Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Чыгіра не апраўдалі


Магілёўскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў пастанову Бабруйскага раённага суду ў дачыненьні да палітыка Алеся Чыгіра.


Палітык надалей лічыцца вінаватым ва ўчыненьні дробнага хуліганства, непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі й пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі. Сёньняшні вырак Алесь Чыгір можа абскардзіць у Вярхоўным судзе Беларусі.

Судзьдзя абласнога суду Мікалай Гладкі агучыў толькі вырак і не прывёў ніякіх аргумэнтаў у яго падтрымку. На судзе Алеся Чыгіра не было, ягоныя інтарэсы бараніла адвакатка Мар’яна Сямашка.

Для палітыка вырак Магілёўскага абласнога суду ня стаў нечаканасьцю:

“На мяне аказваецца такі пастаянны ціск. Гэта пагрозы маім блізкім, гэта пастаянныя выклікі, пачынаючы ад ваенкамату й сканчаючы камітэтам фінансавых расьсьледаваньняў. Гэта зьвязана з маёй грамадзкай і палітычнай пазыцыяй. Перамагаць у гэтай сытуацыі можна толькі ў тым выпадку, калі будзеш ісьці да апошняга. Гэта азначае, што я прайду ўсю гэтую выбарчую кампанію цалкам і буду бараніць сапраўдныя вынікі гэтых выбараў”.

Пра грамадзкую й палітычную пазыцыю Алеся Чыгіра на судзе казала й ягоная адвакатка. Яна, у прыватнасьці, зазначыла, што міліцыянты выкарысталі затрыманьне яе падабароннага, каб адпомсьціць за ягоныя апазыцыйныя погляды. А каб потым схаваць неправамернае выкарыстаньне сілы, супраць яго ініцыявалі судовы працэс.

Суд, казала адвакатка, не дасьледаваў як мае быць абставінаў, пры якіх нібыта Алесем Чыгіром было ўчыненае правапарушэньне. Яна прывяла прыклады шматлікіх парушэньняў адміністрацыйнага заканадаўства, афармленьня міліцыянтамі пратаколаў апытаньняў сьведкаў і пацярпелых, а таксама пратаколаў затрыманьня.

Так, да прыкладу, пратакол апытаньня таксіста Сяргея Касіловіча, які даў нагоду для судовага перасьледу палітыка, участковы міліцыянт Тоўсьцік афармляў за паўгадзіны да затрыманьня Алеся Чыгіра. Што да высьвятленьня фактаў пашкоджаньня транспартнага сродку, то й яны, паводле адвакаткі, не былі расьсьледаваныя, як таго вымагае заканадаўства.

Адвакатка прасіла адмяніць пастанову Бабруйскага раённага суду й направіць справу на дасьледаваньне.

Судзьдзя Мікалай Гладкі не ўлічыў заўвагаў прадстаўніцы абароны й пастанавіў пакінуць у сіле пастанову свайго бабруйскага калегі Аляксея Клімава. 28 ліпеня гэты судзьдзя пакараў палітыка Алеся Чыгіра дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту і аштрафаваў на 2 мільёны 270 тысяч рублёў.

Алесь Чыгір мае намер абскардзіць пастанову Магілёўскага абласнога суду ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Нагадаем, Алеся Чыгіра затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай.

Паводле палітыка, пасьля таго як з таксістам разьлічыліся, у яго папрасілі чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, цьвердзіць спадар Чыгір, яго моцна зьбілі. У міліцыі таксіст заявіў, што Чыгір некалькі разоў ударыў ягоную машыну нагой.

Алесь Чыгір да суду ўжо пабыў у зьняволеньні 12 гадзінаў. 30 траўня на першым судовым паседжаньні судзьдзя Натальля Чарапуха пастанавіла справу супраць палітыка адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты.

Алесь Чыгір трынаццаць гадоў настаўнічаў у бабруйскай сярэдняй школе № 8. У 2006 годзе яго звольнілі, не падоўжыўшы кантракту. На знак пратэсту ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму. За гэтую акцыю пратэсту яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ад 2003 да 2007 году Алесь Чыгір быў дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Ён жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG