамадзкім транспарце. Без устаноўчага сходу і рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Беларусі немагчыма зьбіраць подпісы за адмену дзеючага закону.

Сёньня суд засядаў паўтары гадзіны. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму заявілі, што аўтары заяўкі на правядзеньне сходу спазьніліся з тэрмінамі падачы дакумэнту ў Менгарвыканкам. Актывісты гэта абверглі. Паводле аўтараў, гэта ў сталічным гарвыканкаме несвоечасова зарэгістравалі іх заяўку. Суд абавязаў бакі прадставіць дакумэнтальныя доказы заўтра, 20 жніўня.

“Сход мы ўсё роўна правядзем, што б ні было. Людзей, якія абураюцца адменай ільгот, усё болей”, — паведаміў “Свабодзе” Генадзь Фядыніч. Каб ініцыяваць перагляд закону дэпутатамі, актывістам трэба будзе цягам месяца пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сабраць 50 тысяч подпісаў.

XS
SM
MD
LG