Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін перанёс сустрэчу з журналістамі на сераду


Сёньня на інтэрнэт-сайце Аляксандра Казуліна будзе разьмешчаны прэс-рэліз пра абставіны вызваленьня нядаўняга палітвязьня. Аляксандра Казуліна вызвалілі 16 жніўня зь Віцебскай калёніі, дзе ён адбываў пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле злоснага хуліганства.

Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта трымалі пад вартай ад 25 сакавіка 2006 году.

Аляксандар Казулін дагэтуль не дае ніякай інфармацыі журналістам. 16 жніўня яго дачка Вольга паведаміла, што калі яна даведалася пра сьмерць дзядулі (бацькі Ірыны Казулінай), патэлефанавала начальніку калёніі і папрасіла перадаць гэтую вестку тату.

Празь нейкі час Аляксандар Казулін сам патэлефанаваў ёй і сказаў, што яго вызвалілі і ён едзе дадому. Крыху пазьней высьветлілася, што палітвязьня вызвалілі назаўсёды, а не на пахаваньне, як гэта было напрыканцы лютага, калі памерла ягоная жонка.

Вольга Казуліна паведаміла, што 17 жніўня бацька паедзе ў Дзяржынск на пахаваньне цесьця і толькі ў панядзелак сустрэнецца з журналістамі. Учора Аляксандар Казулін вырашыў перанесьці сустрэчу з журналістамі на 20 жніўня. Сёньня раніцай на ягоным інтэрнэт-сайце будзе разьмешчаны прэс-рэліз.

“Прэс-рэліз на сайце недзе ў 10, – гаворыць Вольга Казуліна. – Прэс-канфэрэнцыя будзе ў сераду, то бок асноўная інфармацыя пойдзе ў панядзелак пра тое, што цікавіць на дадзены момант журналістаў, а ў сераду будзе ўжо пашыраная прэс-канфэрэнцыя. Не, ну мы ж не даем інтэрвію, каб не пакрыўдзіць нікога з журналістаў, каб потым не атрымалася так, што мы кагосьці падманулі”.

Дагэтуль застаецца невядомым, на якіх умовах адбылося вызваленьне Аляксандра Казуліна. Палітыкі лічаць, што ўлады вымушаныя былі саступіць ціску міжнароднай дэмакратычнай грамадзкасьці і пайшлі на такі крок з-за пагаршэньня эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне.

ЗША і краіны Эўразьвязу патрабуюць вызваленьня ўсіх палітвязьняў. За кратамі застаецца Андрэй Кім, якога пакаралі зьняволеньнем на паўтара году, абвінаваціўшы у пагрозе міліцыянту падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Сяргея Парсюкевіча, рэгіянальнага лідэра прадпрымальнікаў зь Віцебску, пасадзілі на два з паловай гады, абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта зьбіў ахоўніка, калі адбываў арышт за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG