Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі канфуз гомельскага “Вадаправодчыка” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Гомельская скульптура “Вадаправодчыка”, якую гарадзкія ўлады ўстанавілі сёлетняй вясной на вуліцы Малайчука ля прадпрыемства “Гомельводаканал”, праўдападобна, набывае эўрапейскую вядомасьць.

Нядаўна такую ж скульптуру ўсталявалі і ў Бабруйску. Але вось незадача: як выявіла “Комсомольская правда” в Беларуси”, гомельская скульптура, а за ёй і бабруйская – дакладныя копіі скульптуры, якая не адзін дзясятак гадоў стаіць у цэтры Браціславы й стала, па сутнасьці, сымбалем славацкай сталіцы.

І гомельскую, і бабруйскую скульптуры вырабілі на адным прадпрыемстве – заводзе “Цэнтраліт” у Гомелі.

Кіраўнікі “Гомельвадаканала” пасьля публікацыі ў “КП” пазьбягаюць якіх-небудзь камэнтароў з нагоды эўрапейскага канфузу. Вядома, аднак, што скульптуру замовіў на “Цэнтраліце” дырэктар “Гомельводаканала” Анатоль Тынянка, які сьцьвярджае, што нават ня чуў пра славацкага вадаправодчыка.

Першая гарадзкая вадакалёнка
Гамельчукі да свайго вадаправодчыка ставяцца пераважна станоўча. Тым больш што ля будынку адміністрацыі “Гомельвадаканала” ўсталяваны яшчэ дзьве цікавыя рэчы – першая гарадзкая вадакалёнка й вялізарная заслонка вадавода.

Спадар: “Нармальна, прыгожа. Мне падабаецца”.

Спадарыня: “Спадабалася нам. Скульптурка такая, зроблена прыгожа”.

Спадарыня: “Яна ж не перашкаджае, няхай стаіць, хто-небудзь пацікавіцца. І дзеці пацікавяцца”.

Маладую жанчыну не бянтэжыць, што гомельскі вадаправодчык скапіяваны з браціслаўскага. Яна адзначае своеасаблівы настрой вадаправодчыка, які, нібы жывы, толькі што высунуўся з адчыненага люка:

“Як быццам зь люка вылез і адпачывае. Вельмі задаволены і, мабыць, вельмі даражыць сваёй прафэсіяй. Нічога ня бачу дрэннага, калі нават яго скапіявалі”.

Іншыя гараджане лічаць ня надта этычным такі адкрыты плягіят – з гэтым, калі хочуць, няхай разьбіраюцца адпаведныя структуры па абароне аўтарскіх правоў.

Але карысць гораду ад скульптуры немалая. Так, прынамсі, мяркуе дасьціпная гараджанка:

“Мне падабаецца, што сталі ставіць скульптуры рабочым людзям, не адным толькі вурдалакам, кшталту Леніна-Сталіна. Тым больш, што вадаправодчык зроблены вельмі добра. Ня тое, што ўся іншая аляпаватая навала, запаланіўшая паўгораду – усё гэтыя скульптуры кратоў, дзюймовачак ды іншай лухты”.
XS
SM
MD
LG