Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоў: справу супраць журналіста спынілі


Васіль Бубноў і Аляксандар Шчарбак

Васіль Бубноў і Аляксандар Шчарбак

Шклоўскі раённы суд спыніў крымінальную справу супраць выдаўца незалежнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака.

Пазоўнік, дырэктар шклоўскай экспартна-сартавальнай ільнобазы Васіль Бубноў, пагадзіўся на замірэньне, прапанаванае журналістам. Згодна зь міравым пагадненьнем, Аляксандар Шчарбак мае да 18 жніўня выплаціць Васілю Бубнову 500 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Васіль Бубноў вінаваціў Аляксандра Шчарбака ў зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Праз суд Бубноў намагаўся спагнаць са Шчарбака два мільёны рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Абвінавачаньне, якое інкрымінавалася Шчарбаку, пагражала яму зьняволеньнем на тэрмін да трох гадоў.

Нагодай для суду стаўся матэрыял пра мэтады працы Васіля Бубнова. У судзе апошні заявіў, што ў публікацыі “Што вырашаюць кадры” Шчарбак яго назваў “авантурыстам і падлюгам”. Газэту з абразьлівым матэрыялам, паводле пазоўніка, прынесьлі яму падначаленыя.

У судзе Аляксандар Шчарбак прызнаў сябе вінаватым, часткова пагадзіўся з прэтэнзіямі Васіля Бубнова ды прапанаваў заключыць міравое пагадненьне. Васіль Бубноў прапанову падтрымаў і пагадзіўся зьменшыць памер кампэнсацыі маральнай шкоды на чвэрць. Да 18 жніўня Аляксандар Шчарбак мусіць выплаціць Васілю Бубнову 500 тысяч рублёў.

Судзьдзя Віталь Волкаў абвясьціў, што спыняе крымінальную справу, бо бакі замірыліся. Вось што сказаў “Свабодзе” адразу пасьля суду Аляксандар Шчарбак:

“Я проста няправільна напісаў, словамі, якімі нельга пісаць. Я ў матэрыяле крытыкаваў мэтады й саму працу Бубнова”.
XS
SM
MD
LG