Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне акупанта <img border="0" alt="" src="/img/icon-video.gif" /> <img border="0" alt="" src="/img/icon-photogallary.gif" />


Танкіст праз 40 гадоў вяртаецца ў горад, які акупаваў, ідзе ў касьцёл, на які была наведзеная гармата яго танка, атрымлівае ваду з рук гараджанаў, якія раней віталі яго словамі “Ні кроплі вады акупантам!”...

У 1968-м беларусу Валерыю Фінюку было 20 гадоў. Служыў у савецкай арміі, дзе стаў камандзірам танка пад нумарам 386. У жніўні яго экіпаж у першым эшалёне перасек межы Чэхаславакіі. Ехалі амаль без перапынку, каб на загад ураду СССР дапамагчы чэхаславацкім братам зьберагчы сацыялізм. Палявыя танкі на асфальце зь непрывычкі было цяжка ўтрымаць, нярэдка яны перакульваліся, у вадзіцеля на руках выскачылі крывавыя мазалі і ўвесь экіпаж перавязваў яму рукі...


У тым жа 1968-м чэху Карлу Гайку было 19. У жніўні ён, нядаўні выпускнік школы, толькі вярнуўся з адпачынку на Балатоне ў родны горад Тын над Влтавай. Сваё стаўленьне да акцыі “саюзных войскаў” ён вырашыў выказаць як мага больш выразна. У прыцемках напісаў на сьцяне касьцёлу па-руску як умеў: “Прага наше, Москва ваше. ” (гл. фота). Для трываласьці фарбы ў раствор вапны дадаў шмат яек.

У жніўні 2008-га беларус Фінюк і чэх Гаек з дапамогай Чэскага тэлебачаньня і Радыё Свабода дамовіліся на сустрэчу на колішняй акупаванай тэрыторыі. Былы танкіст цяпер працуе ў геалягічнай экспэдыцыі горада Баранавічы, па спэцыяльнасьці ён буравы майстар. А былы “спрэер” стаў пэдагогам, дырэктарам гімназіі, а ўрэшце і старастам Тына над Влтавай. Стараста яшчэ не ведае, што танкіст не выкінуў свой мундзір старшага сяржанта і сорак гадоў трымае яго ў шафе.



Танкіст яшчэ не ведае, што ў горадзе Тын над Влтавай разьвешаныя ўлёткі зь яго салдацкай фатаграфіяй 40 гадовай даўніны і надпісам “Яго шукаюць!” Ці пазнаюць яго гараджане? Што скажуць і як адрэагуюць? Як будзе выглядаць бераг Вэлтавы, дзе ён калісьці капаў акоп для свайго танка і цягнуў флягу, каб набраць рачной вады, бо пітной нідзе не давалі?



Суткі ў цягніку Фінюк не адрываецца ад вакна, памяць вяртае і вяртае сюжэты яго чэхаславацкай эпапэі. Савецкія камандзіры кажуць, што ў Чэхаславакіі контррэвалюцыя, сацыялізм ідзе ня ў той бок, сюды могуць вярнуцца заходнія немцы і нам трэба першымі ўскочыць... На вучэньнях у Польшчы ў танка пашкодзіўся мэханізм павароту вежы, яна можа павярнуцца максымальна на 45 градусаў, а не на ўсе 360. “Божа, калі якая вайна, думае камандзір, мяне ж першым заб’юць!” А ў Чэхаславакіі іх ніхто не чакае: назвы населеных пунктаў замазаныя, людзі крычаць і пішуць “Акупанты, ідзіце дамоў!” У Лібэрцы ў іх кідаюць яйкамі, пераварочваюць санітарныя і прадуктовыя машыны, у Бэнэшаве закідваюць улёткамі, а ў Тыне ён чытае: “ Прага наше, Москва ваше”...



– Дык дзе ваш танк? – пытаецца Валерыя Фінюка стараста Тына Карэл Гаек.
– Толькі на старых пагонах, – паказвае белагаловы танкіст.
– Тады будзьце вітаным госьцем!



На вяртаньне савецкага салдата людзі адгукнуліся па-рознаму: хто казаў, што быццам яго пазнае, хто плакаў і злаваўся, успомніўшы старую крыўду, хто знайшоў у шуфлядках уласныя чорна-белыя фота. Настаўніца-пэнсіянэрка, пабачыўшы здымачную групу, зацягнула ўсіх у двор і налівала ваду танкісту.

У музэі горада ў рукапіснай хроніцы, што вядзецца і да гэтага часу, адшукалі зьвесткі пра тое, што тагачасны стараста прасіў танкістаў адвярнуць ствалы пушак ад гораду, бо людзі баяцца. Танкісты выканалі просьбу, але Валеры Фінюк ведаў пра гэта сваё. Ён захаваў і прывёз дакумэнт, звычайны лісток у клетку, так званую картачку агня, якую ён уласнаручна мусіў накрэсьліць па загадзе камандаваньня . Так чэхі ўпершыню даведаліся, якія 7 галоўных арыенціраў іх гораду і ў якім парадку павінны былі быць абстраляныя ў выпадку загаду савецкіх камандзіраў.



Што праўда, у Тыне савецкія танкісты не зрабілі ніводнага стрэлу. І гэта аблягчыла працэс узаемных успамінаў: стараста з танкістам перайшлі на “ты” і паказалі адзін аднаму месцы свайго чыну.



Ад’яжджаючы дамоў, Валерый Фінюк вырашыў пакінуць усе свае “рэліквіі” музэю горада Тын над Влтавай: мундзір, арыгіналы лістовак, картачку агня. Ён прызнаўся, што канспэктуючы на палітзанятках прамовы савецкага генсека, у душы пагаджаўся са словамі адной з улётак: ваш прыход – гэта трагічная памылка.



Стараста Гаек прызнаўся, што па яго ініцыятыве ў горадзе была перайменаваная вуліца Руская. Але беларусу Фінюку ён сказаў: не кайся, у якой меры салдат адказвае за памылкі свайго ўраду? Галоўнае, што ты зразумеў, ад чаго прыходзіў нас вызваляць.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG