Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня міністры замежных спраў краін-сяброў НАТА спаткаліся ў Брусэлі, каб узгодніць афіцыйнае становішча наконт расейска-грузінскага канфлікту.

Ніхто з назіральнікаў не спадзяваўся пачуць нейкія сэнсацыйныя заявы на адрас Расеі з боку паўночнаатлянтычнага альянсу.

Рэч у тым, што альянс выразна падзелены ў сваіх поглядах адносна рэакцыі на ваенную інтэрвэнцыю Расеі ў Грузіі.

ЗША і члены НАТО з Усходняй Эўропы хацелі б, каб альянс заняў жорсткую пазыцыю ў адносінах да Расеі, асудзіў яе вайсковую апэрацыю ў Грузіі як абуральнае парушэньне міжнароднага права і прыпыніў некаторыя формы супрацоўніцтва з Масквой.

Нямеччына, Францыя і некаторыя іншыя краіны прытрымліваюцца болей памяркоўнай пазыцыі — НАТО павінна прыняць заяву, якая перасьцерагала б Расею перад парушэньнем умоваў спыненьня агню, што былі ўзгодненыя паміж Грузіяй і Расеяй пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі.

Паводле дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, выніковая заява атрымалася “моцнай”:

“У заяве, як і за сталом, прагучалі моцныя словы наконт таго, што Расея павінна выканаць абавязаньні па спыненьні агню, дадзеныя яе прэзыдэнтам. Наступіў час, каб расейскі прэзыдэнт стрымаў сваё слова і вывеў расейскія сілы з Грузіі на пазыцыі, дзе яны знаходзіліся да 6-7 жніўня”.

Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Гоп Схэфэр сказаў журналістам, што альянс пастанавіў утварыць новы кансультацыйны орган — Камісію НАТО-Грузія — накшталт камісіі, якую паўночнаатлянтычны альянс мае з Украінай.

Адначасова дэ Гоп Схэфэр заявіў, што альянс ня мае намеру прыпыняць дзейнасьці Рады НАТО-Расея, хоць і дадаў, што гэтая рада ня будзе зьбірацца, пакуль расейскія войскі акупуюць “вялізную частку Грузіі”.

Не выглядае, аднак, каб усе сябры НАТО былі задаволеныя такой пастаноўкай праблемы. Напярэдадні спатканьня натаўскіх міністраў замежных справаў у Брусэлі нямецкая газэта “Financial Times Deutschland” напісала ў іранічным камэнтары, што калі йдзецца пра расейска-грузінскі канфлікт, дык Эўразьвяз і НАТО патрабуюць пасярэднікаў, мусіць, у яшчэ большай ступені, чым Масква і Тбілісі.

Відэа: расейскія і грузінскія часткі абменьваюцца ваенапалоннымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG