Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі паляцеў да Пуціна па грошы і газ


Сёньня ў Маскве праходзяць перамовы паміж кіраўнікамі ўрадаў Расеі і Беларусі Ўладзімерам Пуціным і Сяргеем Сідорскім. Галоўнае пытаньне, якое абмяркоўваюць прэм’ер-міністры — кошты і ўмовы паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Беларусь. Вырашаецца таксама мэханізм крэдытаваньня эканомік дзьвюх дзяржаваў — найперш беларускай, якая не пасьпявае за ростам коштаў стратэгічнай сыравіны.


Паводле зьвестак прэсавай службы Савету міністраў Беларусі, на пачатку сустрэчы з расейскім калегам Сяргей Сідорскі паведаміў, што Беларусь накіруе гуманітарную дапамогу пацярпелым ад ваенных дзеяньняў у Паўднёвай Асэтыі. Апроч таго, беларускія санаторыі цягам жніўня-верасьня гатовыя прыняць на рэабілітацыю 2—3 тысячы асэтынскіх дзяцей. Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што маральная і тым больш матэрыяльная дапамога будзе вельмі дарэчы. Потым бакі перайшлі да эканамічнага блёку пытаньняў, які абмяркоўваўся за зачыненымі ад прэсы дзьвярыма.

Але яшчэ да ад’езду ў Маскву Сяргей Сідорскі паведаміў, што будзе разглядацца магчымасьць атрыманьня стабілізацыйнага крэдыту, па які Беларусь зьвярнулася да кіраўніцтва Расеі ў сьнежні 2007 году.

Намесьнік міністра фінансаў Расеі Дзьмітры Панкін 13 жніўня заявіў “РИА Новости”, што кіраўнікі ўрадаў могуць абмеркаваць выдзяленьне Беларусі дадаткова крэдыту.

Паводле ягоных словаў, выдзяленьне крэдыту ў 2 мільярды даляраў “знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня”. “Пакуль ідзе перамоўны працэс, рашэньне не прынятае”, - зазначыў ён.

Пры канцы 2007 году было падпісана пагадненьне пра стабілізацыйны крэдыт для Беларусі ў памеры 1,5 мільярдаў даляраў тэрмінам на 15 гадоў, нагадвае БелаПАН. Коштам крэдыту, у прыватнасьці, плянавалася аплачваць пастаўкі энэрганосьбітаў.

“Плянуецца абмеркаваць актуальныя пытаньня расейска-беларускіх стасункаў, а таксама пэрспэктыўныя задачы супрацоўніцтва у кантэксьце працы па фармаваньню адзінай эканамічнай прасторы”, - гаварылася напярэдадни сустрэчы ў паведамленьні прэсавай службы кіраўніка ўраду РФ.

“Можа быць пачатак перамоваў пра адзінства валюты”, — заявіў журналістамі 6 жніўня амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

За першае паўгодзьдзе 2008 году ў таваразвароце паміж Расеяй і Беларусьсю дысбалянс павялічыўся ў 2 разы, паведаміў дыплямат. Адмоўнае сальда Беларусі складае 6 мільярдаў даляраў. “Плацёжны балянс Беларусі пагаршаецца”, — зазначыў спадар Сурыкаў 6 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG