Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі ўшанавалі сьвятога Роха


Сёньня ў Менску на цьвінтары ля касьцёлу на Залатой Горцы адбыўся мастацкі пленэр.

Яго ўдзельнікі ўшанавалі сярэднявечнага апекуна хворых і цудадзейнага лекара сьвятога Роха, чыім імем уганараваны гэты касьцёл.

16 жніўня – дзень памяці сьвятога Роха. І сёлета ўпершыню група беларускіх мастакоў вырашыла правесьці пленэр ля касьцёлу імя гэтага абаронцы хворых і заступніка ў няшчасьцях. У акцыі ўзялі ўдзел восем жывапісцаў і графікаў, якія выставілі каля трыццаці сваіх твораў. Частка работ экспанавалася ў фае Палацу мастацтва, а частка – на мурах агароджы дворыка вакол касьцёлу.

Ініцыятар пленэру – мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, які ўжо некалькі гадоў спрабуе свае сілы і ў жывапісе. У сёньняшняй экспазыцыі ён выставіў сем сваіх працаў, і ўсе яны прысьвечаныя сьвятому Роху.

“Гэта выстава аднаго дня, якая набліжае вобраз Роха да нашага сучаснага і верніка, і гледача, таму што вобраз гэты актуальны сваёй міласэрнасьцю, чалавекалюбствам”.

Два вялікія палотны прадставіў гледачам дырэктар Палацу мастацтва Сяргей Крыштаповіч, які ўзяў на сябе арганізацыйныя клопаты сёньняшняе акцыі.

“Рох маліўся і дапамагаў тым, хто быў хворы, безнадзейна хворы і мастацтва павінна менавіта цяпер выконваць тую ж самую функцыю і ролю, якую бралі на сябе сьвятыя людзі ў свой час”.

Адзін з удзельнікаў пленэру малады мастак Сяргей Шэмет нядаўна меў вялікую пэрсанальную выставу ў Кракаве ў праграме дзён, прысьвечаных Яну Паўлу II. Вось як ён патлумачыў свой зварот у творчасьці да хрысьціянскае гісторыі:

“Мне цікава паглядзець на біблейскі сюжэт, але па-сучаснаму. Не рабіць ілюстрацыю біблейскай падзеі, а злавіць галоўны сэнс гэтай падзеі і растлумачыць для гледача яе па-сучаснаму”.

Пленэр атрымаўся камэрны, але арганізатары кажуць, што сёньня – гэта толькі пачатак. У наступныя гады, як абяцае спадар Крыштаповіч, яны прыцягнуць да яе больш шырокія творчыя сілы:

“На наступны год я буду рады, калі гэта стане міжнароднай акцыяй, бо ўвесь сьвет трэба ратаваць ад тых праблемаў і хваробаў, якія апаноўваюць чалавецтва. Так што мы ўпэўнены: будзе шмат мастакоў зь іншых краін, і будзем старацца зрабіць акцыю добрай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG