Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы ўцекачоў у Тбілісі і Паўночнай Асэтыі


У сталіцу Грузіі гэтымі днямі прыбываюць тысячы ўцекачоў з Горы, іншых грузінскіх гарадоў і вёсак, якія патрапілі ў зону баявых дзеяньняў.


У лягерах уцекачоў сёньня пабываў фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц. Паводле яго, лік уцекачоў у Тбілісі ідзе на тысячы. У горадзе дзейнічаюць тры цэнтры рэгістрацыі ўцекачоў, якія расьсяляюць іх у 170 месцаў па ўсім горадзе: па інтэрнатах, дзіцячых садах, школах.

“У пунктах рэгістрацыі ўцекачоў у горадзе натоўпы народу... Людзей вельмі шмат, зь дзецьмі, вельмі часта бяз рэчаў, у чым былі, у тым і ўцяклі... Хто тыдзень таму, хто літаральна ўчора з Горы выйшаў у сувязі з тым, што туды прыйшла расейская вайсковая калёна з танкамі”.

Паводле спадара Грыца, некаторыя ўцекачы распавядаюць, што расейскія ці асэтынскія вайскоўцы наўмысна паляць іх дамы.

“Канечне, уражвае, калі бачыш дзяцей году-двух, якія сьпяць на сумках, на руках у мам, такія дзеткі да году... А там ні памыць яго, ні пакарміць, ні пераапрануць нармальна нельга... Проста такое цыганскае жыцьцё на вуліцы”.

Тым ня меней спадар Грыц кажа, што гуманітарнай катастрофы ў Тбілісі няма, афармленьне і разьмяшчэньне ўцекачоў арганізаваныя добра:

“Цяпер я знаходжуся на ўскраіне Тбілісі, на тэрыторыі былога будбата Савецкай Арміі, вельмі вялікая тэрыторыя, тут цяпер ставяць намётавы гарадок. Будзе ўсяго 10 намётаў, кожны зь якіх разьлічаны на 40 чалавек. Камунальныя службы Тбілісі праводзяць электрыку, рыюць канаву для водаправоду, прывезьлі біятуалеты”.

Учора Сяргей Грыц быў у горадзе Горы, які захапілі расейскія вайскоўцы. Сёньня ён даведаўся, што расейцы адтуль выгналі ўсіх журналістаў:

“Гэта вельмі добра, што выгналі, а не расстралялі...”

Тым часам у Паўночнай Асэтыі разьмяшчаюцца тысячы асэтынаў, уцекачоў з Цхінвалі і іншых мясьцін Паўднёвай Асэтыі, якія трапілі ў зону баявых дзеяньняў у часе ваеннага канфлікту.

На здымку: грузінскія ўцекачы па дарозе на Тбілісі



На здымку: Уцекачы з Цхінвалі ў лягеры ў Паўночнай Асэтыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG