Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Данута Бічэль, Вальжына Морт, Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 10 жніўня


АСОБЫ

ВАЛЬЖЫНА МОРТ: “У ЗША Ў МЯНЕ ЁСЬЦЬ ХВІЛІНЫ ЗОРКАВАЙ СЛАВЫ”

Вальжына Морт – адна з самых вядомых за мяжой маладых беларускіх паэтак. У 2005 годзе яна стала пераможцам Міжнароднага літаратурнага фэсту ў Славеніі, сёлета кніга англамоўных перакладаў яе вершаў выйшла ў ЗША, рыхтуецца да выданьня і кніга па-нямецку. Паэтка выступае на літаратурных сустрэчах ў многіх краінах, нядаўна яна была ўдзельніцай Міжнароднага фэсту “Парадак слоў” у Менску. З Вальжынай Морт пагутарыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Давайце пачнём з вашага літаратурнага імя. Сьмерці як этапу быцьця ў тым веку, калі вы выбралі сабе гэты псэўданім, які і азначае “мёртвая”, не існуе, як мне падаецца, наогул. Чаму вы ўсё ж вырашылі з Мартынавай ператварыцца ў Морт?”

Вальжына Морт: “Калі сябры скарацілі маё прозьвішча Мартынава, але замест таго, каб называць мяне Март называлі Морт, то гэта ў нас была проста школьная гульня, і ніякіх лінгвістычных значэньняў у ёй не шукалася тады. І толькі потым сталася, што Морт азначае “мёртвая”. Я ўжо на той час надрукавала вершы ў часопісе “Першацьвет” пад гэтым псэўданімам, і таму ўжо давялося зь ім і далей ісьці па жыцьці. Ён мне тады страшна не падабаўся, але цяпер ён ужо нібы прырос да мяне, і я арганічна сябе зь ім адчуваю”.

Аксак: “Наша гутарка з вамі адбываецца ў той дзень, калі Радыё Свабода прапануе сваім слухачам адказаць на пытаньне, чаму людзі зьяжджаюць з радзімы за мяжу. Вы ўжо некалькі гадоў жывяце ў ЗША, і што б вы адказалі на гэтае пытаньне?”

Морт: “Асабіста я ніколі зь Беларусі зьяжджаць не зьбіралася. Гэта здарылася выпадкова – адбылося ў маім жыцьці вялікае каханьне. Мой муж – амэрыканец, грамадзянін ЗША. Ён жыў са мной тут, пакуль ня скончыліся грошы. І тады трэба было яму вяртацца дадому, і я паехала зь ім. А потым у ЗША зьявілася для мяне праца – я падпісала кантракт зь літаратурным агенцтвам, якое мяне там прадстаўляе, рэкамэндуе мяне на розныя фэстывалі, на выступы ва ўнівэрсытэтах. Таксама ў нас з мужам ёсьць сямейны бізнэс. У нас ёсьць свой музычны лэйбл, пад якім мы выпускаем некамэрцыйную музыку гуртоў з усяго сьвету. А ў верасьні я яшчэ іду вучыцца ў магістратуру ў Вашынгтонскім унівэрсытэце. Вось такая каша там заварылася... І шмат справаў там, але па радзіме я вельмі сумую. На жаль, прыяжджаць сюды цяпер атрымліваецца толькі раз на год, а хацелася б часьцей. Прачытаю караценькі верш пра дом:

“Каб я пра яе не забывала,
завязала мне мама на целе
вузялок твару”.

Аксак: “У вас у ЗША ўжо выйшла кніжка, Скажыце, хто перакладаў на ангельскую вашы вершы?”

Морт: “Перакладала я разам з амэрыканскім паэтам Францам Райтам. Зь ім мы сустрэліся на міжнародным паэтычным фэстывалі ў Ірляндыі. Тады я яшчэ не жыла ў ЗША. Я для гэтага фэстывалю сама сабе зрабіла пераклады, каб быць зразумелаю больш шырокай аўдыторыі. Пасьля выступу ён да мяне падышоў і сказаў, што хоча дапамагчы. Я тады яго імя ня ведала і падумала, што гэта нейкі амэрыканскі вар’ят, і што ён ад мяне хоча... Але мы трымалі кантакт праз інтэрнэт, і ён разам з жонкай, перакладчыцай зь нямецкай мовы, рабіў пераклады маіх вершаў, а я ім дапамагала, як магла. Калі мы падрыхтавалі кніжку, то для выданьня яны выбралі вельмі добрае выдавецтва. Я запярэчыла, сказала, што, можа, лепш узяць якое маленькае, але яны даслалі, куды хацелі, у Copper Canyon Press у Вашынгтоне. Празь некалькі тыдняў мне прыслалі адтуль адказ, што кніжку да друку прымаюць і будуць выдаваць. І вось яна ўжо ёсьць”.

Аксак: “Якія водгукі на гэтую кніжку вы ўжо маеце?”

Морт: “Добрыя, але ёсьць некаторыя і дрэнныя, ня буду хлусіць”.

Аксак: “А што дрэннага канкрэтна пішуць?”

Морт: “Нічога такога, каб як сур’ёзную крытыку можна было прыняць. Нехта там піша, што я выкарыстоўваю імя вядомага амэрыканскага паэта Франца Райта, каб сябе раскруціць у ЗША. Гэта, канечне, ня так, і я разумею, што такое пішацца, звычайна, з зайздрасьці. А наогул, у вельмі вялікіх прэстыжных выданьнях, напрыклад, New Yorker і New York Times напісалі рэцэнзіі вельмі пазытыўныя. Library Journal – гэта такі часопіс, які атрымліваюць усе бібліятэкі ЗША і па ім замаўляюць новыя кніжкі – дык вось, ён даў мне трохзоркавую рэцэнзію. Яны там альбо даюць гэтыя зоркі, альбо не. І мне прыемна, што тыднёвы вельмі вядомы часопіс Library Journal, які мала наогул рэцэнзій на кніжкі зьмяшчае, шмат зь якіх кніжак выбраў для рэцэнзаваньня менавіта маю”.

Аксак: “Ці пабольшала ў вас нейкіх цікавых прапановаў пасьля гэтага?”

Морт: “Так. Была яшчэ хвіліна зоркавай славы, калі дастаткова вялікі, таксама амэрыканскі часопіс Poets end Writers разьмясьціў мой фотаздымак на вокладцы і даў вялікае інтэрвію са мной. Сем гадзінаў я гэтае інтэрвію ім давала. І канечне, калі я заходжу ў кніжную краму і з паліцы бачу свой твар, то вельмі прыемна, і гэта дадало нейкіх прапановаў. У ЗША ў кожным унівэрсытэце на кафэдрах літаратуры і ангельскай мовы ёсьць цэлыя праграмы візытаў пісьменьнікаў. Гэта значыць, што кожны месяц прыяжджае новы пісьменьнік і застаецца ва ўнівэрсытэце на тыдзень, цягам якога сустракаецца са студэнтамі, якія самі пішуць. У мяне ўжо была такая практыка, і яшчэ дадаліся запрашэньні пасьля гэтых публікацый”.

АЎТАР І ТВОР

ДАНУТА БІЧЭЛЬ: “Я ЎСЁ ЖЫЦЬЦЁ ІШЛА НА ГОЛАС БЫКАВА”


У сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”, што выдаецца пад патранатам лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, пабачыла сьвет кніга ўспамінаў і эсэ Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”. 10 жніўня яе прэзэнтацыя адбылася ў Зэльве, дзе з аўтаркай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарыня Данута, чаму вы вырашылі назваць сваю новую кнігу сказам-поклічам “Хадзі на мой голас”?”

Данута Бічэль: “Хадзі на мой голас” – гэта народная назва. Але мне яе аднойчы падказаў у цемры Васіль Быкаў. Мы былі ў Скідзелі, на нейкай вечарыне, выйшлі з клуба, было цёмна, ішоў дождж, вакол стаялі лужыны, і ён гукнуў: “Хадзі на мой голас”. І мне падумалася – як ён добра сказаў, бо я ўсё жыцьцё ішла на яго голас. І калі шукалася назва для кнігі, я ўспомніла гэты выпадак і гэтую фразу”.

Скобла: “Існуе меркаваньне, што чалавек мэмуарамі спрабуе перапісаць набела чарнавік уласнага жыцьця. А якім пабуджальным матывам кіраваліся вы пры напісаньні кнігі?”

Бічэль: “Не хацелася чорнага выцягваць… Ёсьць жа й іншага характару ўспаміны. Мне падабаецца, як сказала адна польская актрыса: “Ня ўсё на продаж.” Нешта хочацца пакінуць для сябе, каб людзі ня ведалі. Прынамсі, я так рабіла. У маіх успамінах любоў і праўда супадалі. Мая любоў – гэта мая праўда. Я выбрала такіх людзей, якіх я сапраўды моцна любіла, якія ўпрыгожылі маё жыцьцё, без якіх мне жылося б яшчэ горай. Шмат хто з тых, каго я вельмі любіла, проста ня трапіў у гэтую кніжку, бо ў мяне проста пакуль не знайшлося словаў. Вядома ж, узровень гэтых эсэ розны. Напрыклад, я не была падрыхтавана напісаць пра Васіля Быкава і Аляксея Карпюка. Чамусьці мне вельмі цяжка было пра іх пісаць. Мне не хацелася пакрыўдзіць іх жонак нейкай драбязой. Пра іх я напісала сьпехам на патрабаваньне выдаўца”.

Скобла: “А хто апрача згаданых творцаў пакінуў сьветлы сьлед у вашым жыцьці?”

Бічэль: “Ну, вядома ж, наша агульная сяброўка і зямлячка Ларыса Геніюш. Я пра яе напісала і дадала да эсэ тыя лісты, якія друкаваліся ў “Нашай веры”, – лісты яе апошніх гадоў. У мяне не захавалася наша першая перапіска, я прыкладна ў 1967 годзе спаліла вельмі шмат чаго. Перабіралася з адной кватэры ў другую, і быў такі час, што я падумала: нашто яно будзе тут ляжаць? Сьветла ўспамінаю я сваіх дарагіх сябровак і настаўніцаў Натальлю Арсеньневу, Зоську Верас, Ірыну Платонаўну Крэнь. Пэўна ж, яны розны ўклад унесьлі ў нашу культуру, але для мяне яны былі раўназначныя і вельмі дарагія. У мяне ёсьць эсэ, якое называецца “Яблынькі”. У ім – пра тых, каго людзі ўжо нават ня ведаюць, а можа, і ня ведалі, але яны былі маімі вельмі блізкімі сябрамі, гэта слонімцы Іван Сяргейчык, Анатоль Іверс і Рудольф Пастухоў. Успамінаю я пра Венанцы Бутрыма з Баранавічаў, зь якім мы перапісваліся, а калі ён памёр, то жонка ягоная прыслала мне на памяць ад яго два пэйзажы з конікамі”.

Скобла: “У сваіх успамінах пра Васіля Быкава вы пішаце: “Быкаў вырас з Горадні, як падлетак з адзеньня. І зь Беларусі вырастаў. Быкаў паехаў з Горадні на ўсход, а лёгіка падказвае, што з Горадні трэба выяжджаць на захад”. Вы сапраўды лічыце, што Быкаў адпачатку, у 70-я гады, зрабіў бы больш слушна, калі б выехаў на Захад?”

Бічэль: “Найлепей было б, каб ён нікуды не выяжджаў. Хай сабе ён і вырас, і яму сапраўды ў Горадні цесна было. Проста час быў такі, што ўсюды пісьменьнікаў скублі з усіх бакоў. Я ня думаю, што паездка на захад Васілю Быкаву дапамагла ў нечым, ён і паехаў туды ў сталым веку, калі чалавек стомлены. І ён усё сваё галоўнае да тае пары ўжо напісаў. Тое самае – і ягоная “паездка” на ўсход. Я цяпер не магу нават прааналізаваць: а што, хіба ў Менску расквітнеў талент Быкава? Усё сваё лепшае ён напісаў, калі быў здаровы, дужы, калі ён узьнімаўся ўгору ў жыцьці, меў добрыя фізычныя і духоўныя сілы. Нягледзячы на ўсе непрыемнасьці, якія ён меў ад сваёй літаратуры”.

Скобла: “Ці істотная для вас тая акалічнасьць, што прэзэнтацыя вашай кнігі адбываецца 10 жніўня ў Зэльве?”

Бічэль: “Мне вельмі прыемна, што кніга “сасьпела” якраз перад днём нараджэньня Ларысы Геніюш. У кнізе я напісала не пра ўсіх людзей, каго я любіла, і хто мяне любіў. Сказана пакуль пра Ўладзімера Караткевіча, Янку Брыля, Мацея Канановіча, Чэслава Мілаша, які мяне ня чуў, ня бачыў, але мне здаецца, што мы зь ім былі ўсё жыцьцё знаёмыя... Сярод усіх іх Ларыса Антонаўна займае першае месца. Яна сапраўды – мая духоўная маці, яна мяне стварыла. Я пра гэта пішу”.

Скобла: “Пра два гады нас чакае 100-годзьдзе Ларысы Геніюш. Высілкамі грамадзтва выдадзеныя яе кнігі (асобным томам выйшла эпісталярная спадчына), у зэльвенскай царкве ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, у Зэльве пастаўлены помнік. Што яшчэ варта было б зрабіць да юбілею?”

Бічэль: “Сабраць і выдаць усю яе перапіску. Яна вельмі цікава працавала ў эпісталярным жанры, столькі цікавага для нас пакінула ў лістах! Яе лісты – як літаратурныя творы. Адзінае, трэба акуратна папрацаваць, каб у лістах не паўтараліся адны і тыя ж думкі. А ўвогуле, трэба выдаць усе творы Геніюш ад пачатку да канца – вершы, прозу, успаміны, паэмкі яе ўсе, і ўдалыя, і няўдалыя. Бо былі ў яе і такія, якія яна пісала на заказ сваім сябрам – за машыну дроваў, але яны таксама маюць сваю вартасьць. Адным словам, варта выдаць усё, што Ларыса Антонаўна напісала”.

Скобла: “Янка Брыль неяк сказаў, што поўны збор твораў – гэта пасьмяротнае пакараньне пісьменьніка…”

Бічэль: “Я пра гэта напісала ў эсэ пра Янку Купалу. Для мяне клясык, мой дарагі родны клясык, мой духоўны бацька, мой прарок, мой апостал, ён настолькі дарагі, што мне цікава вывучаць усе праявы ягонага жыцьця. Я чытаю, і мне цікава ведаць: а што ён там натварыў і па-за высокім узроўнем? Вышыня ягоная ад гэтага не зьніжаецца”.

ДАНУТА БІЧЭЛЬ. З КНІГІ “ХАДЗІ НА МОЙ ГОЛАС”

У 1988 годзе ў Беластоку я даведалася адрас Натальлі Арсеньневай і напісала ёй ліст. Яна адказала. Яна ня верыла ўжо, што можна хоць лістком даляцець да Беларусі. За паўстагодзьдзя жыцьця на чужыне. Перапіска наша была нядоўгай. Натальля мне адказвала з доўгімі перапынкамі, і лісты ішлі доўга. Яна хварэла, яе блізкія хварэлі, яе ўнучка перанесла траўму, трапіла ў аварыю. Яе нявестка памерла маладой, пакінула двое дзетак і старых бацькоў, паэтка дапамагала сыну апекавацца ўсімі.

Яна прыслала мне том вершаў “Між берагамі” з надпісам:

“Дарагая Данута! Дзеляць нас з Вамі адлегласьці ў тысячы міляў, але чуемся мы, быццам лучыць і нас, і нашую творчасьць нешта непадзельнае й чарадзейнае, а гэта слова – Беларусь! Ці ж не? Хай жа ж будзе яно, гэта слова, і з намі заўжды і ўсюды. Натальля Арсеньнева, кастрычнік 1989 году”.

Шкадую моцна, што я не напісала ёй пра яе паэзію ўсіх добрых словаў. Як яна натхняла мяне, захапляла ад першых спатканьняў у віленскім часопісе “Калосьсе”, які я чытала ў гарадзенскім архіве яшчэ студэнткай. Яе вершы – гэта шквал пачуцьцяў, гэта як усё роўна нехта ўзьнімае цябе – і ты даеш нырца ў блакіт, у асьвяжальны моўны вір – і робісься такой жа шматколернай, стракатай і сьвежай, як яе вершы. Адкуль на фоне нашай ціхай зеляніны гэтая шматбарвовасьць, гэтая пачуцьцёвая буйнасьць, інакшасьць, гэтая сьвяточнасьць?! Як Ніягарскі вадаспад – такая высокая, глыбокая, акіянская, такая нястрымная, як бы яна прадчувала сваё будучае жыцьцё ня ў сьціплай прыродзе, а там, сярод індзейскіх і негрыцянскіх цёмных рваных рытмаў, хрысьціянская і язычніцкая, яна лавіла сваім чуцьцём гэтую ўсю непамернасьць і зьнішчала спакой традыцыйных дактыляў, анапэстаў. I мова яе беларуская – як бы ня наская гэта мова, мова слоўнікаў братоў Гарэцкіх і Ластоўскага, нібыта сялянская, а зусім элітная.

“Італьскае віно пагарай праліецца...” “Пакуль павесіць ноч на чорным небе ветах, я кужалем сівым няўзнак датку свой верш...”

Вядома, цякла ў яе паэзіі кроў Міхаіла Лермантава, які быў яе продкам па жаночай лініі, вядома, ужо былі створаны гарадзкія вершы Максіма Багдановіча...

А Іосіф Бродзкі яшчэ не нарадзіўся. Ён найбліжэй да яе па творчай манеры, – гэтаксама нанізваў вобразы, грувасьціў іх, як Натальля Арсеньнева.

У часопісе “Калосьсе” я разглядвала фотку Натальлі Арсеньневай і Максіма Танка: яны неяк інтымна прытуліліся, як два галубкі, двое шчасьлівых у сва-ёй духоўнай сяброўскасьці, лучнасьці...

А містычна – з другога боку – я каля Максіма Танка бачыла Ларысу Геніюш. Не спытала ў яе і ня ведаю, ці спрабавала Ларыса напісаць Натальлі ў ЗША, ці хоць калі яны сустрэліся... Затое Анатоль Іверс апавядаў, як у вайну прыехаў у Слонім беларускі тэатар зь Менску, у якім Натальля Арсеньнева працавала, загадвала літаратурнаю часткаю. Былі яны знаёмыя па віленскім друку, таму Натальля з даверам сказала, што немцы хутка пакінуць Беларусь, а ёй давядзецца выехаць на эміграцыю. Анатоль Іверс прапаноўваў ёй сувязь з падпольлем, але яна ведала, што камуністы яе не пашкадуюць, – муж працаваў у Самапомачы...

“Дык дай мне роднага парогу
даткнуць, пакуль замкнецца кола...” –


Прасіла паэтка малітоўна ў Бога. Кола замкнулася, там засталася Натальля Арсеньнева – за акіянам, а лісткі яе думак, яе вершаваных радкоў прынесьлі пошта і любоў да нас. Да нас, якія “паміж берагамі...” Толькі не рака нас разлучала, а нябёсы. Ці ёсьць у іх берагі?

Натальля Арсеньнева вытрывала паўстагодзьдзя жыцьця на эміграцыі. Была яна духоўна дужай, мела Бога ў сэрцы, мела слова роднае, за якое трымалася, мела сям’ю і “запраўдную” сяброўку Яню Каханоўскую – бабулю Данчыка Андрусішына з роду Луцкевічаў (памерла 17.07.2005 году).

На эміграцыі людзі не жывуць, а ў большасьці выжываюць, трымаюцца ад сустрэчы да сустрэчы за Бога і ўспаміны, якія перабіраюць у памяці.

Некалі да апошняй вайны нашы дзяды езьдзілі ў Амэрыку па заробкі на хлеб. I вярталіся. Жыць чалавеку трэба дома, чалавек – ня дрэва, і без магілаў продкаў ён засыхае. Або прыжываецца на чужым дрэве, як прышчэп.

Вялікая беларуская паэтка Натальля Арсеньнева перад разьвітаньнем пісала мне ў лістах – пра Беларускі Крыж, усталяваны ў Канадзе, пра Чарнобыль, пра надвор’е, пра баравічкі, якія яна зьбірала ў парку, быццам яны прарасьлі празь зямную цьвердзь зь Беларусі, яна цытавала сама сябе. Яна бачыла і разумела чужое, але жыла толькі сваім. На чужыне няма шчасьця.

КРЫТЫКА

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: “ЗЬБЯНТЭЖАНЫ САЎКА” Ў ХХІ СТАГОДЗЬДЗІ”


Леапольд Родзевіч. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты; укладаньне, прадмова і камэнтары Віктара Яцухны. Мн., Мастацкая літаратура. Наклад 2000 асобнікаў, 344 стар.

Сям’я Леапольда Родзевіча была каталіцкая, мела шмат польскіх кнігаў, але разам з тым не цуралася беларускай мовы. Бо якіх іншых кніжак можна было знайсьці ў каталіцкіх сямейных гнёздах у Беларусі прыканцы ХІХ стагодзьдзя? І толькі ў «нашаніўскую» эпоху пачалі зьяўляцца беларускія кнігі, быццам залаціста-крамянымі баравікамі засяляцца адвечна беларускія дубровы.

У 1910 годзе пятнаццацігадовы Леапольд прыехаў ў Вільню, падзарабляў на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», потым чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банку. Тады ж у «Нашай ніве» былі публікаваныя першыя допісы й сцэнічныя абразкі Родзевіча .

Тое, што адразу трое Родзевічаў – старэйшы брат Часлаў, сястра Ядвіня і Леапольд – уліліся ў слынны вандроўны тэатар Ігната Буйніцкага, прадвызначыла драматургічны шлях апошняга. «Несумненна, што ўражаньні ад першых беларускіх вечарын­прадстаўленьняў, у якіх Л. Родзевіч браў актыўны ўдзел, разьвілі ў ім цікавасьць да тэатру, пэўным чынам падштурхнулі да напісаньня сцэнічных твораў. Першай ластаўкай стала п’еса «Блуднікі» (1912), якая засьведчыла, што ў літаратуру прыйшоў малады і таленавіты пісьменьнік­драматург», – піша ў прадмове Віктар Яцухна.

Яно так і ня так. Так – бо чытаючы цяпер твор, цяжка даць веры, што напісаны ён 17-гадовым юнаком. Гэткая трапнасьць, мастацкасьць, вобразнасьць, зь якой маладзён удала лепіць вобразы. Вось сцэнка ў карчме:

«Шлёма: Ну, а што ён рабіў у горадзе?
Андрэй: А Бог яго ведае. Ці ж ты зь ім разгаворысься. Яму гавары, а ён дагары. (У в а х о д з і ц ь Ю з ю к, а д з е т ы ў ч о р н ы м, у к а ц я л к у.) А вось і ты, Юзюк, дзе ж ты быў?
Юзюк: Чорта з жабай жаніў….»

Ня так – бо гэты твор амаль паўстагодзьдзя (!) праляжаў у архіве і ўпершыню быў надрукаваны толькі ў 1960 годзе. Хоць яшчэ ў студзені 1913-га сам Янка Купала падаў у аддзел драматычнай цэнзуры Галоўнага ўпраўленьня па справах друку ў Санкт¬-Пецярбургу рукапіс гэтага твора з просьбаю дазволіць яго пастаноўку. П’еса была падпісана не сапраўдным прозьвішчам аўтара, а псэўданімам Мікула Грымот. Празь некаторы час цэнзар даў сваё заключэньне:

“Гэта нескладаны зьмест драмы, які не ўяўляў бы сабою нічога нецэнзурнага, калі б не тэндэнцыя драмы, якая зводзіцца да таго, што ўсе ня¬шчасьці, гора, пакуты, няўдачы сялянаў зыходзяць ад дваранаў… З прычыны выкладзенага я прапанаваў бы не дазволіць п’есу да пастаноўкі, якая нацкоўвае адно саслоўе на другое, тым больш, што яна напісана беларускай гаворкай, разьлічаная на гледачоў-сялянаў”.

Цэнзарскае заключэньне можа служыць своеасаблівай рэцэнзіяй на п’есу «Блуднікі». Добра, што расейская забарона не перарэзала творчую пупавіну маладога беларускага драматурга. Цягам дзесяцігодзьдзя ім былі напісаныя, бадай, усе значныя творы: «У кавалёвай хаце», «На шляху да сонца», «Сказ аб гусьлях». Ну і вядома ж, «Зьбянтэжаны Саўка», які дасюль ставіцца на сцэнах нашых тэатраў.

Што да прозы (а ў кнізе гэта акурат дзясятак апавяданьняў на паўсотню старонак) і асабліва паэзіі – яны не вышэйшага гатунку і прайграюць у параўнаньні з драматургічнай спадчынай Л. Родзевіча. Вылучу толькі адзін твор, апублікаваны ў міжваеннай Польшчы ў абыходак цэнзуры пад акадэмічнай назвай: «Адам Хмель. Беларуская народная песьня. Адбітак з IV тому 1 часткі “Матэрыялаў і працаў мовазнаўчай камісіі Акадэміі навук у Кракаве”, 1928 год». На другой, ніжняй вокладцы, якая зьмяшчалася пад першай, стаяла: «Л. Родзевіч. На паняволеных гонях». Як гаспадарылі санацыйныя пілсудчыкі на забраных заходнебеларускіх гонях, і якія пачуцьці нараджалі ў працоўнага люду, выяўляюць радкі верша:

“Цяпер іх сіла – наша кроў,
Чырвоніць мур, цьвіце на гонях.
Яны нам сэрцы рвуць з грудзёў,
Прыкладам б’юць – друзгочуць скроні.

На трэсках вырубленых пушч
Сьляды расстрэленых паўстанцаў.
Пакору ад працоўных гушч
З жыцьцём вымушваюць пазнанцы.

Зацялі губы да крыві,
Нутро сасьмягла дамаганьнем:
«Бі акупанта, з корнем рві!»
Зьдзек страшны іх, ды горш – чаканьне.

Што ж, акупант, бушуй пакуль, –
А мець мы будзем перамогу,
На вас усіх нам хопіць куль.
На помсту нашу – вас нямнога”.

Куды большую неадназначнасьць выкліча сёньня пастава Родзевіча-публіцыста. Сярод публіцыстычных матэрыялаў у аднатомніку не сустрэнем мы артыкулаў з парадаксальнай Родзевічавай кнігі «Беларускі нацыянал­фашызм: яго вытокі, тэорыя і практыка», выдадзенай у Менску ў 1930 годзе (у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменьнікі” таксама не згадваецца). Адзінокую вытрымку зь яе ўкладальнік В. Яцухна падае ў сваёй прадмове (с. 10): «У цягнік, які імчыць па сацыялістычным шляху, нельга ўлезьці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баляст пад колы цягніка».

Гэтак рашуча публіцыст Лявон Жыцень (пад гэтым псэўданімам і хаваўся заходнебеларускі бальшавік, сакратар Гарадзенскага падпольнага камітэту КПЗБ Леапольд Родзевіч) заклікаў да чуйнасьці, патрабуючы заняць пазыцыю «наглядчыка і абаронцы пралетарскай ідэалёгіі» ў адносінах да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» – як твора «падкулачнага». Прадчуваю: калі б мы пазнаёміліся з усёй творчай спадчынай Л. Родзевіча, – самі апынуліся б у становішчы «зьбянтэжанага Саўкі». Спрабуючы зразумець: чаму творца, які адметна пачынаў пад крылом легендарнай «Нашай нівы», выракся сваіх каранёў?!

Нам жа, народу, які прыканцы ХХ стагодзьдзя чарговым разам выявіў нязломнае памкненьне да волі і сувэрэнітэту, належыць шанаваць кожнага, хто выявіў сябе барацьбітом у змаганьні за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Змаганец Л. Родзевіч варты сваіх продкаў-паўстанцаў з ХІХ стагодзьдзя, калі ў лісьце ад 9 чэрвеня 1923 году да паэта і сябра-паплечніка Ўладзімера Жылкі пісаў-спавядаўся са старадаўняй Вільні ў далёкую Прагу (с. 328-329):

«Выдалі, называецца! Столькі часу, грошай, стараньняў, лаянак са Знамяроўскім, і паперу даў такую, як у «Строме», калі ня лепшую, і раптам: трах — канфіскавалі! Пракляцьце! Што яны вырабляюць, дык гэта трудна сабе ўразумець. Каб чалавек чалавеку мог так шкодзіць злос¬на?! Хай жа на людзей сыдзе існасьць Сусьвету, уяўленьне брацкага, любоўнага сужыцьця!

Жадаю Лукішак як збаўленьня, так замучаны акру¬жаючай няпраўдай, духоўнай барацьбой, устрымліваньнем узрыву пачуцьцяў, азлабленьнем. Супакою! Хоць сьмерць, абы ўсьцішыцца, дух перавесьці, уздыхнуць... Ідуць подлыя гіенскія канфіскаты, безупынныя, беспардонныя... Пасылаю верш з канфіскаванага нумару, якога выйшла ўсяго тры экзэмпляры».


Да цытаванай мясьціны ўкладальнік В. Яцухна дае камэнтар (ці свой?): «Верш, які ўпамінае Л. Родзевіч, пад назвай «Наш сьветагляд» быў зьмешчаны ў газэце «Наша жыцьцё» ад 30 траўня 1923 году і прысьвячаўся падпольшчыцы В. Маслоўскай» (с. 329).

Але тады на чарзе пытаньне да ўкладальніка: «Чаму гэтага твора няма ў аднатомніку?!» Гэтым годам (1923-м) датуюцца ўсяго два вершы: «Здратавана рунь. Плач галодных дзетак…» ды «Схамяніцеся, годзе гібець нам рабам…». Наогул, эпісталярны разьдзел Родзевічавых «Твораў», дзе пададзены выключна лісты да Ўл. Жылкі, адкідвае айчынную тэксталёгію назад на гадоў трыццаць, паколькі недастаткова камэнтаваньня: «Усе зьмешчаныя ў гэтым выданьні лісты Л. Родзевіча да Ўл. Жылкі былі ўпершыню апублікаваны Ўладзімерам Калесьнікам у зб.: «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства». Вып. 2. Менск: выдавецтва БДУ імя У. I. Леніна, 1974, адкуль і перадрукоўваюцца». Паколькі незразумела: хто (укладальнік? выдавецкі рэдактар? ці сам Л. Родзевіч?) панастаўляў шматкроп’яў хоць бы ў прыведзеным мною ўрыўку зь ліста.

Але гэтыя прытыкі рэцэнзэнта хай не пазбаўляюць чытачоў і ўсё айчыннае літаратуразнаўства радасьці ад знаёмства з гэтым аднатомнікам, рукапіс якога праляжаў у «Мастацкай літаратуры» каля 10 гадоў.

P.S. Мяркую, у будучае выданьне нашыя наступнікі ўключаць таксама матэрыялы Л. Родзевіча зь віленскіх архіваў. У прыватнасьці, тыя, што захоўваюцца ў Акадэмічнай бібліятэцы, сярод якіх Арсенем Лісам зафіксаваныя наступныя творы (за 1917–1925 гады): «З падпольля Заходняй Беларусі» (карэспандэнцыя), матэрыялы да аповесьці “Беларушчына”, аповесьць «Ігнат і Арына», гумарэска «Брыльянтавае вясельле» (Арсень Ліс. Матэрыялы Віленскага беларускага фонда // Выяўленьне, сумеснае выкарыстаньне і вяртаньне архіўных, бібліятэчных і музэйных каштоўнасьцяў, якія захоўваюцца ў замежных краінах / Вяртаньне. Вып. 6. Мн., 1999).


XS
SM
MD
LG