Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэкін-2008: майка, кепка і акуляры ад сонца

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Нягледзячы на тое, што да заканчэньня Алімпіяды ў Пэкіне застаецца тыдзень, гаспадары Гульняў ужо могуць лічыць іх поўнасьцю “сваімі”. Па графіку заваяваньня залатых алімпійскіх мэдалёў яны ідуць са значным апярэджаньнем.

І ліквідаваць адрыў менавіта ў золаце наўрад ці ўдасца нават зборнай ЗША, якая шмат у чым намаганьнямі плыўца Майкла Фэлпса (ён выканаў сваё абяцаньне здабыць 8 залатых мэдалёў), шчыльна дыхае ў патыліцу кітайцам.

Зрэшты, пры надзвычай высокай арганізацыі Алімпіяды застаецца толькі дзівіцца зь мясцовых валянтэраў, якім можа нічога не гаварыць прозьвішча таго ж Фэлпса, затое яны з задавальненьнем усьміхнуцца, пачуўшы, напрыклад, пра свайго славутага гімнаста пары 1980-х Лі Ніна ці цяперашняга залатога ляўрэата ў практыкаваньні на кані Сяо Ціня. Што называецца, кожны млын на сваё кола ваду цягне.

Дзіўна, але дагэтуль у фірмавых крамах, дзе прадаюцца тавары і сувэніры з алімпійскай сымболікай, не ўдалося пабачыць ніводнага экзэмпляра з выявай якой-небудзь кітайскай “зоркі”. Відавочна, што кітайскі патрыятызм носіць выключна калектыўны характар.

Між тым цэны на сувэніры, якія цяпер пачкамі зьмятаюцца з паліц крамаў, крыху нават падрасьлі. Сёньня кубак з выяваю бегуна абыдзецца дзесьці ў 7 даляраў, прыкладна па такой жа цане талісманы-чалавечкі. Больш прыйдзецца выкласьці за баваўняную майку (14 даляраў) ці тэніску (14-15 даляраў).

А яны якраз той тавар, што трэба. Ужо другі дзень у Пэкіне стаіць цёплае надвор’е, якое можа пераходзіць у сьпякотнае. Неабходныя рэчы пры спэцыфічным пэкінскім клімаце – натуральная майка, кепка і акуляры ад сонца.
XS
SM
MD
LG