Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 жніўня, аўторак.


Вызваленьне Аляксандра Казуліна — адна з тэмаў, якую працягваюць камэнтаваць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня: “Паважаны Аляксандар Уладзіслававіч, сардэчна віншую вас з выхадам на волю. Прыміце мае спачуваньні з нагоды сьмерці вашага цесьця. Дай вам Бог сілаў і мужнасьці для барацьбы за справу”.

Спадарыня Франя, Наваградак: “Шаноўныя, калі я даведалася, што Казулін на свабодзе, адразу стала лёгка, сьветла ў мяне на душы. Віншую вас, паважаны спадар Казулін. Хачу сказаць вялікі дзякуй апазыцыі, якая прыкладала ўсе сілы для вызваленьня Казуліна. Гэта ваша вялікая перамога”.

Спадар Жураўлёў, гісторык, Пінск: “Лукашэнка ўсьведамляе, што яго нядаўняе патрабаваньне значна павялічыць таваразварот з Захадам без палітычнай дамовы ня можа быць выканана. Але Захад даў зразумець, што перамовы зь ім магчымыя толькі пры ўмове вызваленьня з-за кратаў Казуліна. Таму Лукашэнка проста быў вымушаны вызваліць Казуліна без усялякіх умоваў са свайго боку. Віншую вас, паважаны Аляксандар Уладзіслававіч! Вы перамаглі. Ваша прынцыповая і самаахвярная пазыцыя зьяўляецца прыкладам грамадзкага служэньня”.

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў:

Спадар, Барысаў: “Працэс стварэньня выбарчых камісій зазнаў значны прагрэс. Параўнайце самі. Пры выбарах дэпутатаў трэцяга скліканьня ад дэмакратычных сілаў у склад камісій увайшло нуль. Затое цяпер сярод 70 тысяч увайшло аж чатыры дзясяткі прадстаўнікоў дэмсілаў. Як казаў Гарбачоў, працэс дэмакратыі пайшоў. І хутка дэмакратыі ў нас будзе мора. Што далей казаць? І сьмех, і гора”.

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня, адзін з кандыдатаў на ўдзел у выбарах Яраслаў Берніковіч:

“Я цалкам згодны з гэтым выказваньнем, бо дэмакратыі ў нас больш ня стала, хоць нейкія паслабленьні і ёсьць. Да прыкладу, вызвалены Казулін, але гэта ня ёсьць дэмакратыя. Аднак жа і пратэстныя настроі ў людзей растуць, і гэта адчувальна нават падчас збору подпісаў. Таму я думаю, што зьмены ў нас усё ж будуць, і ў хуткім часе”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар: “Са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў Аршанскім лясгасе людзям няма чым плаціць заробкі. На падтрымку лясной гаспадаркі Беларусі зь бюджэту ідзе 110 мільярдаў рублёў, як і на падтрымку трох нашых тэлевізійных каналаў. Як пагляджу, сельская гаспадарка неэфэктыўная, лясная гаспадарка неэфэктыўная, людзей таксама расьціць неэфэктыўна. Прачытаў у апошнім нумары “Народнай Волі” артыкул пра маці-гераіню, якой Паўлаў даў мэдаль за мацярынства. У яе 8 дзяцей, а пэнсія ў яе — усяго 190 тысяч рублёў. Пра што тут казаць?”

Спадарыня: “У нас на базары экзатычныя прадукты ёсьць: грушы зь Нідэрляндаў, яблыкі з Польшчы, часнок з Кітаю”.

Спадар Ільля Копыл, Менск: “На мінулым тыдні ў Менску прайшла нарада кіраўніка дзяржавы з урадам. На нарадзе прагучала прыкладна наступнае: “У нас няма іншага выйсьця, калі мы хочам вырашыць галоўную задачу — апрануць і накарміць народ, каб было нешта ў загашніку”. Такое я чую не ўпершыню. Няўжо наш народ такі нямоглы, што яго хтосьці павінен апранаць і карміць?! Я б параіў наступнае. Ня трэба замінаць людзям працаваць і зарабляць, ня трэба абкрадаць людзей, а трэба плаціць годныя заробкі. Ня трэба разбураць дробны бізнэс, а наадварот, падтрымліваць яго. Кожны дробны бізнэсовец сам карміў сваю сям’ю і забясьпечваў працоўныя месцы яшчэ для дзьвюх-трох сем’яў. Але каму патрэбныя гэтыя парады?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG