Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія: пагадненьне падпісана, канфлікт ня скончаны


Расейскія войскі паблізу Горы, 14 жніўня

Расейскія войскі паблізу Горы, 14 жніўня

Прэзыдэнт Расеі падпісаў пагадненьне аб урэгуляваньні сытуацыі ў Грузіі. Прэзыдэнт ЗША выступіў з крытыкай расейскай палітыкі ў рэгіёне.

Тым часам Грузія абвінавачвае расейскія войскі ў падрыве чыгуначнага маста каля Тбілісі.

Сёньня Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў пагадненьне аб урэгуляваньні ў Грузіі. Гэты дакумэнт быў падтрыманы Эўразьвязам.

Раней яго падпісалі прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі і лідэры непрызнаных рэспублік Паўднёвая Асэтыя і Абхазія Эдуард Какойты і Сяргей Багапш. Плян акрамя спыненьня агню і адвода войскаў на даваенныя пазыцыі прадугледжвае пачатак міжнародных перамоваў наконт статусу сэпаратысцкіх аўтаномій Грузіі.

Сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіў з рэзкай крытыкай паводзінаў Расеі і падтрымкай грузінскага ўраду. Ён назваў дзеяньні Расеі ў Грузіі “цалкам недапушчальнымі для свабодных нацый сьвету”.
Ён таксама заявіў:

“ЗША і нашы саюзьнікі – разам з народам Грузіі і яе дэмакратычна абраным урадам. Мы настойваем на тым, што сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі павінны паважацца. І Масква павінна выканаць свой абавязак, які яна ўзяла на сябе, вывесьці свае сілы ўварваньня з усёй грузінскай тэрыторыі”.

Сёньня прэзыдэнт ЗША праводзіць тэленараду з дзяржсакратаром Райс і міністрам абароны Гейтсам. Чакаецца, што ў гэтыя выходныя Рада бясьпекі ААН будзе галасаваць за пагадненьне аб ўрэгуляваньні, падпісанае варагуючымі бакамі.

Тым часам Грузія абвінаваціла расейскія войскі ў падрыве чыгуначнага маста ў горадзе Касьпі, што перарвала сувязь паміж захадам і ўсходам Грузіі. Масква адхіляе гэтае абвінавачваньне. Паводле інфармацыйных агенцтваў, расейскія войскі застаюцца ў грузінскіх гарадах Горы, на мяжы з Асэтыяй, у порце Поці, і ў горадзе Сэнакі на мяжы з Абхазіяй.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG