Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэцэпт посьпеху – стаўка не на вопыт, а на маладосьць?


20-гадовы штангіст Арамнаў прынёс першае золата для зборнай Беларусі. У чым сакрэт посьпеху аднаго з самых маладых прадстаўнікоў беларускай каманды?

Пасьля няўдалых выступаў у традыцыйна пасьпяховых дысцыплінах, калі дачасна сышлі з дыстанцыі алімпійскія чэмпіёны розных гадоў Эліна Зьверава, Яніна Карольчык, Юлія Несьцярэнка, Канстанцін Лукашык ды іншыя, пэрспэктыва залатых узнагародаў нават для адмыслоўцаў падавалася прывіднай. Несуцяшальныя прагнозы скарэктаваў спартовец, якога калі і прарочылі ў чэмпіёны, то “запасным варыянтам”. Дык у чым сакрэт посьпеху аднаго з самых маладых прадстаўнікоў беларускай каманды?
На думку экспэртаў, сакрэт якраз у маладосьці. Першы сур’ёзны посьпех да бальшыні прыходзіць менавіта ў тым узросьце, калі асаблівай ролі ня маюць аўтарытэты. Дастаткова ўзгадаць трыюмф 16-гадовага гарадзенскага стралка Канстанціна Лукашыка ў алімпійскай Барсэлёне-1992, дэбют 24-гадовай Яніны Карольчык у Сыднэі восем гадоў таму ці сэнсацыю Афінаў, 24-гадовую Юлію Несьцярэнку. Тое і ў выпадку з 20-гадовым Арамнавым, які ўпершыню прыехаў на Алімпіяду і псыхалягічна ня пасьпеў “згарэць” ад залішняга хваляваньня, якое ўласьцівае больш вопытным спартоўцам. Гэта па-першае.
Па-другое, як лічыць адзін з самых пасьпяховых беларускіх трэнэраў Рэнальд Кныш, які падрыхтаваў не адну алімпійскую чэмпіёнку ў спартовай гімнастыцы, львіная доля посьпеху залежыць ад настаўніка. На думку спадара Кныша, у Беларусі вялікая праблема з трэнэрскімі кадрамі, якія сваім узроўнем не адпавядаюць сучасным патрабаваньням:
“Хоць у нас зараз у Акадэміі фізычнага выхаваньня 5 гадоў цягнецца навучаньне, але насамрэч ніякія веды ў людзей не ўкладаюцца. Усіх рыхтуюць па тых жа мэтодыках, як і я 50 гадоў таму вучыўся. Нічога не даюць, апроч аднаго перакананьня: маўляў, калі сам умееш нешта рабіць, то навучысься. Гэта лухта, гэта няправільна. Калі я пачаў трэніраваць, то адразу зразумеў: усё маё спортмайстэрства, якім я так ганарыўся, на якое так спадзяваўся, што яно дапаможа ў трэнэрскай працы, ні на што ня вартае.
Давялося тысячы гадзінаў прысьвяціць абдумваньню, экспэрымэнтам, каб хоць нечаму навучыцца, то бок, умець трэніраваць. Гэтаму ў Беларусі ня вучаць, трэнэры выходзяць абсалютна непісьменныя і ўрэшце пачынаюць з нуля. Мала таго: іх калі і вучаць, то толькі шкодным трэнэрскім пастулятам. Прыкладам, такім, што адразу навучы як-небудзь, а потым выправіш. Гэта вялікае глупства, бо навучанае выправіць ужо немагчыма. Ці перадача спартоўца ад трэнэра да трэнэра – гэта таксама беспрасьветнае глупства”.
Але ж нельга адназначна казаць, што ў падрыхтоўцы спартоўцаў усё правальна, пэўныя вынікі беларускія атлеты дэманструюць і на пэкінскай Алімпіядзе, дзе гаспадарам Гульняў ня могуць супрацьстаяць нават гранды сусьветнага спорту.
Але на тле самай значнай у сваёй гісторыі прысутнасьці беларусаў на Алімпійскіх гульнях ад спартоўцаў чакалі крыху большай аддачы. Дарэчы, у якасьці станоўчага прыкладу працы з атлетамі Рэнальд Кныш прыводзіць каманду, якая рыхтуе штангістаў, штурхальнікаў ядра і молату, а таксама адзінага прадстаўніка Беларусі ў гульнявых відах спорту – жаночы баскетбол. Менавіта яны і зрабілі асноўны ўнёсак у мэдалёвы актыў Беларусі. Сёньня выхаванкі трэнэра Анатоля Буяльскага ў адной чацьвёртай фіналу сустракаюцца з камандай Кітаю. Перамагчы гаспадыняў Алімпіяды складана, але такая задача перад баскетбалісткамі пастаўленая.
Таксама на перамогу арыентаваныя прадстаўнікі мужчынскіх заплываў на байдарках і каноэ. Адразу два экіпажы – “чацьвёрка” і “двойка”, а таксама “адзіночка” Аляксандра Жукоўскага паспрачаюцца за алімпійскія мэдалі.
Дарэчы, як лічыць трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч, посьпехі ў гэтай дысцыпліне таксама не зусім адпавядаюць лёгіцы. У Беларусі створаны, як выказаўся спартовец, узорна-паказальны “шаратон” у Берасьці, дзе мусяць трэніравацца весьляры. Пры гэтым арэндаваць дарожку на канале – рэч нятанная. Але пасьля будаўніцтва комплексу вырашана, што дысцыпліна базай забясьпечаная і разьвіваць веславаньне ў іншых рэгіёнах фактычна спынілі:
“Тое, што тычыцца веславаньня акадэмічнага і веславаньня на байдарках і каноэ, то калі будуем вось такі канал, а не ўкладаем грошы ў маленькія базы, то няма ў такой справы пэрспэктывы. Павінны ў Азёрах пабудаваць, у Мастах, дзе звычайна трэніруюцца спартоўцы. А тут “шаратон” узьвялі на канале. Але перадусім трэба зрабіць так, каб дзеці спортам займаліся. Навошта гэты пампэзны канал? Практычна паўсюль можна нацягнуць дарожкі і правесьці спаборніцтвы, у любым іншым месцы. Бо трэба даць дзецям шанец займацца. Але пры гэтым забясьпечыць прыбіральняй, душам. Такога на жаль, няма. Зусім непатрэбна будаваць канал у спадзяваньні, што пацягнуцца замежнікі ды іншыя. Але пры іншым падыходзе да справы, больш прадуманым, колькі дзяцей мы прывялі б у наш від спорту!”.
Пасьля атрыманьня залатога алімпійскага мэдалю Андрэем Арамнавым Беларусь займае 28 месца сярод 72 краінаў. А паводле агульнай колькасьці мэдалёў уваходзіць у лік першых пятнаццаці.
XS
SM
MD
LG