Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне разыграныя чарговыя камплекты ўзнагарод. Гаспадары Алімпіяды па-ранейшаму найчасьцей узыходзяць на найвышэйшую ступень п’едэсталу гонару. Але па агульнай колькасьці мэдалёў іх абышлі алімпійцы ЗША.

Не хацелася б думаць, што яшчэ нейкі дзень Алімпіяды будзе для беларускіх атлетаў такім жа бязрадасным.

Да посьпеху можна залічыць зусім нямногае — перамогі тэнісістак. Перагуляўшы аўстралійку Кейсі Дэлакуа, Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу, дзе сустрэнецца з амэрыканкай Уільямз. Але не з Сырынай, якая выбіла з турніру беларуску Вольгу Гаварцову, а зь яе малодшай сястрой Вінэс. Але і тая стаіць ва ўсясьветным рэйтынгу на 8 прыступак вышэй за Азаранку.

Таксама сёньня Азаранка ў пары з Тацянай Пучак перагуляла эстонак Каю Канэпі і Марэт Ані: у 1/8 фіналу беларускі сустрэнуцца з амэрыканкамі Ліндсэй Дэвэнпорт і Лайзэл Губэр. Перамогу здабыў у аўторак і другі беларускі тэнісны дуэт: на двух тай-брэйках Вольга Гаварцова і Дар’я Кустава перагулялі кітаянак Пэн Шуай і Сун Цянцян і ў наступным раўндзе згуляюць з украінкамі Аленай і Кацярынай Бандарэнкамі.

Па-ранейшаму ня радуюць беларускія баксэры. Сьледам за Рамазанам Магамэдавым і Магамэдам Нурудзінавым сёньня выбыў з барацьбы Хаважы Хацыгаў (катэгорыя да 54 кг). Апошнім зь беларусаў-баксэраў на Алімпіядзе будзе стартаваць Віктар Зуеў (да 91 кг). Праўда, яму не пашанцавала зь лёсаваньнем — заўтра Зуеў будзе змагацца з чэмпіёнам сьвету Клемэнтэ Русо з Італіі.

Саступілі сёньня сваім супернікам беларускія дужаньнікі: грэка-рымскага стылю — Юры Дубінін (да 60 кг) і дзюдаіст — Сяргей Шундзікаў (да 81 кг).

Дзейны чэмпіён Эўропы ў фэхтаваньні Аляксандар Буйкевіч у 1/16 фіналу перамог Аляксея Якіменку з Расеі, у 1/8 — Нікаляса Лімбаха зь Нямеччыны, але ў чвэрцьфінале саступіў Міхаю Каваліу з Румыніі. Валеры Прыёмка і Зьміцер Лапкес скончылі свой выступ у 1/16 фіналу.
У стральбе з лука Кацярына Мулюк пераадолела стадыю 1/32 фіналу, дзе перамагла Натальлю Санчэс з Калюмбіі. Але ўжо ў 1/16 Мулюк выбыла з барацьбы: аказалася слабейшай за кітаянку Чэнь Лін.

Спартовы аглядальнік газэты “Народная воля” Алесь Сівы лічыць, што, нягледзячы на няўдачы, нечага надзвычай страшнага не адбылося:

“Бо асноўная стаўка ў нас рабілася на лёгкую і цяжкую атлетыку, акадэмічнае веславаньне. Таму нашыя мэдалі, я лічу, яшчэ наперадзе. Іншая рэч, што некаторыя нашыя атлеты выступаюць слаба — тыя ж баксэры, дужаньнікі, дзюдаісты, якія ўжо павыбывалі са спаборніцтваў. З гэтага міністар спорту Аляксандар Грыгараў, які зьяўляецца яшчэ і кіраўніком фэдэрацыі боксу, будзе рабіць пэўныя высновы. Прынамсі, пра тое, што нельга далей арыентавацца на баксэраў, якіх мы прывозім у Беларусь з Расеі. І гэта будзе адным з урокаў Алімпіяды.

Ну і, вяртаючыся да мэдалёў, думаю, што яшчэ штук 12 іх у нас будзе”.

Найбольшую колькасьць чэмпіёнскіх тытулаў пакуль што заваявалі гаспадары — 13. На другім месцы — атлеты з ЗША (7), на трэцім — Карэя (5). Алімпійцы ЗША лідзіруюць па агульнай колькасьці мэдалёў – 21, далей ідуць гаспадары — 20, а Карэя мае 12.
XS
SM
MD
LG