Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падтрымаць -- паставіць сябе ў адзін шэраг з разбойнікам”


13 жніўня А.Лукашэнка паспачуваў прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву ў сувязі з ахвярамі ў грузіна-асэтынскім збройным канфлікце, але ня выказаў словаў падтрымкі кіраўніку Грузіі Міхаілу Саакашвілі. Напярэдадні амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў абураўся, што Беларусь не падтрымлівае Расею на міжнароднай арэне.


Адзін з кіраўнікоў “Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ” Юрась Беленькі гэтак камэнтуе заяву расейскага амбасадара.

“І кантэкст заявы, і форма вельмі нагадваюць разборкі ў крымінальным асяродку. Адзін падзельнік упікае другому: маўляў, я цябе падтрымліваў у нейкай незаконнай справе, што ж ты мяне цяпер кінуў! Чаму афіцыйны Менск кінуў? Ведаеце, вельмі ўжо разбойны быў напад Расеі на сябра СНД, аднаго сябра СНД на другога. І выказаць тут падтрымку — значыць паставіць сябе ў адзін шэраг з разбойнікам. Расея ўжо не задумваецца, што паводзіць сябе неадэкватна. І ня можа ацаніць свае паводзіны. Але збоку гэтая неадэкватнасьць і агрэсіўнасьць відавочныя. Усё гэта прымусіла беларускі рэжым захаваць бачнасьць прыстойнасьці”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева падтрымлівае пазыцыю афіцыйнага Менску, а таксама адзначае станоўчую ролю Расеі ў грузінска-асэтынскім канфлікце:

“Мая пэрсанальная думка абсалютна супадае з пазыцыяй афіцыйных уладаў нашай дзяржавы. І дадаць мне да гэтага абсалютна няма чаго. Я ўсімі сваімі думкамі зь мірнымі людзьмі, якія, на жаль, былі ўцягнутыя грузінскімі ўладамі ў страшную сытуацыю, якую можна назваць вайной. Цьвёрдая пазыцыя Расеі паўзьдзейнічала на тое, што вайна не працягнулася”.

Сваёй самастойнай пазыцыі ні ва ўладаў Беларусі, ні ў Аляксандра Лукашэнкі няма — у гэтым перакананы былы міністар замежнаэканамічных сувязяў і амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч:

“Пазыцыі ў беларускага ўладара няма. Ён прамаўчаў. Пра якую пазыцыю тут можна казаць? Гэта марыянэткавая пазыцыя. У дадзеным выпадку Беларусь не павяла сябе годна ў дачыненьні да свайго саюзьніка”.

Былы спэцпрадстаўнік міністра замежных спраў, кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч адмовіўся пракамэнтаваць сваё стаўленьне да афіцыйнай пазыцыі Беларусі па грузіна-асэтынскім канфлікце. Аднак спадар Гайдукевіч падзяліўся сваімі думкамі наконт дзеяньняў Грузіі:

“Я не хачу выступаць судзьдзёй і разглядаць гэтае пытаньне. Мне незразумелая пазыцыя Саакашвілі. Усё трэба вырашаць мірным шляхам. Саакашвілі сваімі рукамі зьнішчыў сувэрэнітэт сваёй дзяржавы, нанёс сьмяротны ўдар па сувэрэнітэце дзяржавы, ня думаючы ні пра што і на штосьці спадзеючыся. Няўжо вы думаеце, што Паўднёвая Асэтыя ці Абхазія захоча быць у складзе Грузіі?

Грузінска-беларускія стасункі будуць разьвівацца ў тым фармаце, які ёсьць. І ня трэба тут перадзёргіваць! А што тычыцца заявы Саакашвілі пра выхад Грузіі з СНД, па-мойму, ніякага зьдзіўленьня быць не павінна. Яшчэ ў 2006 годзе спадар Саакашвілі выказваўся пра немэтазгоднасьць прысутнасьці ў СНД. І тое, што Саакашвілі выйшаў з СНД, па-чалавечы я яго разумею. Я ня ведаю, хто яму падасьць руку, калі ён прыедзе на сустрэчу кіраўнікоў СНД”.

Усе дамовы паміж Грузіяй і Беларусьсю ў рамках СНД у сувязі з выхадам Грузіі з СНД будуць пераведзеныя ў фармат двухбаковых адносін. Пра гэта сёньня заявіў у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс амбасадар Грузіі ў Беларусі Давід Залкаліяні. “Гаворка ідзе пра асноўныя дамовы, якія дзейнічаюць у рамках СНД: аб свабодным гандлі, аб садзейнічаньні інвэстыцыям, аб бязьвізавым рэжыме і іншыя — увесь комплекс дамоў як эканамічнага характару, так і тых, якія спрыяюць адносінам паміж людзьмі”, — сказаў амбасадар.

15 жніўня ў Паўднёвую Асэтыю павінна выправіцца беларуская аўтакалёна з гуманітарным грузам.
XS
SM
MD
LG