Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэкін: сюрпрызы – ад надвор’я

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Сёньня ў сярэдзіне дня кітайскую сталіцу накрыў густы лівень, што вельмі рэдкая зьява для Пэкіну. Шмат у чым сюрпрызы надвор’я ўнесьлі карэктывы ў ход Алімпійскіх гульняў: былі адмененыя трэнавальныя заезды на вясьлярным канале.

Зрэшты, на акадэмічнае веславаньне пакуль быццам нейкі злы лёс наслаў праклён. Учора ў аўтобус-шатл, які накіроўваўся з спартоўцамі з Харватыі на вясьлярны канал, урэзаўся кітайскі мікрааўтобус. У выніку гэтага дарожна-транспартнага здарэньня, паводле апошняй інфармацыі, два чалавекі з “бусіка” загінулі. Назіраліся ДТЗ і ў межах алімпійскай вёскі, дзе пражываюць журналісты.

Зрэшты, тэма дарожнага руху на пэкінскіх Гульнях застаецца актуальнай. Тут прызнаюць, што кітайцы даволі неахвотна дружаць з правіламі дарожнага руху: пешаходы папросту могуць ісьці на чырвоны сыгнал сьвятлафора, а кіроўцы элемэнтарна “падразаюць” афіцыйны транспарт, які штодня развозіць па сотнях маршрутаў гасьцей Алімпіяды і рухаецца на левай жоўтай паласе.

Дарожная паліцыя пакуль што ня можа навесьці поўны парадак на гэтым фронце. Парушальнікаў не палохаюць нават буйныя па пэкінскіх мерках штрафы. Напрыклад, калі звычайнага шафёра камэра сфатаграфуе на алімпійскай паласе, то яму прышлюць паперку з просьбаю аплаціць штраф на 200 юаняў, што складае прыкладна 30 амэрыканскіх даляраў. А вось калі небараку спыніць паліцыянт, то мера адказнасьці вырастае да 1200-1400 юаняў.

І яшчэ. Кітайскія кіроўцы ня любяць, каб на дзяржаўным нумары была лічба 4. Па іхным павер’і чацьверка зьвязаная зь вялікімі непрыемнасьцямі. А вось лічбы 13 ці 666 – калі ласка.
XS
SM
MD
LG