Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хай МЗС Беларусі паставіць на месца амбасадара Сурыкава”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 14 жніўня, чацьвер.


Пачынаем праграму з тэлефанаваньня сталага слухачы “Свабоды” Ільлі Копыла:

“Кіраўнікі Крамля абураюцца, што Ўкраіна прадала зброю Грузіі. Расейскі палітоляг Дугін на тэлебачаньні прамовіў, што расейскія ўзброеныя сілы павінны нанесьці ўдар па Ўкраіне і ўзьяднаць з Расеяй усходнія расейскамоўныя рэгіёны. Расея сама ўзбройвае да зубоў Іран, Лівію, Вэнэсуэлу. Цікава атрымліваецца, Расеі можна прадаваць іншым, дыктатарскім да таго ж, рэжымам зброю, а іншым краінам нельга? Ільля Копыл”.

На пытаньне слухача адказвае палітоляг Раман Якаўлеўскі:

“Тэма продажу зброі, так бы мовіць, вельмі інтымная. І калі кажуць, што тыя краіны набываюць зброю, а іншыя не, гэта не зусім карэктна. Прадаваць зброю нельга краіне альбо рэгіёну, дзе ідзе вайна, альбо ў дачыненьні да якой дзейнічаюць санкцыі — падкрэсьліваю — санкцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Наколькі мне вядома, Іран пад такія санкцыі падпадае часткова”.

Паслухаем яшчэ некалькі тэлефанаваньняў на тэму расейка-грузінскага канфлікту.

“Лічу, што МЗС Беларусі павінна паставіць на месца амбасадара Расеі ў Беларусі спадара Сурыкава. Гэта ня справа амбасадара падказваць кіраўніцтву краіны, дзе ён знаходзіцца, у розных сытуацыях і рабіць заявы, якія дапушчальныя толькі кіраўніцтву Расеі. Спадар Волюсь, Гомель”.

“Мяне проста ўражвае паталягічная нянавісьць да расейцаў. У мяне пытаньне да палітолягаў, аналітыкаў, можа, да слухачоў і да вас, журналістаў. А што павінна была зрабіць Расея? Не аказваць гуманітарную дапамогу асэтынам, кінуць іх у бядзе, каб яны паміралі там?! Чаму вы гэтую дапамогу называеце “ўварваньнем”, растлумачце мне, калі ласка. Што адбылося ў 1991—92 гг.?! Вы ня бачылі, што там адбывалася. А я там была. І ня дай Бог вам усім пабачыць тое, што там адбывалася зь людзьмі”.

Тэлефанаваньне слухачкі “Свабоды” камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Наколькі я ведаю сваіх суайчыньнікаў, у іх няма ніякай паталягічнай нянавісьці да расейцаў. Мы сапраўды народы, якія зьвязаныя і ў гістарычным, і ў эканамічным пляне. Што ж тычыцца гэтай вайны на Каўказе, то, натуральна, з абодвух бакоў гэта драма для тысяч людзей. Я думаю, што адказнасьць тут павінны несьці палітыкі. Ва ўсякім разе, вось тая эўфарыя расейскіх палітыкаў і нават інтэлектуалаў многіх, яна, мякка кажучы, незразумелая. І я думаю, што ў беларусаў вось такая рэакцыя, таму што незалежнасьць усё ж такі стала для беларусаў кансэнсусам. І калі адбываюцца такія крывавыя падзеі, яны праецыруюць іх на лёс беларускай незалежнасьці. Потым, гэтыя падзеі разгарнуліся ўсё ж такі на тэрыторыі незалежнай Грузіі. Натуральна, там вельмі складаная гісторыя ў гэтых рэгіёнаў, якія самі сябе абвясьцілі незалежнымі рэспублікамі. Усё ж такі варта памятаць, што ўсё гэта адбывалася на тэрыторыі іншай краіны. Ужо варта забыцца пра часы Савецкага Саюза і разумець, што сувэрэнітэт Грузіі варта паважаць, гэтаксама як і сувэрэнітэт Расеі”.

Шмат слухачоў “Свабоды” перадаюць шчырыя спачуваньні мірным жыхарам, якія пацярпелі падчас ваенных дзеяньняў на Каўказе, а таксама выказваюць сваё стаўленьне да дзеяньняў беларускіх уладаў:

“Мы выказваем спачуваньне ўсім пацярпелым у выніку расейска-грузінскага канфлікту: і грузінам, і расейцам, і абхазам, і асэтынам. Мне вельмі сорамна за беларускае кіраўніцтва, мне вельмі сорамна за лідэраў апазыцыі, якія адмоўчваліся, якія наагул ня выступілі супраць ваенных дзеяньняў, не прымаючы нічыйго боку. Мне вельмі сорамна за беларускае тэлебачаньне, якое інфармацыю пра ваенны канфлікт давала толькі пасьля ўборачнай. На жаль, нічога не было сказана пра беларускіх грамадзянаў: што зь імі, ці жывыя”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Тэлефон у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG