Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічаюць шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Што адыграла галоўную ролю ў вызваленьні Казуліна — зьнешнепалітычныя ці ўнутрыпалітычныя чыньнікі? Якую рэакцыю ЗША і Эўразьвязу можна чакаць пасьля гэтага кроку беларускіх уладаў? Ці здолее ўплыў Захаду ураўнаважыць расейскі эканамічны і палітычны ціск, які ўзмацніўся апошнім часам?

Цыганкоў: “Чаму Аляксандар Казулін быў вызвалены менавіта цяпер, за некалькі дзён да сустрэчы паміж прэзыдэнтамі Лукашэнкам і Мядзьведзевым? Якой рэакцыі Захаду можна чакаць пасьля вызваленьня Казуліна?”

“Па-добраму, па-ранейшаму з Расеяй дамовіцца не атрымаецца”

Калінкіна
: “Вядома, у палітыцы нічога ня робіцца выпадкова. Таму вызваленьне Казуліна менавіта зараз — гэта сыгнал і Захаду, і Расеі адначасова. Ад Захаду Менску цяпер найбольш патрэбныя інвэстыцыі і добрыя эканамічныя адносіны, каб не было ніякіх перашкодаў ва ўзаемным гандлі. Беларускія ўлады доўгі час рабілі ўсё магчымае, каб наладжваньне эканамічных адносінаў ня ўвязвалася з палітыкай. Але зрабіць гэта не атрымалася.

Зь іншага боку, Расея ставіць вельмі цяжкое для Беларусі пытаньне — увязваньне ўвядзеньня расейскага рубля з коштам газу. Сытуацыя для Менску даволі складаная, і я думаю, што пасьля маскоўскіх перамоваў Сідорскага і Пуціна ў Беларусі не засталося ніякіх сумневаў, што па-добраму, па-ранейшаму з Расеяй дамовіцца не атрымаецца. Кошты будуць высокія, альбо давядзецца плаціць яшчэ больш высокую цану — такую, як увядзеньне расейскага рубля. Таму было вырашана, што ніхто, акрамя Захаду, цяпер ня здолее выратаваць сытуацыю”.

Цыганкоў: “Варта нагадаць, што 12 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі расейскі амбасадар Сурыкаў выказаў зьдзіўленьне “сьціплым маўчаньнем” Беларусі ў расейска-грузінскім канфлікце. Фактычна, празь некалькі гадзінаў пасьля яе Лукашэнка прыняў міністра замежных справаў Мартынава і даў яму, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, “канкрэтныя даручэньні” па паляпшэньні адносінаў з ЗША і краінамі Эўразьвязу. Вызваленьне Казуліна — пачатак выкананьня гэтых даручэньняў?”

“Беларуская ўлада хоча не мяняць нічога ў краіне, і адначасова — зрабіць некалькі эфэктных жэстаў”

Класкоўскі
: “Увогуле трэба адзначыць, што гэты працэс, які можа назваць вялікім торгам з Захадам, ідзе даўно. Узімку бакі былі за адзін крок ад прарыву на новы ўзровень, але тады не атрымалася з вызваленьнем Казуліна, і менавіта праз гэта і разгарэлася дыпляматычная вайна з Вашынгтонам. Таму Казулін для ЗША і Эўропы — гэта вельмі сымбалічная фігура. Сёньня беларускае кіраўніцтва вырашыла, што прыйшоў час ахвяраваць гэтай фігурай, зрабіць “ход канём”, бо, з аднаго боку, гэта эфэктна, выглядае значнай саступкай, але зь іншага — ніяк не мяняе палітычную сыстэму ў краіне.

Нічога ж не зьмянілася! Вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў паказваюць, што апазыцыю “пракінулі” абсалютна. Выглядае, што гэтыя выбары ўлада наважылася правесьці паводле старога звыклага сцэнара. Не скасаваныя рэпрэсіўныя артыкулы заканадаўства, якія дазваляюць саджаць у турму апанэнтаў і заўтра дазволяць набраць новы камплект палітвязьняў. Такім чынам, беларуская ўлада хоча забіць двух зайцоў — і не мяняць нічога ў краіне, і адначасова зрабіць некалькі эфэктных жэстаў, якія б дазволілі палепшыць стасункі з Захадам.

І асобная тэма, якую пазначу адным штрыхом. На Захадзе многія стаміліся біцца аб лёд у беларускім пытаньні. І таму там ёсьць настроі — на нешта заплюшчыць вочы, паставіць “залік” беларускаму кіраўніцтву нават за маленькія крокі”.

Цыганкоў: “Увесь сёньняшні дзень прыходзяць паведамленьні інфармацыйных агенцтваў, у якіх гучыць ухваленьне рознымі заходнімі структурамі і палітыкамі вызваленьня Казуліна. Што можа Захад зрабіць у адказ, якія крокі, якія задаволілі б Лукашэнку, былі ўспрынятыя ім як нейкі рэальны крок да дыялёгу?”

Прарыву ў стасунках ня будзе, але пэўнае паляпшэньне магчымае

Калінкіна: “Па-першае, варта адзначыць, што ЗША і Эўразьвяз будуць чакаць вызваленьня астатніх палітвязьняў — Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, якія дагэтуль знаходзяцца ў зьняволеньні. Вызваленьне ўсіх палітвязьняў у першую чаргу будзе азначаць нармалізацыю (больш-менш) адносінаў з ЗША. Што б і колькі б ні казалі беларускія чыноўнікі, на самой справе гэта вельмі балючая для іх тэма, найперш для беларускай эканомікі.

Цыганкоў: “Ці вы думаеце, што ЗША могуць скасаваць санкцыі супраць “Белнафтахіму” толькі ў выніку вызваленьня палітвязьняў? Не патрабуючы ніякіх іншых крокаў?”

Калінкіна: “Я думаю, гэта магчыма як нулявы пункт для далейшых перамоваў. Беларускія чыноўнікі, наколькі вядома, настойваюць, каб былі скасаваныя “чорныя сьпісы” неўязных. Але мне здаецца, што пакуль ня скончацца парлямэнцкія выбары, гэтае пытаньне ня будзе разглядацца ані ЗША, ані Эўразьвязам. Што да вяртаньня паслоў і нармалізацыі адносінаў з ЗША, то, я думаю, Менск на гэта вельмі разьлічвае”.

Цыганкоў: “Якіх крокаў ад Захаду можа патрабаваць у адказ афіцыйны Менск? Ці можа Захад неяк дапамагчы Менску перад тым націскам Расеі, пра які мы ўжо казалі?”

Класкоўскі: “Тут Захад апынаецца ў вельмі няпростай сытуацыі. З аднаго боку, там таксама разумеюць, што гэтыя саступкі беларускага кіраўніцтва вельмі сымбалічныя. А зь іншага, варта было б неяк падтрымаць Менск, бо пасьля падзеяў на Каўказе ўся Эўропа адчула расейскую імпэрскую пагрозу. Але цяжка чакаць, што Захад будзе змагацца за дэмакратыю ў Беларусі болей, чым таго хоча большая частка беларускага грамадзтва.

Зь іншага боку, зразумела, што ў цяперашняй улады ня тыя прынцыпы, ня той мэнталітэт, каб зрабіць тут сапраўдную лібэралізацыю, тым болей узяць курс на Эўразьвяз. Мяркую, што Менск будзе выбіраць рэсурс манэўраваньня паміж дзьвюма сіламі, гульні на супярэчнасьцях паміж Масквой і Захадам, якія будуць абвастрацца.

Прарыву ў стасунках ня будзе, але пэўнае паляпшэньне магчыма — напрыклад, скончыцца дыпляматычная вайна з ЗША. Так што палітычны торг на два бакі будзе працягвацца”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG