Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў выказаў незадаволенасьць “сьціплым маўчаньнем” беларускага кіраўніцтва адносна падзеяў у зоне грузіна-асэтынскага канфлікту. Асобна перапала старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму, які, словамі дыплямата, не да месца “ёрнічае” наконт здольнасьцяў расейскага вайсковага камандаваньня.


Аляксандар Зімоўскі ў інтэрвію БелаПАНу заявіў, што расейцы Беларусі, як саюзніку, “стварылі ўсе неабходныя ўмовы для сьціпласьці. У момант пачатку цяперашняй каўкаскай вайны фармальны кіраўнік саюзнай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і фармальны прэм'ер саюзнай дзяржавы Ўладзімір Пуцін знаходзіліся на адлегласьці візуальнага, а магчыма, і вэрбальнага кантакту — на трыбуне стадыёну “Птушынае гняздо” ў Пэкіне, дзе праходзіла цырымонія адкрыцьця Алімпіяды. Але Пуцін абмяркоўваў каўкаскі вузел не са сваім фармальным начальнікам і юрыдычным саюзьнікам, а зь іншымі асобамі”.

На думку Зімоўскага, Беларусь лічыць Расею сваім саюзьнікам гістарычна і пастаянна, а Расія лічыць Беларусь сваім саюзьнікам прынагодна, тады, калі гэта палітычна і эканамічна мэтазгодна:

“Расіяне на практыцы спачатку даюць зразумець: бяз вас абыдземся! І гэта зразумела. А пасьля крыўдзяцца: што ж ты мяне кінуў? І гэта сьмешна”.

Сытуацыю камэнтуе незалежны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

“Адразу хацеў бы адзначыць, што Зімоўскі выступаў не як кіраўнік Беларускага тэлебачаньня, а як член верхняй палаты беларускага парлямэнту, прычым па прэзыдэнцкай квоце. І калі расейскі амбасадар чымсьці незадаволены, то я параіў бы яму шырэйшае кола журналістаў запрашаць да сябе, а ня так, як ён робіць — кліча ў амбасаду пэўны “журналісцкі спэцназ”, для якога робіць, мякка кажучы, такія цікавыя заявы”.

Карэспандэнт: “А ў прынцыпе асьвятленьне ў СМІ адэкватнае падзеям у зоне канфлікту?”

“Апошняя стужка навінаў Беларускага тэлебачаньня сьведчыць пра стрыманую пазыцыю. Тое, што я гляджу, дык наколькі гэта магчыма, падаюцца карцінкі з абодвух бакоў — расейскага і грузінскага. Але ж казаць, што нейкая апалёгія існуе нашага ўсходняга стратэгічнага саюзьніка, то я казаць ня стаў бы. За выключэньнем выніковай нядзельнай перадачы “Панорама недели”. Там вядучы зь вялізным азартам, мабыць, яшчэ па інэрцыі, робіць высновы з антызаходніх пазыцый. Дык вось ён — як выключэньне з агульнага нэўтральнага, стрыманага настрою.

Што тычыцца байнэту, дзе пануюць недзяржаўныя СМІ, то яны, безумоўна, на баку тых, хто асуджае расейскую агрэсію. І менавіта дзякуючы гэтым рэсурсам тыя, хто цікавіцца вайной на Каўказе і ўвогуле падзеямі вакол усяго гэтага крызісу, могуць скласьці для сябе рэальную карціну. Але я падкрэсьліваю — калі ёсьць жаданьне. Няма жаданьня — тады застаецца бесьперапыннае рохканьне расейскіх каналаў”.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “7 дней” Віктар Чыкін тлумачыць, чаму афіцыйныя беларускія СМІ стрымана камэнтуюць падзеі ў зоне асэтына- грузінскага канфлікту.

“Я, напрыклад, артыкул на гэтую тэму напісаў, сёньня ў газэце выходзіць. Але, вы ведаеце, стаў пісаць — ну нічога толкам не зразумееш. Таму тут даводзіцца варажыць на гушчы ад кавы. Нават у інтэрнэце нічога толкам не зразумела, дзе звычайна робяцца выкладкі сытуацыі з усіх бакоў. То бок пакуль кваліфікаваны аналіз зрабіць вельмі цяжка. Застаецца спадзявацца, што бліжэйшым часам нешта праясьніцца. Можа, пра мір пісаць ужо будзе лягчэй, чым пра вайну”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG