Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў літоўскіх Нарвялішках непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю завяршыўся другі Міжнародны фэстываль музыкі і мастацтваў “Be2gether”.

Каля 20-ці тысяч гледачоў сабраліся паслухаць больш за 70 гуртоў з усяго сьвету, сярод якіх “Tricky”, “Groove Armada”, “Fishbone”, “Infected Mushroom” ці “Fool's Garden”. Як прайшоў фэст і чаму ў Беларусі няма такіх сьвятаў музыкі?

Фэстывальная публіка не падзяляла музыкаў на зорак і малавядомых выканаўцаў, аднолькава цёпла прымала беларусаў, немцаў, ангельцаў, малдаванаў. Нават пад праліўным дажджом падтрымлівала музыкаў, танчыла пад “NRM”. І ўсё ж патрыятызм гаспадароў, іх стаўленьне да сваіх музыкаў ўражвае. У суботу днём на грунтоўцы перад вёскай Нарвялішкі быў аўтамабільны затор: сотні машын з усёй Літвы ехалі слухаць гурт “Skyle”. Гутару зь літоўскім хлопцам Эдвардам:

“Гурт называецца “Skyle”, а салістка Айстэ Сьмілгівічутэ. Гэта вельмі старая група і вельмі паважаная – за надзвычай якасную музыку”.

Карэспандэнтка: “І вы адмыслова прыехалі на слухаць іх?”

“Так-так-так. І наагул, адпачыць, паслухаць добрую музыку, пабыць зь сябрамі. Тут шмат усьмешак, добрае надвор’е, добрае піва, прыгожая прырода”.

Карэспандэнтка: “Гэта ўжо другі такі фэст. Як вы думаеце, ёсьць будучыня ў такіх фэстываляў?”

“Ну канечне, будучыня ёсьць! Фэстываль стане традыцыйным, і будзе толькі расьці – і ў колькасьці, і ў якасьці”.

Літоўскія музыкі таксама ў захапленьні ад фэсту, у прыватнасьці, чароўная салістка “Skyle”:

“Я Айстэ Сьмілгівічутэ, салістка гурту. Я сама не чакала такога цёплага прыёму, вельмі-вельмі задаволеная, як нас прымалі, і самім відовішчам вельмі ўражаная. Атмасфэра, публіка цудоўныя, сама ідэя такога фэстывалю – “Быць разам” – вельмі добрая”.

Гутару зь яшчэ адным удзельнікам фэстывалю:

“Скірмантас Кунявічус, барабаншчык. Вельмі прыемна, што зь Беларусі і Літвы ўсе жадаючыя могуць прыехаць – тут ужо такі літоўскі “Вудстак”. У кожнай краіне павінны праводзіцца такія фэсты, зьбіраць гурты з усяго сьвету. Сёлета вось ужо больш чым 70 гуртоў прыехала, шмат зорак. Летась “Morcheeba” была...”

Карэспандэнтка: “А самі каго хочаце паслухаць?”

“У прынцыпе, усе, хто тут выступае, для мяне цікавыя і прыемныя. Асаблівая атмасфэра тут: адчуваецца, што ўсе разам, з адкрытымі сэрцамі. Спадзяюся, што і ў наступным годзе, і надалей будуць праводзіцца тут такія фэсты. Трэба, каб і ў Беларусі такія фэстывалі былі. А то атрымліваецца, што мы можам, а вы ня можаце. Трэба і ў вас зрабіць”.

У намётавым гарадку, каля палаткі зь бел-чырвона-белым сьцягам сустрэла музычнага прадусара, аднаго з арганізатараў львоўскага фэсту “Be free” Аляксея Лукашэвіча. Пытаюся, чаму ў Беларусі няма такіх фэстаў:

“Калі рабіць фэсты альтэрнатыўнай музыкі, то атрымаць дазвол ад уладаў можна фактычна толькі за тыдзень, а тое і за тры дні да канцэртаў, прайшоўшы ўсе інстанцыі. А за 3 дні ўсё арганізаваць проста немажліва. Таму ўлады іншых краінаў ідуць насустрач – на прыкладзе Львова, – ці іншыя краіны ладзяць свае фэсты, і туды зьезьдзіць значна прасьцей. Канечне, хацелася б рабіць такія сьвяты і на Беларусі, былі спробы, былі размовы, але гэта ні да чаго пакуль не прывяло”.

А пакуль беларускія музыкі выступаюць часьцей за межамі краіны, чым на радзіме, а іх прыхільнікі вымушаныя пераадольваць візавыя перашкоды, каб паслухаць улюбёныя каманды. Сёлета прыхільнікаў “NRM” чакала яшчэ і выпрабаваньне навальніцай, праліўным дажджом. Лідэр гурту Лявон Вольскі публіку падбадзёрваў, як звычайна, жартаваў:

“Як ні дзіўна, зь беларускай тэрыторыі ўсё было чысьценька, сонца сьвяціла. А тут празь мяжу літаральна сто мэтраў – і дождж, навальніца. Самі бачыце, які дзяржаўны лад перамагае. Беларусь – гэта краіна стабільнасьці і сонца. А тут самі бачыце, што было, у гэтым капіталізьме жахлівым”.

Карэспандэнтка: “Ну канечне, вам было лепш, чым слухачам – над сцэнай не ня капала. Але я бачыла цалкам мокрую публіку, якая танчыла пад дажджом. Грэе гэта?”

“Грэе. Але публіка была, дарэчы, у дажджавіках, так што нічога страшнага...”

Карэспандэнтка: “А ты бачыў, які бруд быў на зямлі, і як яны босыя танчылі?”

“Я б сам з задавальненьнем са сваёй камандай пакачаўся ў гразі-брудзе, супэр! Гэта ж маладога чалавека толькі натхняе!”

Карэспандэнтка: “Ну а наагул, чаго сюды прыехалі? Чулі раней пра гэты фэстываль?”

“Так, чулі. Сёлета і нас запрасілі. Дарэчы – адна зь лепшых працаў людзей, якія выстаўлялі апаратуру. Мы шмат дзе выступалі, але тут кляс, нездакорна ўсё было. І без усялякіх беларускіх “пантоў”. Людзі спакойныя, клясныя, добразычлівыя”.

Музычны прадусар Аляксей Лукашэвіч перакананы:

«Беларусы – аптымісты па сваёй натуры, і мы верым, што прыйдзе той час, калі мы зможам і пабываць у сябе на такіх фэстах, запрашаць лепшыя каманды, рабіць на Беларусі такія вялікія музычныя фэстывалі».
XS
SM
MD
LG