Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь восеньню падпішуць міждзяржаўнае пагадненьне аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведаміў памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька.

Паводле Прыходзькі, Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся аб пагадненьні на сёньняшняй сустрэчы ў Сочы. У Беларусі з гэтай нагоды выказваецца насьцярога, што Масква хоча ўцягнуць Менск у сваё супрацьстаяньне з Захадам.

Сяргей Прыходзька сказаў, што міждзяржаўнае пагадненьне аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны падпішуць у Маскве. Гэта адбудзецца на паседжаньні Вышэйшай дзяржаўнай рады.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе: адзіная сыстэма — адказ Крамля на магчымае разгортваньне ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай супрацьпаветранай абароны:

“Я мяркую, што Расея ўсё ж выціснула гэтае пагадненьне зь беларускага кіраўніцтва. А тое, што не было згадана (публічна ва ўсялякім разе) пра кошты на газ, гэта невыпадкова. Гэта, магчыма, перасьцярога з расейскага боку. Пагадненьне ж яшчэ не падпісанае. І калі раптам зь нейкай прычыны яно сарвецца, дык нам ня будзе ніякіх саступак у коштах. Гэта такое папярэджаньне, каб Беларусь ня выкруцілася”.

Спадар Фёдараў таксама адзначае:

“Прыемнага тут, канечне, няма. Але мяркую, што насамрэч да ваеннага супрацьстаяньня Расеі з Захадам справа ня дойдзе. І таму гэта будзе разаграваньне антызаходніх настрояў, у большай ступені — у Расеі і ў меншай ступені — у Беларусі”.

Падчас сустрэчы ў Сочы Аляксандар Лукашэнка казаў, што вайсковыя дзеяньні на Каўказе пацьвярджаюць неабходнасьць “няпростых дзеяньняў” у рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. “Час простых дзеяньняў і рашэньняў скончыўся”, — заявіў кіраўнік Беларусі .

“Я хачу вам падзякаваць за тую мудрасьць, якую вы праявілі падчас агрэсіі суседняй краіны, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Я не лічу патрэбным тут неяк улазіць у гэты канфлікт і казаць пра тое, што глядзіце, якія расейцы такія ці сякія... Усё было зроблена выдатна, вельмі спакойна, мудра і прыгожа”.

Падчас сустрэчы Дзьмітры Мядзьведзеў адзначыў, што эканамічныя дачыненьні Расеі і Беларусі разьвіваюцца стабільна і гандлёвы таваразварот паміж краінамі напрыканцы году можа перавысіць 30 мільярдаў даляраў.

На думку былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіла Марыніча, эканамічныя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі з кожным годам робяцца ўсё больш спрыяльнымі для Расеі і горшымі для Беларусі. Спадар Марыніч тлумачыць гэта так:

“У нас вельмі затратная эканоміка, затратная вытворчасьць. Яны патрабуюць зашмат энэргарэсурсаў. І таму мы вымушаны іх купляць за мяжой, у Расеі. А кошты на газ, нафту, мэталы ўвесь час растуць.

Для Расеі такая сытуацыя надзвычай выгадная. Пад бокам ёсьць суседка з высоказатратнай вытворчасьцю. І нездарма ж адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Расеяй увесь час узрастае. І калі б не расейскія крэдыты, дык мы, баюся, наагул ужо былі б у яміне. Прыкладна 70% крэдытаў, якія набрала Беларусь, — з Расеі.

Да таго ж Беларусь паступова страчвае расейскі рынак. І адбываецца гэта не таму, што прэзыдэнты дзьвюх краінаў сябруюць ці не сябруюць. Дзейнічаюць эканамічныя законы. Жыхары Расеі, напрыклад, усё часьцей адмаўляюцца купляць беларускія лядоўні і тэлевізары. Бо тыя ж японскія ці карэйскія бяруць значна менш электрычнасьці, а кошты не нашмат розныя. Яны пераходзяць на энэргазьберагальныя тэхналёгіі. Таму ўся бытавая тэхніка сёньня даступная і малавыдатковая, што да спажываньня энэргіі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG