Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэкін: кітайцы крышку “прытармазілі”

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Роўна тыдзень застаецца да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Пэкіне.

Праўда, ужо цяпер відавочна, што кітайцаў наўрад ці каму ўдасца дагнаць. Да выкананьня пляну на 40 залатых мэдалёў ім яшчэ застаецца "чортаў тузін". Хоць здабываць золата гаспадарам Алімпіяды становіцца ўсё цяжэй...

Трэнэры некаторых краінаў ужо выказвалі скаргі ў адносінах да судзейства і вельма частага наведваньня вядучых спартоўцаў прадстаўнікамі Ўсясьветнай антыдопінгавай асацыяцыі. Пасланцамі арганізацыі, што змагаецца за чысьціню алімпійскіх радоў, зьяўляюцца ў асноўным кітайцы.

Тым ня менш уплыў “фактару гаспадароў” на ход Гульняў з кожным днём меншае. Першым “званком” можна лічыць сытуацыю, калі кітайскаму цяжкаатлету Лу Ёну не залічылі штуршок штангі вагою 214 кіляграмаў, пасьля чаго ў беларуса Андрэя Рыбакова зьявілася надзея на залаты мэдаль. Праўда, кітайскі атлет, напампаваны нацыянальнай патрыятычнай ідэалёгіяй і разуменьнем надзвычайнай важнасьці перамогі, змог вытрымаць іспыт і пры паўторнай спробе даў рады штанзе.

Адразу тры кітаянкі прабіліся ў фінальную частку ў кіданьні ядра, якая прайшла ў суботу. На шчасьце суперніц, ніхто зь іх не змог “зрабіць пагоды” ў кідковым сэктары, што аказалася поўнай нечаканасьцю і для ўсіх заўзятараў. На пэкінскіх Гульнях яшчэ, здаецца, не было такога, каб хтосьці з гаспадароў, якія выступалі ў фінале, застаўся без узнагароды.

Між тым арганізатары Гульняў па-ранейшаму строга прытрымліваюцца ня толькі мэдалёвага графіку, але і правілаў унутранай бясьпекі гасьцей. Літаральна дзень таму ў перадвячэрні і начны час да каманды валянтэраў і паліцыянтаў, якія нясуць службу кругласутачна, пачалі прыстаўляцца па два-тры ўзброеныя аўтаматамі паліцыянты з аддзелу спэцыяльнага прызначэньня. Прынцып “бясьпека перадусім” пакуль што выконваецца сьвята...
XS
SM
MD
LG