Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы ў Нарвілішках адкрыўся міжнародны музычны фэстываль “Be2gether” – “Быць разам”.

Наша карэспандэнтка перадае зь месца правядзеньня фэстывалю:

“Я сёньня ехала ў Вільню цягніком, і ён быў поўны моладзі, якая накіроўвалася на фэст. Памежнікі вельмі прыязна ставіліся да нас: “А, вы на сьвята...”

У Вільні з раніцы было цудоўнае сонечнае надвор’е, паўсюль мы бачылі рэкляму фэстывалю. Але літаральна за гадзіну да адкрыцьця фэсту пайшоў дождж, і тут зараз лівень.

Фэст пачынаецца з канцэрту гурту NRM на самай галоўнай сцэне. Прымаюць іх вельмі добра, атмасфэра вельмі прыязная. Народ пакуль грэецца, танчыць... Лявон Вольскі пачаў канцэрт бадзёра, сказаўшы, што ў Беларусі благога надвор’я не бывае...

Нягледзячы на дождж, народу вельмі шмат. Я налічыла 12 бел-чырвона-белых сьцягоў.

Я была на фэстывалі ў мінулым годзе, і, шчыра кажучы, гэтае поле сёньня не пазнала – вельмі шмат скульптур, намётавы гарадок большы, чым летась, лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі – думаю, беларусаў тут шмат.

Цікавасьць да фэстывалю сёлета вялікая. Па дарозе да Нарвілішак корак быў такі, што прыйшлося ісьці пешшу 3 кілямэтры, і нават дыпляматычныя машыны з грузінскім сьцягам стаялі ў чарзе – столькі машын ехала на фэст”.
XS
SM
MD
LG