Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У выбарцаў усходніх раёнаў дагэтуль жывая савецкая мэнтальнасьць”


Грамадзкі рэдактар Радыё Свабода гэтага тыдня Яраслаў Берніковіч нарадзіўся на Глыбоччыне, працаваў там прарабам у калгасе імя Чапаева, майстрам будаўнічага ўчастку Глыбоцкага райпа, намесьнікам дырэктара міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”. Цяпер — намесьнік гендырэктара ТАА Упраўляючая кампанія “Беларусь Капітал Мэнэджмэнт”.


Ён вылучаецца ў парлямэнт па Глыбоцкай акрузе № 22, куды ўваходзяць Глыбоцкі, Докшыцкі і Вушацкі раёны — некалі гэтыя раёны былі паабапал савецка-польскай мяжы. За кароткі тэрмін каманда Яраслава Берніковіча сабрала звыш 3,5 тысяч подпісаў выбарцаў. Дзе, у якім раёне лягчэй працавалася?

“Мая акруга знаходзіцца як на захадзе Беларусі — гэта Глыбоччына, так і на ўсходзе — астатнія два раёны. Перад пачаткам выбарчай кампаніі мне тэлефанавалі і пыталіся, ці адрозьніваюцца выбарцы па два бакі гэтай умоўнай мяжы?

Сказаў, што думаў: напэўна, не адрозьніваюцца, гэта ж суседзі…

Аднак як пачалі зьбіраць подпісы, мы ўмомант адчулі розьніцу. Істотную, дужа заўважную — на Глыбоччыне працаваць было значна лягчэй. Зразумела, што мяне тут ведаюць, я даўно тут працую, шмат абышоў…

Аднак калі мы ставілі ва Ўшачах пікет, бачыў: людзі хаваюць вочы. Каб не глядзець на шчыт, не сустрэцца позіркам з намі… У вачох тых не было агрэсіі, не было падтрымкі — толькі страх. Тое самае адбывалася і падчас пакватэрнага абыходу.

Так, там людзі неяк больш напужаныя. Пэўна, гэта вынік большага — на дваццаць гадоў — жыцьця пад камуністамі.

Але пры ўсім тым не магу сказаць, што зьменаў на Вушаччыне не адбываецца. Яны ёсьць. Яны тычацца і ўсходніх нашых беларусаў.

Так, яны адмаўляліся падпісвацца за мяне. Але галасаваць усё ж абяцалі за непраўладных кандыдатаў”.

“Я супраць байкоту і ня стану падманваць тых, хто за мяне”

XS
SM
MD
LG