Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11-ты дзень алімпійскіх спаборніцтваў нарэшце стаў шчасьлівым для зборнай Беларусі.

Адзін з самых маладых удзельнікаў беларускай каманды, 20-гадовы штангіст з Барысава Андрэй Арамнаў ня толькі заваяваў залаты мэдаль, але і ўсталяваў тры сусьветныя рэкорды. А вось ці не галоўнае залатое спадзяваньне зборнай Беларусі, вэлягоншчыца Натальля Цылінская, апынулася па-за бортам Алімпіяды: у двух чвэрцьфінальных заездах чэмпіёнка сьвету прайграла кітайскай суперніцы. Не пацьвердзіла свайго алімпійскага клясу і кідальніца дыску Эліна Зьверава, якая фінішавала толькі шостай.

Цяжкаатлет Андрэй Арамнаў у вагавай катэгорыі да 105 кіляграмаў першым заваяваў золата для Беларусі на Алімпіядзе ў Пэкіне. Стаўкі на Арамнава рабіліся досыць асьцярожныя, бо досьведу выступаў такога рангу ў актыве спартоўца яшчэ няшмат. Аднак, як расказаў праз тэлефон з Пэкіну галоўны трэнэр цяжкаатлетычнай зборнай Беларусі Аляксандар Ганчароў, задача-максымум, пастаўленая перад ягонымі выхаванцамі, выкананая. Нагадаю, што некалькі дзён таму срэбра ў скарбонку беларусаў паклаў яшчэ адзін штангіст, Андрэй Рыбакоў:

“Настрой, як вы здагадаліся, у мяне цудоўны. Справа ў тым, што каманда выканала ўсе задачы, якія былі перад ёй пастаўленыя. Усе хлопцы, якіх я назваў, усе цудоўна спрацавалі. Тым больш што Арамнаў скончыў выступы, усталяваўшы тры рэкорды сьвету, зь вялікім адрывам у 13 кіляграмаў выйграўшы ў расейскага спартоўца. Таму што я магу сказаць? Наша каманда, мы ўсе зрабілі ўсё, што маглі. Таму я вельмі ганаруся сваімі хлопцамі, я вельмі рады за сваю краіну, за наш від спорту. Я ганаруся і перапоўнены пачуцьцём задавальненьня і ўсяго на сьвеце. Дзеля такіх момантаў варта жыць”.

Цяпер у актыве беларусаў 11 мэдалёў — адзін залаты, тры срэбныя і сем бронзавых. Дзякуючы ўзнагародзе найвышэйшай вартасьці беларускія пазыцыі істотна палепшыліся, і зь пятага дзясятку ў агульным раскладзе Беларусь пасунулася на 28 месца.

Сёньня мэдалёвая скарбонка магла істотна папоўніцца, аднак ня спраўдзілі чаканьняў куды больш дасьведчаныя за Арамнава майстры. Так і не скарылася Алімпіяда васьміразовай чэмпіёнцы сьвету Натальлі Цылінскай, якая ўзяла практычна ўсе тытулы ў вэлятрэку. Сёньня яна прайграла кітайскай спартоўцы, а напярэдадні зь вялікай цяжкасьцю трапіла ў чвэрцьфінал.

Па-за п'едэсталам апынулася і алімпійская чэмпіёнка 2000 году ў кіданьні дыску Эліна Зьверава. Яна заняла шостую пазыцыю, яе калега Ірына Ятчанка спынілася на 11-м месцы.

Вядомая беларуская гімнастка Тацяна Трафімовіч, жонка трохразовага алімпійскага чэмпіёна ў веславаньні Ўладзімера Парфяновіча, была ў эскорце факеланосца Аляксандра Мядзьведзя на адкрыцьці спаборніцтваў у Менску ў рамках Алімпіяды-1980. Цяпер спадарыня Тацяна кіруе гімнастычнай школай і ў першую чаргу перажывае не за гімнастак, а за баскетбалістак і трэнэра Анатоля Буяльскага:

“Я жадаю ім мэдаля. Вядома, гэта вышэй галавы, можа нават, вышэй трох галоваў, але шчыра за іх перажываю. Я добра ведаю трэнэра, ягоная дачка трэніруецца ў нашай школе. Мы шмат размаўлялі, калі ён прыводзіў дачку. І мне здаецца, што дзяўчаты ў яго проста закаханыя, па-чалавечы вельмі цёпла ставяцца. Калі глядзіш на іх калектыў нават збоку, назіраеш па тэлебачаньні, — у іх такія вочы, што яны яму вераць. Ён верыць у іх, яны ў яго. І ў выніку вось такога сымбіёзу ўсё само па сабе супала. Я ўпэўненая, што ён вельмі прафэсійны трэнэр і вельмі прыстойны ў адносінах да дзяўчат. І гэта яны цэняць, паважаюць яго за гэта. Таму гатовыя на ўсё. Малайцы!”

Тацяна Трафімовіч прызнаецца, што ня мае асаблівых спадзяваньняў на апошні тыдзень знаходжаньня беларусаў у Пэкіне:

“Не хачу нават гаварыць. Па спартовай гімнастыцы ў нас жа застаўся толькі парны скачок, дай Божа хлопцу ўдачы. Наконт мастацкай гімнастыкі не хачу нічога казаць, як ёсьць, так і будзе. Таму што на нябёсах усё ўжо вядома. Увогуле я перажывала за Кацю Карстэн і вельмі ёй спачуваю. Але ўсё роўна яна малайчына. За Івана Ціхана таксама вельмі перажывала, кажуць, што вельмі прыстойны чалавек, ён мне вельмі імпануе, і я яму, можна сказаць, сымпатызую. За яго душа таксама балела”.

Сёньня адзіны прадстаўнік Беларусі ў спартовай гімнастыцы, Дзьмітры Касьпяровіч, у апорным скачку заняў шостае месца. Апроч таго, скакун Дзьмітры Платніцкі ня здолеў прайсьці кваліфікацыю ў патройным скачку, спыніўшыся на 22-й пазыцыі. А лёгкаатлет Максім Лынша не прабіўся ў наступны раўнд спаборніцтваў на дыстанцыі 110 мэтраў з бар'ерамі пасьля першых забегаў.

Пэўныя алімпійскія пэрспэктывы застаюцца ў канаістаў — беларускі экіпаж у складзе братоў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў трапіў у фінал з найлепшым часам. Цяпер засталося паўтарыць такі ж вынік у асноўным заплыве. Яшчэ ў фінальную частку трапілі Аляксандар Жукоўскі на каноэ-адзіночцы, а таксама беларуская чацьвёрка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG