Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўны чэкіст Сухарэнка стаў амбасадарам у Армэніі


Сёньня Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў.

Міністрам фінансаў замест цяжка хворага Мікалая Корбута прызначаны Андрэй Харкавец. Раней ён працаваў першым намесьнікам міністра.

Апроч таго, кіраўнік краіны прызначыў новых амбасадараў Беларусі. Былы міністар прамысловасьці Валянцін Гурыновіч, як і прагназавалася, узначаліць беларускую дыпляматычную місію ў Вэнэсуэле.

Колішні старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка накіраваны амбасадарам у Армэнію. Таксама прызначаныя новыя амбасадары ў Сірыі, Турэччыне, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Славеніі.

Шэраг асобаў будуць прадстаўляць інтарэсы Беларусі па сумяшчальніцтву ў іншых структурах. Так, Алена Грыцэнка прызначаная амбасадарам Беларусі ў Каралеўстве Нідэрляндаў і пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Ігар Фісенка прызначаны амбасадарам у Эгіпце і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаваў.

Таксама Аляксандар Лукашэнка даў дазвол на прызначэньне намесьнікаў Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, першых намесьнікаў і намесьнікаў міністраў працы і сацыяльнай абароны, міністраў статыстыкі і аналізу, намесьніка дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, а таксама старшыняў Сьвіслацкага і Дрыбінскага райвыканкамаў.

Памочнікам прэзыдэнта з функцыямі інспэктара па Гомельскай вобласьці прызначаны Ігар Пракапенка.
XS
SM
MD
LG