Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены з турмы Аляксандар Казулін сёньня правёў шэраг сустрэчаў з апазыцыйнымі палітыкамі. Ён пазьбягае кантактаў з журналістамі да прэсавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца 20 жніўня.

Многія лідэры палітычных партый і рухаў ужо мелі размовы з былым палітвязьнем.

16 жніўня адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі Аляксандра Казуліна вызвалілі зь віцебскай турмы, дзе ён адбываў 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 25 сакавіка 2006 году, пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх спадар Казулін удзельнічаў у якасьці кандыдата.

Аляксандар Казулін не дае інтэрвію нікому з журналістаў. 17 жніўня ён быў на пахаваньні свайго цесьця ў Дзяржынску. Дачка Казуліна Вольга паведаміла, што сёньня цягам дня яе бацька сустракаецца зь лідэрамі палітычных партый. Сваякі спадзяюцца, што ў хуткім часе ён абсьледуецца ў шпіталі і паправіць сваё здароўе.

“Цяпер ён камэнтуе такім чынам, што праводзіць кансультацыі і прамацвае глебу стану Беларусі на дадзены момант. Праводзіць вельмі шмат сустрэчаў і, натуральна, ні хвіліны вольнай... Тэлефон ён адмыслова не заводзіць. Я бачу, колькі сустрэчаў і колькі людзей, зь якімі ён кантактуе.

Вядома ж, яму добра было б як мае быць абсьледавацца. Можа, легчы на тыдзень ці два ў шпіталь, каб яму там хаця б імунітэт паднялі дый усё астатняе. Як бачыце, пакуль на гэта няма часу”.

Лідэр аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч меў сустрэчу з Аляксандрам Казуліным. Ён апавёў “Свабодзе”:

“Ён быў адарваны ад палітычнага жыцьця і, безумоўна, я думаю, што яму найлепшай падтрымкай цяпер будзе абсалютна сумленнае ўзгадненьне плянаў аб намерах і г.д. Чым здолеў, тым я яму дапамог.

Безумоўна, Аляксандар Казулін нават без афіцыйнай пасады кіраўніка партыі зьяўляецца фактарам беларускай палітыкі. Цяпер ужо яго справа, як распарадзіцца тым патэнцыялам, які ён атрымаў дзякуючы сваёй мужнасьці”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама меў сустрэчу з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта:

“Чым займаецца цяпер Аляксандар Казулін? Ну, відаць, тым, чым ён займаўся ўвесь апошні час: палітыкай і палітычнай дзейнасьцю. Ён не зьбіраецца ні ў эміграцыю, ні зьмяняць род заняткаў. Таму вось мы сёньня дзьве з паловай гадзіны й гаварылі пра палітыку, пра палітычную сытуацыю ў краіне, пра пэрспэктывы супольнай працы і ўзаемадзеяньня. Я думаю, што гэта было карысна і для яго, і для мяне. Засталося толькі адно — тое, пра што мы размаўлялі, рэалізоўваць на практыцы”.

Дагэтуль няма афіцыйных камэнтароў наконт усіх умоваў вызваленьня Аляксандра Казуліна. У МУС толькі паведамілі, што яго вызвалілі згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, і што судзімасьць былому палітвязьню не зьнялі. Прэсавая служба Аляксандра Казуліна распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім былы палітвязень заявіў, што ягонае вызваленьне — акт справядлівасьці, а не гуманнасьці, бо ніякага злачынства ён не зьдзяйсьняў.

Праваабаронца і паплечнік Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч паведаміў, што штаб Казуліна будзе патрабаваць ад дзяржавы поўнай рэабілітацыі і два мільёны эўра маральнай кампэнсацыі.

За кратамі застаюцца яшчэ два палітвязьні — Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Іх адвакаты лічаць, што ў хуткім часе яны таксама выйдуць на волю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG