Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — апошні дзень фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Менавіта яны будуць весьці 28 верасьня першасны падлік галасоў выбарцаў. І хаця канчатковыя вынікі ўтварэньня 6500 камісіяў стануць вядомыя празь дзень-два, агульная тэндэнцыя неўключэньня ў іх склад прадстаўнікоў апазыцыі ўжо бачная.


Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што фармаваньне камісіяў шмат дзе адклалі на апошні, сёньняшні дзень:

“Пакуль што навіны такія — там-сям уключаюць па адным чалавеку на ўсю выбарчую акругу. Дый то не паўсюдна. Агульных дадзеных не даюць. Кажуць, што ўсё будзе надрукавана. А надрукавана гэта можа быць аж празь сем дзён пасьля прыняцьця рашэньня”.

Спадар Карняенка параўноўвае працэс фармаваньня акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў:

“Сытуацыя ў фармаваньні ўчастковых камісіяў значна горшая, чым пры фармаваньні акруговых. Карціна такая вельмі дзіўная. Апазыцыя вылучае па адным чалавеку. А камісія можа складацца аж з 19 чалавек. І калі не ўключаюць прадстаўнікоў палітычных партыяў...

Я чуў, напрыклад, такі аргумэнт: камісія — гэта, маўляў, амаль працоўны калектыў. І калі там нехта будзе звонку, гэта будзе пэўны дыскамфорт. Утвараюць нейкі міжсабойчык”.

Карэспандэнты “Свабоды” з рэгіёнаў паведамляюць, што здараюцца толькі, так бы мовіць, кропкавыя ўключэньні прадстаўнікоў апазыцыі ў склад участковых камісіяў. Гэта значыць — па адным чалавеку, дый то вельмі ў нямногіх камісіях.

Сытуацыю сёньня тэрмінова абмеркавалі на паседжаньні прэзыдыюму Палітрады АДС. Гаворыць сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька:

“Вось гэта ўжо лякмусавая папера таго, што ў нас адбываецца: выбары ці выбарчая кампанія? Ці дэпутатаў абіраюць альбо прызначаюць? Ці наш парлямэнт стане аддзелам адміністрацыі Лукашэнкі? Сёньня напрыканцы гэтага сказу ўжо можна ставіць кропку.

Сёньня мы канчаткова вызначыліся з датай правядзеньня пашыранага паседжаньня Палітрады АДС. Яно адбудзецца 30 жніўня. Там усё будзе вызначацца”.
XS
SM
MD
LG