Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: Вылучэнцам АДС у камісіях “не хапае месца”


Звыш двухсот дваццаці сваіх прадстаўнікоў вылучылі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Гомельшчыны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Гэта складае пятую частку ад усіх камісіяў (1105), якія маюць працаваць у рэгіёне на парлямэнцкіх выбарах.


Першыя вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў моцна расчаравалі кааліцыйныя сілы. У шэрагу раёнаў улады не дапусьцілі прадстаўнікоў АДС у камісіі першаснага ўзроўню. Менавіта гэтыя камісіі арганізоўваюць выбары й падлічваюць галасы.

У прыватнасьці, Сьветлагорскі райвыканкам з 28 вылучэнцаў АДС не ўключыў ва ўчастковыя камісіі ніводнага дэмакратычнага прадстаўніка.

Не патрапілі ў камісіі першаснага ўзроўню і 22 прадстаўнікі АДС у Жлобіне. Намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксей Шолак патлумачыў мясцовым актывістам, што для іхніх вылучэнцаў ва ўчастковых камісіях “не хапіла месца”.

Без тлумачэньняў адхілены ўсе 16 вылучэнцаў АДС у Буда-Кашалёве.

І толькі Рэчыцкі райвыканкам з 24 накіраваных дэмакратычных актывістаў уключыў у камісіі трох чалавек, у тым ліку па адным прадстаўніку ад ПКБ, АГП і БСДГ, вылучаных шляхам збору подпісаў.

Сытуацыю камэнтуе першы сакратар Гомельскай абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка, чыя арганізацыя вылучала ва ўчастковыя камісіі 109 сваіх прадстаўнікоў:

“Нават па першых зьвестках бачна, што выканаўчая ўлада не зьмяніла свайго падыходу да фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Па-ранейшаму ў склад камісіяў уключаюцца толькі яе стаўленікі. Такая практыка сьведчыць пра тое, што вядзецца маштабная падрыхтоўка да фальшаваньня вынікаў выбараў.

Я ўпэўнены, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы годна адкажуць на такія дзеяньні ўладаў”.
XS
SM
MD
LG