Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Be2gether з акцыяй у падтрымку Грузіі <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />

  • Тацяна Поклад

Сёньня ў Літве пачынаецца музычная частка міжнароднага фэстывалю Be2gether. Фэстываль, які ўпершыню адбыўся на літоўска-беларускай мяжы ў Нарвялішках летась у жніўні, сёлета праходзіць ня толькі як музычны, але і як мастацкі фэст. Сёньня музычны фэстываль адкрываецца акцыяй барабаншчыкаў у падтрымку Грузіі Georgia2gether на Ратушным пляцы ў Вільні.


Кіраўнік фэстывалю Be2gether Гедрус Клімкявічус паведаміў радыё Свабода напярэдадні адкрыцьця:

“Увогуле, мы так заплянавалі, што фэстываль мае пачацца найвялікшай з усіх, што была дасюль, фіесты з удзелам каля 300 барабаншчыкаў – Drum2gether.



Але цяпер фіеста барабаншчыкаў пераўтворыцца ў Georgia2gether – мы такім чынам хочам падтрымаць грузінскі народ, праз музыку і мастацтва выказаць сваё стаўленьне да Грузіі, паказаць, што мы зь імі разам”.

Беларусы далучыліся да стварэньня “парку граючых скульптураў”

Пасьля фіесты барабанаў на панадворку Дома настаўнікаў у Вільні будзе дэманстравацца фільм пра першы фэстываль у 2007 годзе. Далей праграма першага вечара будзе праходзіць у клюбах і барах Вільні, а заўтра раніцай адкрыецца брама Нарвяліскага замку, пры самай літоўска-беларускай мяжы.
Апрача канцэртаў плянуецца шмат імпрэзаў – у іх ліку і экстрэмальныя скачкі на роварах у басэйн з паралёнам, і Акадэмія танцаў з урокамі ліндзі-хоп’а, брэйку, сальсы ды традыцыйнага індыйскага танцу.

На фэстывалі будзе заснаваны “Парк граючых скульптураў”, створаных майстрамі зь Беларусі і Літвы, а таксама Украіны, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Малдовы. Напрыклад, там будуць скульптуры у выглядзе арфы, грамафону, якія ад ветру пачынаюць гучаць, кажа кіраўнік Be2gether Гедрус Клімкявічус.

“Сам фэстываль зрабіўся ня толькі музычным, але і мастацкім фэстам. Сёлета мы пачалі ўжо пару тыдняў таму – былі вялікія творчыя майстэрні, працавалі скульптуры, творчая моладзь, і для музыкаў – удвая больш сцэнаў, удвая больш артыстаў – так што фэстываль добра вырас у параўнаньні з мінулым годам”.

Сёлета напружанасьці меней?

Пляцоўка фэстывалю знаходзіцца у 50 мэтрах ад мяжы зь Беларусьсю. Летась напярэдадні фэстывалю Міністэрства замежных справаў Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала Літву не дапусьціць “прапагандысцкіх акцыяў непрыязнай, нядобрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці” ў часе імпрэзы. Сёлета ў Беларусі на час фэстывалю ўводзіцца больш жорсткі кантроль у памежнай зоне і асабліва ў памежнай паласе. Летась усё прайшло бяз інцыдэнтаў і сёлета адчуваецца больш паразуменьня і ўзаемнага даверу з беларускім бокам, цьвердзіць кіраўнік фэстывалю Гедрус Клімкявічус.

“Скажу так – музыка сапраўды межы прыадчыніла, зьявілася больш даверу і ўзаемаразуменьня. Тое, што адбылося летась на фэстывалі, перадалося на дачыненьні на ўсіх узроўнях – як і паміж музыкаў, і паміж звычайных людзей, так і на палітычным узроўні, мяркую.

Усе мы разумеем, што маем супольныя інтарэсы, а закрытыя межы і людзі, аддзеленыя адзін ад аднаго – гэта ня добра. Так што, тое мы яднаемся, -- аб'яднае, можа быць, і палітыкаў абедзьвюх краінаў, зьвіцца агульны погляд на вырашэньне кожнай праблемы і, я думаю, мы сапраўды цяпер яшчэ больш будзем усьміхацца адзін аднаму. І гэта тычыцца ня толькі праблемаў дачыненьняў зь Беларусьсю – усіх праблемаў глябальнай палітыкі, аб якіх мы хочам гаварыць адкрыта і гучна”.

Цягам двух дзён, 15-17 жніўня на фэстывалі выступяць больш за 70 гуртоў з усяго сьвету, у іх ліку Tricky, Groove Armada, LTJ Bukem feat. MC Conrad, Fishbone, Infected Mushroom, Fools Garden. Зь Беларусі сёлета у праграме Be2gether -- Н.Р.М., OSIMIRA, Mauzer. Чакаецца каля 20 тысяч гледачоў.

На час фэстывалю зь Вільні і Салечнікаў да Нарвялішак будуць езьдзіць спэцыяльныя дадатковыя аўтобусы, але Be2gether заахвочвае усіх карыстацца экалягічна чыстым транспартам – роварамі, і кожны, хто прыедзе на ровары, атрымае бясплатна месца у намётавым гарадку.
XS
SM
MD
LG