Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я супраць байкоту і ня стану падманваць тых, хто за мяне”


Грамадзкі рэдактар тыдня Яраслаў Берніковіч.


Яраслаў Берніковіч вылучаецца ў парлямэнт па Глыбоцкай акрузе № 22, куды ўваходзяць Глыбоцкі, Докшыцкі і Вушацкі раёны. За кароткі тэрмін каманда Яраслава Берніковіча сабрала звыш 3,5 тысячы подпісаў выбарцаў. Аднак у апошні час у дэмакратычным асяродку загаварылі пра байкот выбараў. Як ставіцца да гэтай ідэі спадар Берніковіч, які займае адно зь першых месцаў у краіне па зборы подпісаў выбарцаў?

“Учора быў у Менску і бачыў налепкі: “Байкот!”, “Байкот!” Аднак я асабіста супраць таго, каб здымаць кандыдатуры.

Кампанію мы пачыналі, упэўненыя, што наўрад ці хто з апазыцыйных ці так званых незалежных кандыдатаў стануць у рэшце рэшт дэпутатамі. І , натуральна, асаблівага жаданьня ўдзельнічаць у такіх выбарах не было.

Аднак збор подпісаў пераканаў мяне зь сябрамі: удзельнічаць якраз трэба. Дастаткова сказаць, што амаль кожны чацьвёрты выбарца аддаў свой подпіс за мяне. А яшчэ былі такія, хто адмаўляліся гэта рабіць, бо баяліся, аднак запэўнівалі: на ўчастку прагаласуюць менавіта за мяне.

І што — цяпер я штодня буду сустракацца з глыбачанамі і тлумачыць: Берніковіч не спужаўся ціску ўладаў, затрыманьня КДБ, аднак зьняўся з дыстанцыі, бо вырашыў — выбары недэмакратычныя?..

А што — раней я гэтага ня ведаў? Ці раней ўсё было інакш?

Таму не зьбіраюся падманваць ні каманду, якая ўжо “падставілася” падчас збору подпісаў, ні выбарцаў, якія падтрымалі мяне.

Нават калі палітрада АДС прыме рашэньне пра байкот, я ўсё роўна здымаць сваю кандыдатуру ня буду. Яна прымае шмат рашэньняў, аднак пакуль ніякай карысьці ад таго ня бачу, на жаль…

Насамрэч дэмакратычнай апазыцыі не стае еднасьці: два сьпісы, два падыходы… Калякін кажа: трэба ісьці да канца, Івашкевіч цьвердзіць іншае: мы аддамо загад сваім людзям зьняць свае кандыдатуры…

Таму ня думаю, што АДС прыме агульнае рашэньне.

І гэтую выбарчую кампанію я асабіста давяду да лягічнага канца”.


Некалькі выказваньняў для журналістаў “Свабоды”:

— Шчыра віншую з выхадам на волю Аляксандра Казуліна, які два з паловай гады жыцьця правёў за кратамі. Ягонае вяртаньне — надзвычай важная падзея для ўсёй беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Веру ў палітычную пэрспэктыву гэтага лідэра.

— …Сёлетняя выбарчая кампанія для мяне далёка ня першая. Але такую зычлівасьць і актыўнасьць землякоў бачу ўпершыню — амаль кожны чацьвёрты выказаў нам сваю падтрымку.

— …Чаму губэрнатар вобласьці спадар Андрэйчанка ідзе менавіта па Глыбоцкай акрузе? Усё проста: мне шукалі годнага канкурэнта.

— Мой любімы пісьменьнік — Уладзімер Караткевіч. Нават не магу прыгадаць, колькі разоў перачытваў ягонае “Дзікае паляваньне”… У музыцы непераборлівы: слухаю ад шансона і папсы да року. Сярод любімых групаў — “Н.Р.М.”, сярод любімых дыскаў — “Песьні Свабоды”, а там — гурт “Чырвоным па белым”.

— Адзін з самых убогіх і шкодных лёзунгаў часу — “Беларусу шмат ня трэба: чарку ды скварку!” Ён прымітывізуе нас як нацыю, як людзей дваццаць першага стагодзьдзя.

У пятніцу на замову грамадзкага рэдактара “Свабоды” Яраслава Берніковіча прагучыць перадача на тэму “Кулінарыя як частка нацыянальнай ідэі”.


Яраслаў Берніковіч нарадзіўся 1.11.1966 году ў вёсцы Варанцы Глыбоцкага раёну. Скончыў Бабруйскі сельгастэхнікум, летась — Расейскую Акадэмію прадпрымальніцтва, прафэсія — мэнэджэр па сувязях з грамадзкасьцю. Навучаецца ў менскім Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва на юрыдычным факультэце. Праходзіў стажыроўкі ў Чэхіі, Польшчы, Швэцыі, Літве, Бэльгіі.

Служыў у 1987—92 гг. на Далёкім Усходзе: інструктарам палітаддзелу, намесьнікам камандзіра ўзводу.

Працаваў прарабам у калгасе імя Чапаева, майстрам будаўнічага ўчастку Глыбоцкага райпа, намесьнікам дырэктара міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”. Цяпер — намесьнік гендырэктара ТАА Упраўляючая кампанія “Беларусь Капітал Мэнэджмэнт”.

Сябра партыі БНФ з 1999 году.

Жанаты. Выхоўвае сына.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG