Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нават праз 100-200 ці нават болей гадоў гісторыкі Алімпійскіх гульняў ня змогуць абысьці дзень 17 жніўня 2008 году. Менавіта сёньня амэрыканскі плывец Майкл Фэлпс заваяваў свой восьмы (!) залаты мэдаль на адной Алімпіядзе. Зрабіць такое ня здолеў ніколі ніводзін атлет у сьвеце.

Ад сёньняшняга дня 23-гадоваму Майклу Фэлпсу належыць самы ганаровы тытул у спорце – найлепшы алімпіец усіх часоў і народаў. Ён перакрыў дасягненьне іншага амэрыканца Марка Сьпітца, які ў 1972 годзе ў Мюнхэне “вывудзіў” з алімпійскага басэйну сем залатых мэдалёў. А ўсяго Майкл Фэлпс мае ўжо 14 тытулаў алімпійскага чэмпіёна. І гэта таксама найлепшае ў сьвеце дасягненьне.

Заслужаны трэнэр Беларусі ў плаваньні Ўладзімер Зьвернік, у мінулым адзін з трэнэраў каманды Савецкага Саюзу, не знаходзіць шмат словаў, каб выказаць сваё захапленьне:

“Гэта, вядома, фэномэн большы за Сьпітца. Машына наймагутнейшая. Гэта – сапраўдны фэномэн”.

Спадар Зьвернік кажа, што такія людзі нараджаюцца вельмі рэдка. Ім сама прырода дае нешта надзвычайнае. І параўноўвае Майкла Фэлпса з савецкім плыўцом Уладзімірам Сальнікавым:

“Калі б мы не прапусьцілі Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе, дык нешта падобнае за тры Алімпіяды мог мець і Валодзя Сальнікаў. Таму што гэта таксама была машына. У яго аорта была таўшчынёй з руку чалавека. Кроў там ішла ўва ўсе клеткі будзь здароў як!”

Тут трэба згадаць, што атлеты СССР разам з бальшынёй краінаў тагачаснага сацыялістычнага лягеру з палітычных прычынаў байкатавалі Алімпійскія гульні у амэрыканскім Лос-Анджэлесе.

Плыўцы Беларусі ў алімпійскім басэйне Пэкіну нічога значнага не паказалі. Найлепшы вынік – восьмае месца – мела сёньня Аляксандра Герасіменя на дыстанцыі 50 м вольным стылем.

Уладзімер Зьвернік згадвае, што Аляксандра Герасіменя фактычна згубіла два гады:

“Яе падставілі нашыя ж. Цяпер ужо пра гэта можна дакладна казаць. Далі ёй нешта выпіць, а потым прызналі невыязной на буйныя спаборніцтвы. Допінг! Яна страціла два гады.

Потым яна атрымлівала мэдалі – і на чэмпіянаце Эўропы, і на чэмпіянаце сьвету. Але не на алімпійскіх відах праграмы – прыкладам, на 50 мэтрах дэльфінам альбо на сьпіне. Гэта – добра. Але гэта не алімпійскія віды”.

У беларускай каманды сёньня былі вялікія спадзяваньні на першае “золата” пэкінскай Алімпіяды. У спаборніцтвах у кіданьні молата ўсе чакалі перамогі ад Івана Ціхана. Не атрымалася. У капітана беларускай алімпійскай каманды – толькі “бронза”: 81 мэтар 51 сантымэтар. На другім месцы – беларускі атлет Вадзім Дзевятоўскі, які абышоў таварыша роўна на 10 см. Але абодва яны саступілі алімпійскаму чэмпіёну Прымазу Козмусу са Славеніі – 82 м 2 см.

Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1964 году ў Токіё Рамуальд Клім глядзеў спаборніцтвы па тэлебачаньні. Ён упэўнены – беларускія кідальнікі не слабейшыя за славенца. “Дык што ж тады перашкодзіла ім перамагчы?” – спытаўся я ў спадара Кліма.

“А я што хіба там быў?! Я зь імі не размаўляў. Вось вернуцца, запытайцеся ў іх”.

Адчуваецца, што Рамуальд Клім пакрыўджаны. І не таму, што яго не запрасілі паехаць у Пэкін. Да яго не зьвяртаюцца па парады нават тут, у Менску. І гэта пры тым, што тэхніка кіданьня молата, якой валодае алімпійскі чэмпіён Токіё, дагэтуль лічыцца эталённай:

“Каму я патрэбны? Я заўжды кажу праўду. А гэта не падабаецца...”

А як выступілі іншыя беларускія алімпійцы сёньня? У фэхтаваньні на шаблях Аляксандар Буйкевіч, Валеры Прыёмка і Зьміцер Лапкес занялі пятае месца. Спачатку яны саступілі італьянцам, але пасьля перамаглі каманды Эгіпту і Кітаю.

Баскетбалісткі Беларусі саступілі дзяўчатам з Бразыліі – 53:68. Але вынік гэтай гульні ніяк не адбіўся на трэцім месцы нашых дзяўчат у сваёй групе. У аўторак у чвэрцьфінале беларускі згуляюць з камандаю Кітаю.

Гераіня мінулай Алімпіяды Юлія Несьцярэнка не змагла выйсьці ў фінал алімпійскай стомэтроўкі. У паўфінале яна была пятай.

У стральбе з малакалібэрнай вінтоўкі Віталь Бубновіч стаў 29-м, а Сяргей Мартынаў – 34-м.

У вольным дужаньні Вольга Хілько прайграла ў 1/8 фіналу Моніцы Міхалік з Польшчы.

Натальля Цылінская выйшла ў 1/4 фіналу спрынтэрскіх гонак на алімпійскім трэку праз суцяшальны заезд, дзе яна была першай.

Пасьля розыграньня паловы ўсіх узнагародаў мэдалі маюць ужо каманды 68 краінаў. Па “золаце” на першым месцы гаспадары Алімпіяды – 35 мэдалёў. Па агульнай колькасьці мэдалёў перавага на баку алімпійцаў ЗША – 65.

Алімпійцы Беларусі маюць тры сярэбраныя і сем бронзавых мэдалёў, што дае ім агульнае 42-е месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG