Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўнага друку за 18 жніўня.

Навошта Беларусі марскі флёт, колькі грошай выдаткавана на яго стварэньне, і які прыбытак могуць прынесьці гэтыя інвэстыцыі патэнцыйна, - дасьледуе газэта “Белорусы и рынок» ў артыкуле“Амбіцыйны праект у тумане” Тацьцяны Манёнак. Праект па стварэньні марскога гандлёвага флёту Беларусь распачала яшчэ ў 2004-м годзе, але рэалізуецца ён вельмі марудна.
“Трагедыя, прадвызначаная савецкім мінулым” – пад гэтай назвай друкуецца матэрыял Аляксандра Грыцанава, прысьвечаны грузінскаа-асэтынскаму канфлікту. На погляд журналіста, прычына нядаўніх падзеяў – спадчына савецкай нацыянальнай палітыкі 90-гадовай даўніны. “Расея не змагла захаваць нэўтралітэт у канфліктах на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Яна пачынае разглядаць сябе як асноўнага гаранта міру і парадку на тэрыторыі былога СССР”, – робіць выснову Аляксандар Грыцанаў.

Грузінскі канфлікт ёсьць тэмай нумару і сьвежай “Белгазеты”. Але галоўным акцэнтам праблемы выданьне абрала беларускі кантэкст. Распавядае намесьнік рэдактара Віктар Марціновіч:

“Перамовы Сідорскага з Пуціным праваліліся пасьля таго, як Беларусь вельмі карэктна павяла сябе ў дачыненьні да Грузіі. І мы робім выснову, што цяпер нейкі вельмі пераломны момант для Беларусі: нам трэба рабіць выбар: ці то мы грузіны, ці то мы расейцы... Ніводны з гэтых выбараў не падаецца нармальным. Артыкул гэты называецца “Россия щедрая, душа” – дзе слова “душа” – гэта дзеепрыслоўе...”

Таксама на старонках ”Белгазеты” – сытуацыя фармаваньня складу камісіяў на выбарчых участках. У склад гэтых камісіяў ня ўвойдуць прадстаўнікі дэмакратычных партый. Гэты факт вельмі ўскладніць задачу лорда Бэла, які мусіць стварыць дэмакратычны імідж беларускім выбарам у парлямэнт.

Газэта “Вечерний Брест» распавядае пра падрыхтоўку г.Століна да “Дажынак-2008”. “Яшчэ нядаўна цэнтральная частка гораду нагадвала разбураны мурашнік. Але чым бліжэй восень, тым меншымі становяцца межы будоўлі”, – піша “Вечерний Брест”. На сёньняшні дзень будаўнікі засвоілі каля 13 мільярдаў рублёў.

У артыкуле “Шэсьць сотак нерухомасьці» – пра істотныя зьмены на рынку дачных дзялянак. Зусім нядаўна старшыні садовых аб’яднаньняў скардзіліся на адсутнасьць пакупнікоў, а цяпер попыт на загарадныя ўчасткі вельмі высокі. Тлумачэньне простае – загарадныя ўчасткі набываюць, каб пабудаваць там паўнавартаснае жытло. З сучаснымі сыстэмамі ацяпленьня і каналізацыі. Не дадаткова, а замест жытла ў горадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG