Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік назіральнікаў АБСЭ: “Мы толькі пачынаем працу”


Герт Арэнс, кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якая будзе назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, правёў сваю першую прэсавую канфэрэнцыю.

Нямецкі дыплямат згадаў, што ён ужо мае досьвед працы ў Беларусі. Менавіта спадар Арэнс ачольваў місію назіральнікаў БДІПЧ, якія працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе.

Амбасадар Арэнс паведаміў, што аснову місіі складаюць 15 міжнародных экспэртаў, 13 зь якіх ужо прыбылі ў Менск. Роўна праз тыдзень зьявіцца яшчэ 41 чалавек, яны разьедуцца па рэгіёнах. Зроблена заяўка і на 300 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да галасаваньня.

А сам амбасадар Арэнс пачаў працаваць з учорашняга дня. За гэты час ён сустрэўся зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, паразмаўляў па тэлефоне зь першым намесьнікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.

Ніякіх ацэнак сытуацыі ў Беларусі кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЭ не даваў:
Выбары 2008 году ў Беларусі мы будзем ацэньваць незалежна ад таго, як праходзяць выбарчыя працэсы ў іншых краінах.


“Я хацеў бы адразу адзначыць, што выбары 2008 году ў Беларусі мы будзем ацэньваць незалежна ад таго, як праходзяць выбарчыя працэсы ў іншых краінах. Мы знаходзімся на самым пачатку выбарчай гонкі, і таму не чакайце, што я гатовы камэнтаваць нейкія вынікі працы ўжо зараз”.

Спадару Арэнсу нагадалі, што адначасова з назіральнікамі АБСЭ ў Беларусі будуць працаваць і назіральнікі ад СНД. Звычайна на постсавецкай прасторы іх ацэнкі выбарчага працэсу прынцыпова адрозьніваюцца.

Амбасадар Арэнс сказаў, што колькасьць назіральнікаў ад абедзьвюх міжнародных структураў будзе прыкладна аднолькавай:

“Я хацеў бы адразу сказаць, што ў нас сяброўскія адносіны паміж нашымі місіямі. Я сустракаўся са спадаром Рушайлам і сёлета ў Армэніі са спадаром Лебедзевым. А што тычыцца вынікаў, дык кожная місія адказная за тое, што яна кажа”.

Для палітоляга Аляксандра Лагвінца прыезд назіральнікаў з БДІПЧ асабліва актуальны, бо ён і сам спрабуе балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Вельмі важна, каб выбарчыя працэсы ў Беларусі адсочваліся, падкрэсьлівае спадар Лагвінец:

“Паколькі менавіта падчас выбараў беларуская ўлада найбольш паказвае сваю сутнасьць, бо гэта для яе вельмі балючае пытаньне. Сёньня, калі адсочваць кампанію, ужо можна сказаць, што ўсе залёты наконт дэмакратызацыі альбо лібэралізацыі выявіліся вельмі павярхоўнымі і фасаднымі. Я ўпэўнены, што працэс стварэньня ўчастковых камісіяў гэта толькі пацьвердзіць. Бо нават адзінкавыя ўключэньні прадстаўнікоў апазыцыі ня зьменяць агульнай карціны.

Вельмі важна, каб людзі ў Беларусі разумелі, што назіраць за выбарамі (нават калі яны байкатуюць іх) — гэта вельмі важна, бо ўлада павінна быць пад сталым кантролем грамадзянаў. Тое ж самае тычыцца і міжнароднай супольнасьці. Асабліва ў той момант, калі беларуская ўлада хоча атрымаць нейкую легітымізацыю свайго фасаднага парлямэнцкага органу”.

Тым часам выбарчая кампанія працягваецца. 13 жніўня павінна завяршыцца фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Па-ранейшаму патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зьбіраюць подпісы выбарцаў у сваю падтрымку. А з 19 жніўня акруговыя выбарчыя камісіі пачнуць рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты, рэгістрацыя закончыцца 28 жніўня. Кандыдатам у дэпутаты застанецца месяц на агітацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG