Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры рыхтуюць альтэрнатыву “Лініі Сталіна” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Пад Паставамі на Віцебшчыне ўдзельнікі міжнароднага валянтэрскага летніку вывучаюць абарончыя збудаваньні часоў Першай усясьветнай вайны, а таксама займаюцца добраўпарадкаваньнем старых габрэйскіх могілак.

Паводле Антона Астаповіча, старшыні Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, валянтэрскі летнік гэтая грамадзкая арганізацыя сёлета ладзіць упершыню. Цягам трох тыдняў на Пастаўшчыне разам працуюць валянтэры зь Беларусі і Польшчы.

Як распавёў спадар Астаповіч, летнік праводзіцца ў межах міжнароднай праграмы “Memoria”, скіраванай на захаваньне гістарычнай спадчыны Эўропы. Менавіта цікаўнасьць да гісторыі аб’яднала ўдзельнікаў летніку – школьнікаў, студэнтаў і людзей ужо сталага веку, сярод якіх і бізнэсовец, і настаўніца, і юрыст, і супрацоўнік кінастудыі.

Аб’екты для валянтэрскай дзейнасьці, паводле Антона Астаповіча, таксама былі абраныя невыпадкова:

“Гэты ж год юбілейны: 90 год ад сканчэньня Першай усясьветнай вайны. Вось тут, адразу за Паставамі, ішла лінія фронту. Захаваліся цудоўныя фартыфікацыйныя ансамблі, нямецкія збудаваньні! Зараз усе носяцца з “Лініяй Сталіна”, піяраць яе, зрабілі балаган нейкі. А тут – сапраўдная, унікальная баявая лінія, палітая крывёй на працягу амаль чатырох год, бо тут амаль чатыры гады стаяў фронт, і яна забытая, занядбаная! Я хачу, калі мы зьбярэм тут увесь матэрыял, перадаць яго ў міністэрства культуры, каб абвясьцілі гэтае месца культурна-гістарычнай каштоўнасьцю”.

А.Астаповіч распавядае, што мясцовыя ўлады нават не здагадваліся пра тое, што старыя абарончыя збудаваньні варта захоўваць, бо зь цягам часу яны могуць стацца выбітным турыстычным аб’ектам. Нешта падобнае сталася і з яшчэ адным аб’ектам клопату валянтэраў – старымі габрэйскімі могілкамі. Пару год таму цэнтр Паставаў быў грунтоўна добраўпарадкаваны да рэспубліканскага Сьвята беларускага пісьменства, якое тут праводзілася, а да ускраінных аб’ектаў ні рукі, ні бюджэтныя грошы так і не дайшлі.



Валянтэры добраўпарадкавалі могілкі, якія ў апошні час ужо неаднойчы рабаваліся “чорнымі капальнікамі”, і сфатаграфавалі ўсе надмагільныя камяні, каб перадаць здымкі для ідэнтыфікацыі ў менскі Музэй габрэйскай гісторыі і культуры.

Дзейнасьць летніку прыцягнула ўвагу журналістаў: для сябраў БАЖу быў арганізаваны адмысловы прэс-тур у Паставы ў межах медыякампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну”. Цягам трох дзён прадстаўнікі СМІ працавалі разам з валянтэрамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG